— Гэтая цацка — мой талісман. Ён са мной з самага дзяцінства. Заўсёды прыносіў шанцаванне ды пачуццё бяспекі.
— Дык трымай яго! Табе бяспека больш патрэбная, чым мне!
— Ад такіх падарункаў не адмаўляюцца, Джон Вілаў. Трымай, бо гэтая рэч належыць табе. Гэтая цацка з маёнтку. Адзінае, што засталося ад твайго магчымага дзяцінства, якое ты страціў з-за руплівасці твайго дзеда, які вывез тваю будучыню і твой лёс у Амерыку. Лялька старая, дарэвалюцыйная, на палотнах твайго «рускага мастака» Жукоўскага такія можна пабачыць. Трымай. Хай табе шанцуе. Заўтра ў дванаццаць.
Мы паглядзелі адно на аднога. Лямантавалі чайкі над нашымі галовамі. Ах, як жа яны лямантавалі! Ці не гэта было папярэджаннем? Чаму я не пачуў папярэджанне? Потым яна ступіла ў цемру, а я выклікаў таксоўку і паехаў да сябе ў загрувашчаны фальшывым антыкварыятам гатэль.
Я засынаў, ахоплены ўзрушанасцю ад нашага знаёмства, засынаў, працягваючы мармытаць тыя нязвыклыя словы на мове, якія Наста мне спрабавала ўкласці ў галаву: у сне яны хутка ўсплылі ў падсвядомасці ва ўсёй сваёй квяцістасці, ах, як добра я размаўляў па-беларуску з дапамогай тых пяці назоўнікаў, якія паспеў пачуць! Якія складаныя сказы з іх утвараў! Прачнуўся я з «вуснамі» на ўласных вуснах. Мне падалося, што ў летуценні я ўспомніў беларускі назоўнік для lips , і хуценька, тым жа алоўкам, запісаў на адвароце яшчэ адной візітоўкі, каб не забыцца: гэтае слова мне сёння магло спатрэбіцца. Я захаваў гэтую сваю колішнюю гукапераймальную здагадку, яна ляжыць побач з маім лэптопам зараз, і я ўсміхаюся, гледзячы на помслівую пагарду мовы: «ousli» накрэмзана на візітоўцы хуткім усхваляваным почыркам.
Я апранаўся, упэўнены ў сабе і сваіх моўных здольнасцях. Але начная зачараванасць пачынала развейвацца. І вось я ўжо не мог узгадаць, як гучаць «шыя», «вейкі», а дакладней як гучаць тыя субстраты, якімі іх падмяніла ў сне хітрая падсвядомасць. У роспачы ад уласнай няпамятлівасці я распахнуў цяжкія аксамітавыя запавесы (прыкмету «нятаннага» гатэля ў Стамбуле!), і на пакой абрынулася халоднае бязлітаснае святло, якое, здаецца, выпаліла мяне да самага донца. Упершыню і адразу вельмі моцна прыйшло прадчуванне таго, што яшчэ не здарылася. Там зноўку ліў дождж, намагаючыся патапіць мора ці хаця б змыць з палотнішча прасторы лінію далягляду, але бялявы характар святла, лёгкая дымка, якой былі кранутыя дахі навакольных дамоў, трывожныя траекторыі, якія пракрэслівалі ў паветры чайкі, як быццам сцвярджалі: усё, дружа! Старонка перагорнутая! Сёння будзе зусім іншы дзень, у якім няма месца вашым моўным практыкаванням!
Я вылецеў з гатэлю і пабег да мячэці. Я быў там на паўгадзіны раней прызначанага часу і прастаяў на гадзіну, на паўтары гадзіны, на дзве гадзіны пазней, і потым мокры, як трус у лесе падчас залевы ці той лялечны трусік у маёй кішэні (небарака пацярпеў не менш за мяне), сеў у кавярні, з якой была бачная пляцоўка ля ўваходу, сеў і чакаў яшчэ гадзіну — на той выпадак, калі яна праспала. «Ну як жа! Як жа ты можаш не прыйсці? — дакараў я яе. — Нават калі я недастаткова беларус, я ж жывая істота, май жа літасць! Я ж вывучуся, толькі дай мне шанец!». Але яе не было. Мае ціхія праклёны і малітвы не дапамаглі. Прайшло чатыры гадзіны. Усё было зразумела. Не, нічога не было зразумела, сэрца працягвала заходзіцца, калі здалёк набліжалася жаночая постаць, якая рухалася хуткімі, энергічнымі крокамі — так, як рухалася яна. Да мяне падышоў бармэн, паклаў руку на плячо, падаў чарговы (дванаццаты? Трынаццаты?) кілішак гарбаты і сказаў спачувальна: «Яна не прыйдзе. Не прыйдзе». У гэтым горадзе ўсе ўсё разумелі. Трэба было паклікаць таксоўку ў аэрапорт. Я выцягнуў стос візітовак, ператасаваў іх, як калоду карт, выбраў патрэбную і хутка, каб не змяніць рашэння, каб не застацца тут, каб не шукаць яе на рэгістрацыі флайтаў у Вільню (яшчэ чаго не хапала! Што яна мне скажа? Адчапіся ад мяне, вар’ят?) набраў нумар.
— Таксі «Святая Сафія», — павітаў мяне ветлівы жаночы голас.
І вось, пакуль замаўляў машыну, пакуль тлумачыў, да якога тэрмінала ехаць і ці шмат у мяне багажу, позірк сутыкнуўся з лагатыпам кампаніі «Святая Сафія», з лагатыпам, які быў ляпнуты акурат на тое самае месца, дзе я маляваў сілуэт блакітнай мячэці для Насты на візітоўцы, якую пакінуў ёй. Лагатып таксі «Святая Сафія» літаральна супадаў з абрысам blue mosque , ну канечне! Бо «Святая Сафія», «Hagia Sofia», была перабудаваная ў мячэць, а яе купал занадта ж нагадвае купал мячэці, бо архітэктурнага канону для вялікага хрысціянскага храму ў тыя гады, калі яе ўзводзілі, яшчэ не было. Ну канечне! Нават гэтая хвалёная blue mosque была пабудаваная адно для таго, каб пераўзысці веліч хрысціянскай святыні, якая была тут, зусім побач і з якой асацыяваўся гэты горад ужо колькі стагоддзяў! Я паклікаў Насту прыйсці да блакітнай мячэці, пазначыўшы ў якасці накіравальнага малюнка ( dome and number of minarets ) фактычнае запрашэнне да Святой Сафіі! І, вядома ж, яна пайшла да Сафіі — будынку з купалам, аточаннага слупамі. Будынку, які пазначаны на кожнай паштоўцы з выявай Стамбулу!
Читать дальше