Сарваўся, пабег. На палове шляху спыніў таксоўку і скокнуў унутр, хаця будынкі мячэці ды галоўнай хрысціянскай святыні (як і нас з Настай усяго чатыры гадзіны таму!) падзяляла не такая вялікая дыстанцыя, дзесяць хвілін хуткага бегу, але, калі наканавана, — не сустрэнецеся, нават дамовіўшыся з дапамогай GPS-каардынат! Хутка знайшоў галоўны ўваход, прынамсі, тое, што можна было ўспрымаць як галоўны ўваход па надзвычайнай колькасці вулічных гандляроў, якія расставілі тут намёты. Насты не было. Ні яе самой, ні якога-небудзь следу яе прысутнасці (я быў упэўнены, што яна пакінула б след, я б адчуў, я б пабачыў!)
— Прабачце, а ці стаяла тут, ля ўваходу, такая дзяўчына? — звярнуўся я да гандляра і паспрабаваў яму як-небудзь паказаць Насту. Выйшла толькі некалькі разоў апантана ўзмахнуць рукамі. Ён адразу ж прапанаваў мне набыць маленькі керамічны сімвал майго клінічнага ідыятызму ўсяго за дваццаць баксаў. Я адмовіўся. «Тады хаця б за пяць», — прапанаваў ён. Я даў яму грошы, спадзеючыся, што ў яго будзе парада, як мне яе знайсці. Але атрымаўшы грошы, гандляр только шыроха ўсміхнуўся ды па-філасофску адзначыў: «Сябра, тут столькі дзяўчын ля ўваходу пасвіцца, што калі ты згубіў патрэбную, пачакай дзесяць хвілін, з’явіцца іншая!». Мой тэлефон званіў: таксоўка чакала мяне ля гатэля.
І тады адбыўся цуд. Ліпеньскі дождж, які ліў усе гэтыя дні і з-за якога я прапанаваў перайменаваць тутэйшы «снежань» у нешта больш рэлевантнае, раптам скончыўся. Стала вельмі ціха, нават чайкі прымоўклі, здзіўленыя. Кожны, хто быў у гэтым горадзе, узняў вочы дагары, да нябёсаў, дзівячыся кароткаму перадыху. І тут з вышыні павольна і ўрачыста, падкрэсліваючы выключнасць моманту, пасыпаўся бялюткі, як сукенка нявесты, снег…
Частка другая
THE ROUTE OF ROOTS
Заўвага рэдактара (Я. П.):
Джон, калі ты жадаеш пісаць па-беларуску, так ты і пішы па-беларуску. Я яшчэ магу вытрымаць мноства англамоўных словаў, якімі залатаны тэкст, але ж калі ангельская мова вынесена ў назву часткі, дык гэта ўжо нейкі Дыкенс атрымліваецца. Да таго ж, гэтая гульня «ou» «oo» у двух назоўніках, якая, магчыма, падаецца табе ўдалай знаходкай, выглядае практыкаваннем пачынаючага складальніка паэтызаваных радкоў, які паставіў побач два падобныя па гучанні словы і лічыць, што гэта і ёсць паэтыка тэксту, Шэкспір, бялявы Манблан натхнення. Карацей, Джон, я выпраўляю назву часткі на моўную знаходку, якую прыдумаў у якасці мілагучнага і куды больш паэтычнага заменніка тваіх roots, і пакідаю цябе ў маўклівым захапленні маім талентам.
Частка другая
ХАДОЮ КАРАНЁЎ
У той год, калі мы сустрэліся, адусюль у Стамбуле, літаральна з кожнага пірацкага кіёску «CD-DVD-MP3» даносіўся нервовы голас Брэндана Флаўэрса, які то ўзыходзіў у фальцэт, то абрынаўся ў прыемны бас. Брэндан, расцягваючы галосныя, выводзіў свой гімн Crossfires , і іншай падказкі пра тое, калі дакладна гэта адбылося, — не будзе. Зрэшты, калі мы бачым у кіно інтэр’ер у стылістыцы канца 70-х (шмат каляровага пластыка, які з-за Кубрыка і Карбюзье стаў прыкметай well-fashioned interior і хуценька пайшоў з моды праз нейкія пяць год); калі на сценцы пакоя вісіць каляндар на 1980-ты год, а пры ўсім гэтым аднекуль з вуліцы чутно «Ламбаду», нам адразу ж становіцца зразумела, што перад намі сцэна для дзеянняў, якія разгарнуцца ў 1989-ым. Бо да 1989-га не было ліпкай, як танная пахлава, набытая на рагу ў Лалэлі, «Ламбады», а пасля 1989-га «Ламбады» зноў не было, бо надта ж прыелася з-за бясконцай ратацыі. Такім чынам, адзіная падказка пра год: Crossfires .
