− Ну ладна. Давай пайшлі. Не адставай.
Ён пабег з кулямётам, за ім са скрынкамі, трошкі адстаўшы, трухаў сувязіст. Аднойчы здалёку ад хат вёскі не-куды наўскасяк праз гароды пырснула сінімі пісягамі чарга − кулямётчыкі адразу ўпалі, але Тарасікаў неўзабаве спахапіўся і ўзяў хобат. Сувязіст жа ляжаў ззаду.
− Уставай, не палохайся, − сказаў яму Тарасікаў. − Калі бачыш − ляціць, гэта не трапіць. Той, што ў цябе, − не ўбачыш.
Сувязіст змоўчаў і ўстаў, відаць, ён падумаў, што Тарасікаў болей спрактыкаваны франтавік: усё ж стралок, кожны дзень пад агнём, не тое што штабны сувязіст. Тарасікаў, на сваё здзіўленне, і сам адчуў сябе куды болей вопытным і смялейшым, чым гэты напалоханы хлопец. Гэтая акалічнасць ці, можа, тое, што агонь кулямётаў прымоўк, надало хлопцу рашучасці, і ён ужо падбадзёрыўся крыху.
Так яны дабраліся да пунькі, з-за якой некалькі хвілін назад страляў нямецкі кулямёт. Яна адзінока вынікла з цемры дзіравай сваёю страхой і ціха тулілася тут пасярод агарода, на водшыбе ад вёскі. Нешта пагрозліва таемнае было ў яе змрочнай нахіленай паставе, і Тарасікаў, не дабегшы да будыніны некалькі крокаў, спыніўся. З-пад хат зусім ужо недалёкае вёскі сям-там патрэсквалі чэргі, часам нізка па-над зямлёю вырываліся трасіруючыя маланкі, значыць, вораг не пакінуў вёску, але, відаць, націск нашых аслаб.
Тарасікаў узвалок кулямёт на нейкі ўзмежак і, зводдаль абыходзячы рог пунькі, нясмела зазірнуў у прыцемках на той яе бок. Пэўна, там нікога не было, тады ён паціху падкаціў кулямёт бліжай і спыніўся непадалёк ад вугла ля нейкага дрэўца, камель якога блішчэў белымі плямамі, пэўна, ад куль. Тут валяліся нейкія камяні, мабыць, ад разбуранай пабудовы, ляжала ўгрузлае ў зямлю тоўстае струхлелае бервяно, і Тарасікаў паставіў ля яго кулямёт. Сувязіст таксама лёг побач, але трошкі ззаду.
− Давай акапвацца. Лапатка ёсць?
− Н-не, няма, − усё заікаючыся, шэптам адказаў хлопец.
− Тады глядзі. Ляжы і глядзі, − загадаў Тарасікаў, а сам хуценька выняў з-за дзягі лапатку і, лежачы на баку, пачаў дзяўбаць цвёрдую, падмерзлую зямлю. Лапатка ўвесь час скрэбла па нейкай жарстве, часам высякаючы сіняватыя іскрынкі… Урэшце атрымалася неглыбокая ямка − адзіночная ячэйка для стральбы. Тарасікаў падпоўз да кулямёта і ўслухаўся.
Наўкола было ціха і нават, здалося б, глуха, калі б сям-там не вынікалі з зямлі ціхенькія прытоеныя гукі, што сведчылі
аб прысутнасці тут людзей. Над пунькай з’явіўся месяц. Акружаны раямі яркіх, дробненькіх і зусім распыленых зорак-блішчынак, ён, бы прыплюснутае вока, строга і ўважліва пазіраў у чорны змрок зямлі. Коўш Вялікай Мядзведзіцы над балацявінай закінуўся чарпаком угору. Па сцішанасці і суладнай мігатні зор відаць было, што час набліжаўся да поўначы. Бойка, відаць, выбілася з сілы і сціхла, але ад хат яшчэ раз-пораз узляталі ракеты.
Тарасікаў ужо паспакайнеў крыху, бойка прыціхла, і хлопцу хацелася пагаманіць. Праўда, ціхенька ныла, не перастаючы, трывога за Жаркова, нідзе не чутна было яго ўначы, але і сам Тарасікаў ужо прыдбаў нешта дужэйшае ў сабе, што дало яму моцы трываць і якколечы ўпраўляцца на полі бою.
− Ты адкуль сам будзеш? − запытаўся ён сувязіста.
Той падпоўз бліжэй і трошкі захінуўся разам з ім кулямётным шчытком.
− Я гэта, пярмяцкі…
− Глядзі ты! − шчыра здзівіўся Тарасікаў. − І я ж пярмяцкі.
− Д-дык землякі?
− Землякі, выходзіць. А ты даўно ў гэтым палку? − узрадавана запытаўся Тарасікаў.
Сувязіст падумаў.
− З паўгода, мабыць. Як з Грахавецкіх лагераў прыбылі, дык і сюды. У роце сувязі быў.
Сувязіст перастаў ужо ляскаць сківіцай, а Тарасікаў падумаў, што ён куды болей даўні франтавік за яго, Тарасікава, а глядзі ты, які баязлівы. «Гэта што ж, − занепакоена падумаў хлопец, − няўжо і мне не пабароць свайго страху, так ужо і быць усё жыццё трусам?» Зямляк жа яго тым часам ляжаў
ціхенька, але, мабыць, і ён трошкі адышоўся ад спалоху і пачаў азірацца.
− А ц-ці можна г-гэта… з-закурыць? − прашаптаў ззаду сувязіст. − Т-так хочацца…
− Што ты! − здзівіўся Тарасікаў. − Там жа немцы!
Сувязіст пакорліва памаўчаў трохі, а пасля запытаў зноў:
− Гэта ты страляў там ля балота?
− Я, − сціпла сказаў Тарасікаў. − Страляў, толькі ці трапіў у каго ці не…
− Добра з кулямётам! − ужо перастаючы і заікацца, зазначыў сувязіст.
− О, гэта, брат, штука! − згадзіўся Тарасікаў.
− Сп-праўны кулямёт недаступны для пяхоты праціўніка, пакуль у ім ёсць патроны і жывы хоць адзін кулямётчык, − паведаміў хлопец. − Гэта ў настаўленні напісана.
Читать дальше