- Цудоўна. Так і пішы, як бачыш. На скале пад вечаровай зоркай.
- Не, мама, ты не ўсё зразумела. Як я магу яго гэтакім пісаць, калі ён сядзеў на нашай з Лізаю скале, на якой мы з ёю сустракаліся? Там былі мы, а цяпер там ён, Фаўн.
Тут маці рассмяялася:
- Зараўнаваў Лізу да Фаўна?
- Табе смешна?.. Я згодны - гэта смешна. Але як сэрцам і душой яго пісаць мне на скале, дзе былі я і Ліза?
- Дык ён жа бог, сыночак. Ёй ты патрэбны, а не Фаўн.
Цяпер, абняўшыся, яны да слёз смяяліся ўдваіх. Маці ведала, што смех у сына іншы, як у яе, ён адно ў думках з ёю згодны, але карціну, хоць і эцюд маленькі, піша душою, сэрцам, а сэрцу думка, хай і разумная, не дакажа, хто там, на той скале, бог саламяны або хлапец жывы, чакае менад, лясных каханак, або Лізу.
Свой смех яна раптам суняла. Адразу супакоіўся і ён.
- А ведаеш, як ты зрабі? Пішы так Фаўна, як быццам сябе пішаш. Нібыта гэта ты на скале сядзіш, глядзіш адтуль на мора, у небе бачыш зорку, у зорцы - Лізу. Тады і сэрца ўкладзеш у вобраз, у карціну, і за Лізу спакойны будзеш.
Думка маці была нечаканай. Адразу Фердынанд не знайшоў, што ёй на гэта адказаць. Спытаў:
- А Фаўн усё ж хто? Бог ці не бог? Ён на каго падобны?
- Табе не трэба выпісваць твар. Ён на скале, глядзіць не на цябе, а ў процілеглы бок на мора, на зорку ў небе, адбітачак якой купаецца ў моры.
- I грае на свірэлі.
- Грай, кліч музыкаю да сябе каханую. Ты мне казаў, што Ліза любіць Вагнера, яго сімфоніі? I ты таксама любіш Вагнера. Цудоўна! Пішы сваю і яе любімую музыку.
Увечары, калі сцямнела і ў матчыным акне свяціла лямпа, Фердынанд пастукаў да яе ў дзверы. Яна сядзела на малой канапцы і колерам, ніткамі "мулінэ" вышывала кветкі свайго саду. Ён падышоў, нахіліў голаў да яе пляча і сказаў, што тут, у вёсцы, яна - ягоны Куінджы, што, калі вернецца жыць у Багданаў, яму не трэба будзе лепшага дарадцы, як яна. Маці прылашчыла галаву сына, расчуленая шчырасцю, што нечакана вырвалася з яго душы, а ён захваляваўся, нібы маленькі, вызваліўся з ласкавых рук і выбег з пакоя.
Да поўначы сядзеў з раманам Заля "Памылка ксяндза Марэта", які вывудзіў у хатняй бібліятэцы, каб перад сном адарвацца ад бясконцых думак пра Фаўна і ўплывы Бёкліна, што не толькі Куінджы заўважыў у яго апошніх эскізах, але і сябры, як пры ўсёй сімпатыі да еўрапейскіх мастакоў пазбегнуць чужых уплываў? З палону гэтых думак быццам выбіўся, хоць, можа, усяго на нейкі час, але трапіў у палон да Заля, іншага еўрапейца, да выпісанай ім гісторыі кахання, падобнага на сад у вясновай квецені. Раней думаў, што мастаку для творчасці патрэбна поўная адзінота, якая не няволіць пачуццяў і поглядаў на жыццё, дае свабоду і з ёю адчуванне рэальнай перспектывы творчага шляху. Але апошнім часам пачало хістаць гэтую ўпэўненасць. Хістаў і Заля. Чым далей чытаў, заглыбляючыся ў ягоны сад кахання, тым мацней адчуваў, як прагне кахання ўласнае сэрца. Акадэмія глушыла гэтае жаданне, там з усімі сваімі пачуццямі ды марамі патанаў у працы на патрэбу дня. Але цяпер, ужо вольным мастаком, адчуў, што аднаго мастацтва, каб быць напоўніцу шчаслівым, мала, што прыгажосць і мудрасць жыцця не толькі ў мастацтве.
Кнігу адклаў і адчыніў акно.
Была ўжо глыбокая ноч. Над садам, над лесам, які на фоне святлейшага неба цямнеў далёкімі хваёвымі вяршынямі, хавалася ў хмарах, зрэдку выбліскваючы, жаўтлявая, як пазалочаная, поўня, вартуючы зямную ціхату і вусціш. Дзіўнае сугучча цішыні і музыкі стаяла ў паветры, уздымалася над садам у зорнае неба. Усё здавалася казкай, хоць і рэальнасцю было, было знаёмым і разам з тым нечым новым. Гэтае ціхаты душа заўсёды жадала як сутнасці мастацтва і жыцця ў мастацтве, шукала і разам з тым пабойвалася. Музыка ў выключна ціхай начной вусцішы хвалявала заўсёды моцна. Успомніў, як некалі яна яго ўсяго размыла, затапіла на Чорным моры ў Балаклаве. Б^іў сіні-сіні вечар, калі падняўся на гару, пісаў там сіні эцюд, а як зусім сцямнела, з-за бухты данеслася дзівосная мелодыя "Над морам" Шуберта. Сядзеў на камені разгублены, забыўшыся, дзе ён і што яму рабіць. Тое з душою адбывалася цяпер. Там было мора, тут - лес, палеткі, але настроі хіба не тыя самыя? Іх адчуваў і ў Лёхмэ? Дык ці не там, яшчэ ў Балаклаве, у душы прачнуўся Фаўн? Эцюды мора, адтуль прывезеныя, захапілі Шышкіна, які казаў, патрабаваў, каб пісаў болей мора, што мора яго стыхія. Але не зразумеў стары лясун, што не мора было галоўным у тых эцюдах, а душа Фаўна, туга ў адзіноце, жаданне блізкай жанчыны, музыкі. Туга Фаўна абудзіла сэрца мастака? Яшчэ тады, шукаючы ў гарах над морам цішыню амаль нябесную і адчуваючы ў ёй пакуты, зрабіў у сшытку запіс:
Читать дальше