Я ляцеў дадому, асветлены паловай сонца, якое ніяк не магло закаціцца, сысці, супакоіцца само ды пакінуць у спакоі мяне. Гадзіна, другая, шостая, а захад, да якога я рухаўся, усё яшчэ ўтрымліваў прыкметы блізкай прысутнасці сонца, бо хуткасць, з якой мы рвалі нябёсы, не давала часу бегчы наперад. Мне не спалося з-за гэтага захраслага на палове шляху свяціла, мяне падкалочвала ад каламутнага летуцення, падобнага да таго, што я адчуваў у папярэднюю ноч, але з тым істотным адрозненнем, якое набывае вобраз, напрыклад, лялечнага трусіка, калі ён перамяшчаецца са сну пра дзяцінства ў начны навязлівы кашмар, у якім трусікі абступаюць цябе, і робіцца млосна ад іх неверагоднай колькасці, ад іх маўклівасці, ад іх змрочнага сімвалізму.
Думалася найперш пра яе ўслі ( ousli ), пра іх гарачыню, якую я так і не зведаў, але быў да таго гатовы лінгвістычна (я так лічыў), пра тое, як успыхнулі б яе ягадкі пры пацалунку (тады я яшчэ не ведаў, што ў гэтай мове ёсць такія прыгожыя пяшчотныя словы, як «ягадка» — словы, якія азначаюць не проста cheek , але hill of the cheek ). Я спадзяваўся, што калі апынуся дома, сярод маёй шведскай мэблі, храмаванай кухоннай тэхнікі і канцэптуальных фотаздымкаў, калі зраблю сабе мілк-шэйк, вяроза пройдзе, і ўсё стане па-ранейшаму. Па нейкім дзіўным супадзенні, а, можа, і не супадзенні, бо падобнае здаралася не толькі са мной, — сутыкненне з гэтай краінай, што знаходзіцца там, дзе некалі была мая радзіма, не пакінула мне майго камфортнага мінулага і магчымасцяў выкарыстання яго прафесійных дасягненняў для далейшага заможнага быцця. Я застаўся без працы і без рэпутацыі. Пра тое, каб працягваць адносіны з аўкцыённымі дамамі нельга было нават марыць, акуратны ліст з прапановамі, накіраваны кіраўніцтву аднаго з іх, выліўся ў з’едлівую навіну, змешчаную наступным вечарам на іх сайце. У навіне без узгадвання прозвішча паведамлялася, што «містэр „МакДональдз“ „жадае займацца жывапісам“», пры гэтым, мяркуючы па каментах, усе ўжо выдатна распазнаюць менавіта мяне пад гэтай мянушкай. З другога боку, свет, адкрыты мне Настай, клікаў да нязведанага. Падобна да таго, як калі б я знайшоў у сябе ў шафе вялізны казачны свет. І, зазірнуўшы туды аднойчы, апынуўся адразу ў віры падзеяў, зразумеўшы, што я ў гэтым свеце — не апошняя асоба і гэты свет сканае без мяне. Зрэшты, кім я быў у ЗША? Звычайным лузерам без гісторыі, якому ў лепшым выпадку можна было спадзявацца калі-небудзь адкрыць уласную антыкварную краму. Там, у гэтай загадкавай Беларусі ці побач з ёй (у любой суаднесенасці!) я ператвараўся ў загадкавага прынца ў выгнанні. Прынца са страчаным каралеўствам ды зруйнаваным палацам, краіна якога забылася ў маркотным людажэрным сне, але ж як прыемна было цешыць сябе датычнасцю да яе гісторыі, да яе культуры! Як прыемна было адчуваць — не, не карані! Не карані! Аднак геральдыку, якая падмацоўвае твае гены! Як прыемна было, стоячы ў чарзе за кубачкам эспрэса ў «Старбаксе» — у шэрагу такіх жа аднолькавых (не па выглядзе, а па класавай прыналежнасці, бо ў ЗША рознасць у класах засталася хіба што ў самалётах — пры тым, што і «бізнес», і «эканом» ляцяць у адной махіне «Боінгу»), адчуваць уласную высакароднасць, выключнасць! Як прыемна было, трымаючы ў руках русальчаты папяровы кубачак з кавай, уяўляць посуд, з якога пілі мае продкі, ды інтэр’еры, у якіх яны бавілі час!
Читать дальше