І пані Саламеі батанік прыйшоўся да душы. Пан Жылібер быў у іх разам са сваім студэнтам Давыдам Ляйбовічам, пляменнікам полацкага аптэкара Лейбы, якога Лёднік прыхапіў з сабою з Полацку. Аптэкар у свой час дапамог малому сыну гарбара выйсці ў людзі, і Бутрым на гэта не забыўся.
Тады за сталом Чорнага Доктара паспрачаліся добра… Але пра патрэбнае. Напрыклад, Жылібер быў супраць залішняга ўмяшальніцтва ў прыроду. Лічыў — замест пігулак ды ўсялякай хіміі лепей дыета ды зёлкі, не падабалася яму і ўжыванне опіуму. А вось Лёднік, былы алхімік, вельмі дык любіў з атрутнымі рэчывамі паэксперыментаваць.
Спрачаліся і як адукоўваць шматлікіх самадзейных павітух.
Пытанне было вельмі вострым. Кабеты, што дапамагалі парадзіхам, часцяком абвінавачваліся ў вядзьмарстве. Ды й самі спрыялі таму, ужываючы дзікунскія метады, самы бясшкодны — выманьваць немаўля, якое доўга не можа нарадзіцца, цукрам. У Вялікім Княстве Літоўскім дасюль памяталі страшную гісторыю, што здарылася з Раінай Грамычынай, пападдзёй, якую паклікалі палячыць сына Яна Сапегі. Хлопчык памёр, не паспела лекарка ў дом зайсці. Вядома, у няшчасці абвінавацілі Грамычыну. А следства засяродзілася на тым, як падчас дапамогі парадзіхам кабета чаравала. Паўтара года кабету катавалі. Дарэмна абаронца прамаўляў: «Што дзяцей малых абкурваць умее, хіба гэта чараўніцтва? Абкурваць жанчын падчас родаў бабровым струменем, пер’ямі жывых курапатак, перастрэлам, мірай ды іншымі зёлкамі свянцонымі, рог адзінарога піць даюць, а таксама арліны камень — хіба гэта чараўніцтва?»
Ад часоў спаленай на вогнішчы Грамычынай метады павітух не надта змяніліся. У век Асветніцтва абкурваць парадзіх пер’ем курапатак? Зладзіць курсы акушэрства пры будучай медычнай школе ў Гародні было неабходна. Пані Саламея, сама добрая лекарка і акушэрка, згаджалася дапамагчы. Давыд па сканчэнні курса фармацэўтыкі меўся працаваць у аптэцы пры будучай медычнай школе.
Шмат высокіх слоў прамаўлялі і кіраўнікі Таварыства прагрэсіўнай медыцыны.
— Колькі ёсць людзей — забойцаў, гвалтаўнікоў, якіх падвяргаюць смяротнаму пакаранню, хаця вінаватая ў іх злачынствах хвароба — паталогіі ў мазгу, — тлумачыў вучоны барон. — Магчыма, пухліны памерам з макавінку, таўшчынёй з валасіну! Гэта, умеючы, можна лёгка выправіць, і in summa [4] Урэшце ( лац ).
чалавек стане бяспечным і нават карысным для грамадства! Вось вам прыклад…
Дэ Вард азірнуўся і крыкнуў у бок дзвярэй:
— Гарганцюа, хадзі сюды, сябар мой!
Лёкай за крэслам барона, здавалася, хацеў прыгнуцца.
У пакой, крочачы, як мог бы крочыць пражскі Галем, увайшоў слуга дэ Варда ў чорнай аксамітнай куртцы з нашытымі на яе залатымі змеямі з галовамі пеўняў — эмблемай Таварыства прагрэсіўнай медыцыны. Пранціш у чарговы раз адвёў вочы: яму заўсёды было вусцішна глядзець на гэтага вялізнага барадатага дзецюка з павязкай на лбе — не дарэмна яму далі мянушку «Гарганцюа». Нібыта шкляныя цёмныя вочы, рысы твару калісьці, напэўна, нават прыгожыя, уладныя, але зараз нерухомыя, азызлыя.
— Ці задаволены ты сваім жыццём, сябар мой? — мякка спытаў дэ Вард слугу.
Той прамарудзіў з адказам трохі больш, чым належала здароваму чалавеку, але адказаў роўна і хрыплавата, гледзячы ў адну кропку, якая знаходзілася дзесьці над левым плечуком дэ Варда, якраз там, дзе гіпатэтычна мусіў сядзець апанент анёла-ахоўніка:
— Я ўсім задаволены, вашамосць барон. Мне жывецца шчасна і спакойна. Дзякуючы літасці і розуму ягамосці барона.
Дэ Вард пераможна агледзеў кампанію, хаця Лёднік і Пранціш ужо дакладна не раз чулі гісторыю выратаванага слугі, і прадстаўленне разыгрывалася для адной Саламеі.
— А між тым гэты няшчасны быў адным з самых страшных злачынцаў свету. Каб яго не спынілі — на ягоных руках з’явілася б кроў яшчэ соцень бязвінных! Яго мусілі павесіць — але ўдалая аперацыя…
— Я сам зрабіў яе ўжо тры гады таму! — насмеліўся перабіць барона Альфонс Бяскоўскі, нібыта замоўчвання сваіх заслуг баяўся больш, чым раззлаваць мецэната. — І ніякіх наступстваў! Restitutio ad integrum! [5] Поўнае аднаўленне ( лац .).
Гарганцюа нават не пазбаўлены радасці мець зносіны з супрацьлеглым полам.
— Зносіны — гэта не каханне. Ваш кліент больш падобны да механічнай лялькі, чым да жывога чалавека, — з дрыготкай у голасе адказала Саламея, адводзячы вочы ад чарнабародага волата з мёртвым тварам. — Вы кажаце, выправілі злачынцу да лепшага? Але ці ўратавалі ягоную душу? Гасподзь сам вызначыў шлях да выкуплення злачынстваў — шчырае пакаянне. Чалавек мусіць усвядоміць, што нарабіў, і зажадаць выправіцца. А калі вы пазбаўляеце яго такой магчымасці — гэта бязбожна!
Читать дальше