− У мяне, ведаеш, брат − лётчык, пісаў − Героя далі. Другі недзе падводнік, маёр ці, як у іх там, − капітан трэцяга ранга называецца. А мне вось кулямётчыкам выпала. Сам папрасіўся ў запасным…
− А я вось па сувязі, − уздыхнуў баец і, памаўчаўшы, зноў загаварыў пра курава.
− Слухай, можа, я за пуню схаваюся?.. Хоць дзве зацяжкі?
− Не, лепей не трэба. Патрывай як-небудзь.
Сувязіст паслухаўся і застаўся, дзе ляжаў, відаць, ва ўсім падпарадкоўваючыся ўладзе кулямётчыка. Тарасікаў з-за шчыта пільна пазіраў наперад, там, недзе ля хат, раз-пораз ляскалі адзіночныя стрэлы і чыркалі чэргі, пасля пырснула
ў поле трасіруючым струменем. Некалькі куль ударыліся ў цемры аб зямлю і агнявымі кроплямі міганулі ў неба.
− Ці мы тут доўга будзем ляжаць? Можа б бліндаж які змайстраваць? − спытаў сувязіст. Відаць, ён ужо асвойтаўся крыху і не хацеў ляжаць так, без справы. Але Тарасікаў баяўся, каб ён не варушыўся, хлопцу хацелася сядзець як мага цішай, здавалася, так было схоўней.
− Хто яе ведае, − сказаў ён. − Можа, зноў у атаку?
У вёсцы тым часам трэснула некалькі стрэлаў запар, пачулася, нібы хтось крыкнуў, і Тарасікаў, насцярожыўшыся, узяўся за ручкі кулямёта.
− Хоць бы яны не палезлі… немцы, − сказаў ён. − А то… Ты стужкі набіваць умееш? − запытаў Тарасікаў, адчуўшы, што нічога яшчэ не мінула − ні бой, ні небяспека, і трэба быць гатовым да ўсяго горшага. Але сувязіст ззаду чамусьці маўчаў.
− Кажу, давай стужкі наб’ём. Дзве ж парожнія ў нас…
Зноў маўчанне ззаду. Тады, учуўшы нядобрае, хлопец крутнуўся да сувязіста, які ціха ляжаў, чамусьці ўткнуўшы галаву ў рукі, і не кратаўся.
− Гэй, ты што?.. Га?.. Чаго?
Рукі яго задрыжэлі, калені ўраз аслабелі, ён ухапіў земляка за плячо, перавярнуў яго падаткае, незразумела абвялае цела на бок, стрыжаная галава без шапкі важка і бяссільна перакацілася ў цвёрдым доле, і ў чорнае неба вытырклася вострая нерухомая ўжо сківіца.
− Чаго ты?.. Што табе?.. Што?.. − гукаў Тарасікаў, пакуль не згледзеў на сярэдзіне ягонага лба цёмную мокрую плямку.
− Братка, што ж гэта ты?.. Як жа гэта? Хто ж цябе так? − дрыготкім роспачным голасам шаптаў Тарасікаў і думаў:
«О, божухна, забіла! Як жа гэта ў яго трапіла? Чаму ж я яго не пусціў пакурыць!.. Праклятае ліха − ён жа адчуваў, мабыць, сваю пагібель і прасіўся, а я… От горачка!..»
Але перайначыць ужо нічога нельга было. Тарасікаў пасядзеў так, збіты з панталыку недарэчнаю смерцю таварыша, і адпоўз на крок у сваю ячэйку.
Хлопцу зноў стала вельмі ніякавата і вельмі адзінока і боязна. Лежачы ля кулямёта, ураз змаркатнелы, ён раз-пораз пазіраў то наперад, то па баках, то на мёртвага земляка і думаў: «Як жа яго прозвішча? Хоць бы спытаў, як прозвішча! Ах, зямляк, зямляк! Нашто ж ты пайшоў за мной, нашто слухаўся? Прывёў я цябе на пагібель сюды…»
Толькі што пераможанае нешта ў сабе дало яму апору, ужо з’явілася ўпэўненасць ў сабе і знікла адзінота, знайшоўся таварыш у нялёгкае яго справе, і раптам драпежны вайсковы лёс адабраў яго. І зноў рынулі ў хлопцаву душу пакуты.
Але калі пойдзе бяда, адчыняй шырай вароты, кажа народная прымаўка. Не паспеў яшчэ Тарасікаў хоць крыху ачуняць ад гэтай свае бяды, як ззаду, за балацявінай раптам загрукацелі аўтаматы, ірванула граната, а пасля раздаўся здзічэлы ад жаху чалавечы крык. «Немцы! − мільганула ў хлопца здагадка, ад якой пахаладзела ўнутры. − І ў тыле немцы!..»
Адзін з двух, каго паўгадзіны таму ўбачыў на лёдзе Жаркоў, быў радавы Рыбчонак.
Ён упаў тут, як толькі першыя кулямётныя трасы пранізалі ноч, − упаў, дзе бег, на лёд ля кустоў, сцяўся ўвесь, задрыжэў ад неспадзёўкі і першаю яго думкай было: «Прапаў!».
Рыбчонак сапраўды быў прыглушаны мінаю і не прыкідваўся, калі перапытваў, бо недачуваў. Каманды Жаркова ён не пачуў зусім, але пад святлом ракет неўзабаве ўбачыў, што байцы перапаўзлі да ўзмежку. Ля яго ўжо не было нікога, адзін толькі паранены незнаёмы сувязіст жахліва стагнаў, бы прыдушаны, − выціскаў з грудзей натужна-недарэчнае «а-а-а-а-а!.. а-а-а-а-а!..». Ён ужо бадай што не кратаўся, не клікаў на дапамогу, і Рыбчонак не дужа і звяртаў на яго ўвагу. Абвостраным чуйным пачуццём баец адразу згадаў, што і другая атака «лопнула», што яны зноўку трапілі ў бяду ды яшчэ горшую, чым першы раз, бо адступаць цяпер, калі ўжо дабраліся сюды, яны не маглі. І ён адчуў блізкую пагібель над сабой. Крыху ажывеўшы праз хвілін пяць, хацеў падацца ў кусты, назад, але там гуляла траскоцце ад разрыўных, а наперадзе праз пяцьдзясят крокаў быў узмежак. І, пакінуўшы на лёдзе нерухомае, ёнклівае цела сувязіста, Рыбчонак у кароткі між дзвюма ракетамі прамежак цемры хуценька падпоўз туды, дзе ляжалі ўсе і, як і ўсе, падбіў галаву пад узмежак.
Читать дальше