Кулямёт пратарахцеў доўгую чаргу і змоўк, Тарасікаў здзівіўся, не адразу здагадаўшыся, што скончылася стужка. У той час загарэлася ўгары ракета, і ён раптам убачыў, як наперадзе, да тае пунькі, дзе страляў яго вораг, бяжыць нейкі салдат. Трапіўшы пад ракету, ён пляцнуўся на гарод, умомант раскінуў ногі і пусціў з аўтамата чаргу. «Заб’юць! Заб’юць! − стукнула ў голаў думка. − Там жа кулямёт!» І Тарасікаў, спалохаўшыся за таго смельчака, не стаў ужо хавацца ад ракеты, а ўхапіў зводдаль новую каробку і стаў зараджаць «гарунова».
Ракета пагасла, а Тарасікаў, сцяўшы белыя броўкі, нейкі час узіраўся ў цемру, каб пабачыць, што сталася з тым байцом. Навёўшы кулямёт, ён пачаў пільнаваць тую плямку, каб адразу, як пыхне яна, пусціць туды струмень сваіх нябачных смяротных куль.
Аднак кулямёт той болей і не стрэліў.
Тым часам страляніна трохі паслабла, Тарасікаў адзначыў гэта і здзівіўся, падумаўшы, што бой быццам сціхае, а ён усё жывы. Хлопец папільнаваў яшчэ, думаючы, што, можа, урэшце блісне ўсё ж варожы стрэл, але час ішоў, а агеньчыка ўсё не было. Тады раптам Тарасікаў адчуў, што чамусьці аж шкада яму − хлопец толькі што ўбачыў у сабе маленькую яшчэ і такую радасную надзею, што пераможа. Ён пачаў ужо спадзявацца на сябе, бо ведаў, што страляць умеў трапна, вока ў яго было вострае, вось толькі нянавісны неадчэпны страх − з ім хлопец ніяк не мог зладзіць.
Але раптам ён спахапіўся, што нікога не чуваць побач, мабыць, усе ўжо пабеглі далей, можа, нават узялі вёску, а ён застаўся з кулямётам адзін. Адрывацца ж ад усіх, заставацца ззаду Тарасікаў не хацеў, хоць і было вельмі страшна, ён усё ж імкнуўся заўсёды не адстаць, бо адзінота палохала яго не меней, чым нямецкі агонь.
Не ўстаючы з долу, ён заварушыўся, прыгледзеўся, услухаўся і падумаў, што сапраўды трэба падавацца туды, наперад. Праўда, дужа боязна было вылазіць з-пад выратоўчага ўзмежка, падстаўляць усяго сябе ворагу і кожную хвіліну адчуваць, як накіраваны на яго з цемры ствалы нямецкіх кулямётаў. Але ж трэба!
Тады ён прыўзняўся, на каленях дацягнуўся да сваіх скрынак, узяў адну ў руку, другую зашчаміў падпахай, правай павярнуў кулямёт і, прыгінаючыся і дужа баючыся, павалок яго па гародзе. Праўда, доўга яму цягнуць не давялося: неўзабаве зноў засвяціла ракета, хлопец адразу ўпаў на ўмерзлыя
глыжы долу. Але ён не хаваў ужо свае галавы, ён агледзеўся навакол і ўбачыў, што ззаду цераз узмежак з-пад паламанага плоту вылазіць яшчэ нехта. Ён ціхенька гукнуў яго і махнуў ля зямлі рукою.
Калі зноў сцямнела, ён пачуў блізкі шорхат і неўзабаве ўбачыў шараватую ў цемры постаць. Баец быў незнаёмы, пэўна, сувязіст, ён падпоўз да Тарасікава і моўчкі запытальна ўставіўся ў яго невыразным у цемнаце тварам. Тарасікаў павярнуўся і паклаў на зямлю абедзве свае скрынкі.
− На, бяры. Паможаш! − зусім ціха, ажно сам здзівіўся (ці не страціў голас), прашаптаў хлопец і адразу закашляўся. Баец зразумеў, падпоўз бліжай, нясмела і няспрытна загрэбаў пальцамі па скрынцы, каб узяць як яе, і тады Тарасікаў, сутаргава, нястрымна кашляючы, убачыў, што ніжняя сківіца ў байца дзіўна неяк адпала і дрыжыць. Спачатку ён здзівіўся, падумаў, ці не пакалечыла хлопца, а пасля здагадаўся: гэта ж ён напалоханы і баіцца.
− Бяры, бяры хутчэй! − гучней ужо загадаў Тарасікаў і, ускочыўшы, пацягнуў кулямёт.
Калі ён, змораны, упаў праз хвіліну, байца ля яго не было. Тарасікаў пачакаў трохі, угледзеўся ў цемру і паклікаў:
− Гэй, дзе ты? Сюды!
Валюхаючы задам, той неўзабаве прыпоўз, але ўсё стараўся трымацца ззаду, за кулямётам, пэўна, каб прыхавацца за яго. Тарасікаў у гэты раз павярнуўся і лепей разгледзеў твар новага свайго памагатага. Гэта быў малады, як і ён, хлопец, толькі, відаць, доўгі, бо цыбатыя ногі яго шырока раскінуліся ў доле, твар вузкі, востры падбародак усё ціха ляскаў і ледзьве не кранаўся долу.
− Ты што, баішся? − запытаў Тарасікаў. Баец паглядзеў управа, улева і, заікаючыся, вымавіў:
− Пят-т-трова раз-зарвала. Там на уз-змежку.
− Якога Пятрова?
− С-сяржанта, камандзіра л-лінейшчыкаў. Т-там, − паказаў баец цераз плячо, а сам, відаць, быў ні жывы ні мёртвы ад страху.
Тарасікаў адчуў, як нібы сцюдзёнай вадой пляснула па яго спіне, бо яму здалося, што гэта забіла Жаркова. Ён трошкі ўжо асмялеў, адкараскаўся ад баязні і прывык за гэтыя кароткія, але дужа страшныя хвіліны, да таго, што смерць толькі палохае, але абыходзіць іх бокам, а тут аказваецца, што вось быў чалавек і загінуў, да таго ж гэтак блізка ад яго. Хлопец памаўчаў крыху, збянтэжаны, а пасля намогся і саўладаў з сваёй ніякаватасцю. Адчуўшы сябе старэйшым тут і ў нейкай меры начальнікам, ён стрымана сказаў:
Читать дальше