А вось каб падрыхтаваць зелле, уменняў Вырвіча і пані Саламеі не хапіла, звярнуліся да пляменніка дзядзькі Лейбы Давыда. Па хлапцы было відно, з кім у сваяцтве: можа не заўважыць, што аднакурснікі яму на капялюш які-небудзь саламяны жмут прычапілі, затое падручнікі ды даведнікі на памяць цытуе. Дзядзька Лейба такім і быў — мудры дзівак з Полацка. Тынктуру з пахам язміну — хоць язміну там зусім і не было — Давыд спрабаваў зрабіць цэлы тыдзень. Пранціш увесь змэнчыўся, як ваявода абложнага горада, які ўсё чакае саюзнае войска.
I вось у той дзень, калі на пляцы Бялькур ткач разбіў нос надта паскуднаму судзейскаму, ва ўніверсітэце Манпелье пракудлівы студэнт выйграў у карты права адзінаасобна заляцацца да міленькай дачкі прафесара рыторыкі, а ў далёкай Рэчы Паспалітай баявыя канфедэраты Шымона Касакоўскага пад Бераставіцай перамаглі войска расейцаў, былы каралеўскі драгун Пранціш Вырвіч смела асушыў шклянку з каламутным напоем.
I вось перад вачыма знаёмыя дзверы ў сутарэнні дома дэ Варда. Марудна расчыняюцца… Рыпяць… Пранціш падымае ліхтар і крочыць наперад, у цемру, у якой адчуваецца нешта жывое, злавеснае, мсцяцца хрыплыя подыхі…
I сапраўды — жывое… Клеткі, як у звярынцы, а ў іх — людзі. I лепей бы яны былі мёртвымі. Голыя, звязаныя, прыкручаныя ланцугамі так, што не могуць варушыцца, з вачыма, што глядзяць у розныя бакі. А самае застрашлівае — з уздзетымі на паголеныя чарапы шлемамі з жалезных абручоў, з адтулінаў якіх тырчаць засаджаныя ў галовы бліскучыя іголкі… А вось знаёмая фізіяномія — гэта жанглёр з рынку, за хуткімі рухамі якога часцяком назіраў Пранціш, калі ішоў у госці да Лёдніка. Небарака яшчэ пры памяці, касавурыцца вокам, набрынялым крывёй, нешта сіпіць — а рукі па локці адцятыя, кульці заматаныя бінтамі — спрытныя, мабыць, занадта былі ў жанглёра рукі, небяспечныя для катаў…
Пранціш сам бы прыплаціў, каб яму не вярталі памяць наконт пабачанага ў сутарэннях… Але доўга разглядацца не давялося, таму што — цяпер Вырвіч гэта ясна разумеў — далі шпегу добранька па галаве.
Наступная пасля зацямнення карцінка бачылася толькі краем вока, бо асноўную дзею захінала белая тканіна, якой Вырвіч быў накрыты, бы нябожчык… Ды і ляжаў ён нерухома, як навец, бо прыкручаны. I не загарлаць абурана на такое парушэнне правоў шляхціца — рот надзейна заторкнуты скураным кляпам, а галаву моцна трымаюць жалезныя абручы. Вось карону ты зарабіў сабе, адважны драгун…
А зусім побач — галасы вучонага дыспута. I гэта здавалася дзікім — ён тут ляжыць снапом, а вучоныя спадары — Пранціш бачыў, як часам нетаропка пераступаюць іх ногі ў нашараваных чаравіках, — вядуць такімі спакойнымі, занудлівымі галасамі дыспут, сыплючы незразумелымі тэрмінамі, як гарохам. Вырвіч распазнаў уладны голас дэ Варда, звяглівы — Бяскоўскага. А вось і нізкі голас Лёдніка… Як на лекцыі. Вырвіч скалануўся, закруціўся, як вужака, вылузваючыся са скуры… Дзе там!
Чорны Доктар пачаў рабіць даклад, дэманструючы намаляваную ім схему мозга і з’едліва ўдакладняючы «Tractatus de Fractura Calve sive Cranei a Carpo editus» [9] Трактат па чэрапава-мазгавой траўме ( лац .).
Берэнгарыа да Капры і «Cerebri Anatomie» [10] Анатомія мозгу ( лац .).
Вілізія. Закончыў пасажам пра скокі святога Віта і іх ацаленне з дапамогай трэпанацыі, і задаволена прыняў дружнае плясканне ў ладкі.
А потым загаварыў дэ Вард:
— Думаю, вы ўсе ўпэўніліся, што наш калега варты самай высокай ступені пасвячэння. Час гуртаваць усе сілы! Таму што пара выпраўляць хваробу, якая раз’ядае наша грамадства. А менавіта — папярэджваць бунтаўніцтва чэрні і вальнадумства адукаваных нуворышаў!
У зале ўхвальна загулі, узяў слова хтосьці гарласты, з пранізлівым голасам, здаецца, асоба духоўнага звання, бо да яго звярталіся «мансеньер»… I Пранціш, каб мог, зарагатаў бы. Бо персоны, што сабраліся ў гэтай зале — іх было чалавек пятнаццаць, усур’ёз намерваліся з дапамогай свярдзёлка і дзірак у чарапах перавыхоўваць французскіх рэвалюцыянераў, лібералаў, атэістаў, філосафаў ды іншых небяспечных асобаў!
А ў якасці дэманстрацыі паклікалі волата Гарганцюа. У шчыліну, праз якую глядзеў Вырвіч, якраз быў відаць нерухомы твар з чорнай барадой.
— Гэты чалавек стварыў у сваім горадзе камуну! Распаўсюджваў д’ябальскую філасофію! А цяпер — няма вярнейшага нам слугі.
— Наспявае вогненная бура! — гарлаў нехта. — Выратуем манархію!
Лёднік, падобна, ашалеў ад пачутага, бо не вытрымаў і выказаўся рэзка і гнеўна:
Читать дальше