— Слухай, калі ты нікуды не ляціш з раніцы, дык чаму б нам не сустрэцца яшчэ раз? Напрыклад, апоўдні?
— Навошта? — запыталася яна.
Здаецца, Наста вырашыла, што я адыграў сваю ролю ў ейным жыцці і магу сысці ў непатрэбны цень успамінаў.
— Мы б маглі схадзіць на Шагала.
— Мы яго бачылі.
— Здалёк! Няўжо цябе не цікавіць, якое ўвасабленне на гэтым палатне набыў ягоны ўлюбёны Вібескц?
— Віцебск, дурачына!
Як я нахвальваў шагалаўскі жывапіс! Як апісваў каларыстыку і вобразнасць! Як пераконваў, што без мастацтвазнаўцы Шагала не зразумець, таму ёй трэба скарыстацца неверагоднай магчымасцю не проста паглядзець на палатно, але атрымаць грунтоўны аналіз, як на Discovery (гэтае параўнанне зноў яе павесяліла). Магчымасцю палюбіць жывапіс на ўсё астатняе жыццё. Карацей, яна здалася. Я прапанаваў забраць яе заўтра з гатэлю на таксоўцы, але ж яна катэгарычна адмовілася называць, дзе жыве. «Для тваёй жа бяспекі», — растлумачыла яна. Тады я прапанаваў сустрэцца ў цэнтры, мяркуючы, што яна жыве недзе побач, у гістарычнай частцы.
— Давай абярэм месцам сустрэчы блакітную мячэць, — прапанаваў я.
Кіраваўся я пры гэтым звычайнай турысцкай логікай, называючы самы буйны будынак у цэнтры. Да таго ж, я жыў у файным гатэльчыку зусім побач, у Султан-Ахмед і выгадваў колькі хвілін сну, якога заставалася не так і шмат.
— Блакітную што?
Тут высветлілася адна непажаданка: яна не ведае, што такое mosque (мячэць). Яе ангельская была даволі неблагой, яна часам валодала даволі спецыфічнай лексікай, здолела прыгадаць, напрыклад, што willow гэта вярба. Аднак, як у любога, хто не жыў доўга ў моўным асяродку, час ад час здараліся экзерсісы невыказнасці. Напрыклад, яна доўгі час не магла згадаць ангельскі аналаг «відэльца», калі мы праходзілі побач з той жанчынай, якая цыравала надзіманую лодку. Я не ведаю, як, у якім кантэксце вылез той відэлец побач з гумавым чаўном, аднак fork яна так і не прыгадала без дапамогі, тыкнуўшы мне ледзь не ў вока трохзубым рыбным відэльцам у «Бабушцы» ды запытаўшыся — «як завуць»?
— Blue Mosque, — цвердзіў я, але яна толькі рагатала.
Я так разумеў, што слова «моск» мае нейкія цікавыя канатацыі ў яе моўным асяродку. Яна нават узгадала «моск», прычым яе ўласны «моск» як аб’ект, які я намагаюся сімвалічна згвалціць.
— Mosque is a worshiping place for a muslims! — тлумачыў я, але слова muslim яна таксама не ведала.
Тады я зрабіў апошнюю спробу, апеляваўшы да мінарэтаў як прыкметы the mosque . Я сапраўды дурань, бо мне прыйшло ў галаву, што калі я выкарыстаю складанае слова minaret , дык яна яго дакладна не зразумее. Таму я выкарыстаў слова pillar — я працягваў казаць, што Blue Mosque гэта месца, дзе шэсць pillars . Звычайна ў mosques чатыры pillars , а тут — шэсць.
Яна зноў не разумела. Яна не ведала слова pillar , і не было ніякага рэлігійна карэктнага спосабу, каб гэтае слова паказаць (мая спроба зрабіць гэта з дапамогай пальца атрымалася непрыстойнай).
Заўвага рэдактара (Я. П.): «А як жа яна называла слуп ля твайго маёнтка, Джон»?
Адказ: «Янка, яна выкарыстоўвала слова column!»
У роспачы я палез у кішэню і намацаў там кіпу візітовак з гатэлю, якія з нахабнай колькасцю памылак прапаноўвалі спа-працэдуры, лазню ды іншыя паслугі, якія могуць спатрэбіцца адзінокаму іншаземцу ў чужой краіне. У другой кішэні знайшоўся аловак. Я хутка намаляваў сілуэт Blue Mosque , пазнавальны купал, слупы мінарэтаў. Прынамсі, маляваў я няблага. Працягнуў ёй (у яе застаўся мой малюнак).
— А! Дык гэта блю моск? — cа здзіўленнем здагадалася яна. — Я не ведала англамоўнай назвы! У нас яна зусім па-іншаму завецца!
— Ля галоўнага ўваходу, добра?
— Добра, — пагадзілася яна.
Яна ўжо збіралася сыходзіць, але замерла і павярнулася да мяне. Што, якая думка прыйшла ёй у галаву ды змусіла гэта зрабіць? Не даведаюся, мабыць, ніколі.
— Вось што, Джон Вілаў. Ты ўсё роўна марадзёр, дык у мяне ёсць для цябе марадзёрскі падарунак. Раптам мы заўтра палаемся з-за тваёй ваяўнічай непісьменнасці ды няўвагі да роднай мовы, дык я і раздумаю… Магу. Дык бяры хутчэй, пакуль даю!
Яна працягнула мне тую палатняную ёлачную цацку, якую я ўжо бачыў у тэчцы. Трусік са збянтэжанай мыскай, якога нібы мамкі пазбавілі. Лялька была цёплай, здаецца, увесь час Наста не выпускала яе з рук. Мільганула думка пра пацалунак, але ж зразумеў: пакуль не назаву яе lips вуснамі (я не памятаў vousni ), яна не дазволіць да сябе дакрануцца, дык я і спрабаваць не буду, бо не маю права.
Читать дальше