Так ён ляжаў, мусіць, доўга.
Немцы абрушылі на гэтае невялічкае сховішча пякельны агонь, і ў Рыбчонка расло перакананне, што наперад ім дарогі не будзе. Ён пачаў чакаць таго моманту, калі хто першы кінецца назад, бо, думаў ён, і тут, на ўзмежку, ляжаць нельга − спакваля іх пераб’юць па адным. Ён ужо шкадаваў вельмі і лаяў сябе за тое, што не застаўся ў кустах, усё ж там было далей ад гэтага пекла і, можа, як-небудзь пашанцавала б уратавацца.
Але назад ніхто не ўцякаў. Аднойчы па ланцугу, лаючыся, прабег апантаны Жаркоў, пасля ён упаў і прапаў недзе, і ў Рыбчонка разам з устрывожанасцю з’явілася і кароценькая помслівая злараднасць − так яму і трэба! (Ён быў злосны на сяржанта, што той не дазволіў яму пайсці ў санчасць.) Хоць бы на адну ноч, на адну толькі жахлівую ноч вырвацца з гэтае роты, у якую яго ледзьве не сілком зацягнуў вайсковы лёс, а там, можа б, як і ўдалося выжыць… Але менавіта вайсковы лёс прыпёр цяпер яго да вялізнай нябачнай сцяны смерці, якая няўхільна паўстала на яго жыццёвым шляху, і Рыбчонка ахапіў жах блізкай пагібелі.
Так, лежачы пад узмежкам, прыдушаны сваімі пакутамі, Рыбчонак раптам заўважыў, што варожы агонь пацішаў, перасталі трэсці зямлю мінныя выбухі, змоўклі бліжнія кулямёты, недзе знікла буйнакаліберная цяжкая тарахцелка, што біла з фланга. У святле чарговай ракеты ён ціхенька прыўзняў голаў і ўбачыў, як нехта сігануў цераз узмежак пад плот, іншыя, відаць, ужо раней паўставалі і падаліся наперад, і цяпер тут паблізу не было нікога.
Значыць, усё ж пайшлі? Пайшлі ў атаку, туды, у новае пекла, бліжэй да ворага. Гэта зноў пасля кароценькай палёгкі засмуціла Рыбчонка. Як добра было цяпер кінуцца ў кусты, назад, далей ад гэтага ліха! Але ўцячы, ведаў ён, было нельга. У тыле для яго, здаровага, месца няма, там начальства, заградатрады, трыбунал і штрафныя роты. Трэба было неяк хітрыць, выкручвацца, быць тут і ў той жа час з усіх сіл ратаваць сябе − ратаваць, каб выжыць, не зважаючы ні на што.
Калі стала цёмна, ён устаў, пралез пад плот, трошкі прабег па гародзе. Нідзе нікога не было чуваць. «Ці, можа, пабіла, ці ўжо так далёка адбегліся?» − падумаў Рыбчонак. Але агонь сапраўды стаў рэдкі, напэўна, перадавое нямецкае ахраненне адышло і дало магчымасць нашым падысці бліжай да вёскі. Рыбчонак, прыгнуўшыся, яшчэ падбег крыху і ўпаў, пільна ўзіраючыся ў цемру і вельмі асцерагаючыся нарвацца дзе на якое ліха.
Так ён перабег вузенькую палоску гарода, пераскочыў яшчэ адзін узмежак, наперадзе на фоне зорнага неба з’явіўся хмызнячок, пэўна, які садок ці вішэннік. Здалося яму, там нехта варухнуўся, адпаўзаючы. «Добра, − падумаў Рыбчонак, − хай ідзе першы, я за ім». Самае непрыемнае ў атацы было ісці наперадзе ўсіх, нават на крок, на паўкрока першым, і чым далей ззаду ад іншых, тым было лепей. Рыбчонак заўжды вельмі дбаў, каб неўпрыцям не апярэдзіць каго, бо першаму − першая куля, першы − гэта пэўны смяротнік.
Паляжаўшы крыху, ён падумаў, што трэба яшчэ трошкі прабегчы, каб лепей бачыць таго, у вішэнніку, і кіраваць за ім. Калі той падасца наперад, тады пабяжыць і ён, калі той будзе ляжаць, не ўстане і Рыбчонак. Той, наперадзе, будзе яго заслонай.
Але раптам сталася штось нечаканае. Варта было яму ледзь варухнуцца, устаючы, як з цемры вішэнніку бліснула, нешта коратка ірванула паветра над яго галавой і адначасна тузанула шынель на спіне. На лапатцы адразу запякло, нейкая мокрая цеплыня заказытала цела пад вопраткай. Рыбчонак спачатку жахнуўся, а пасля ўліп у зямлю, прыціснуўся, стаіўся і, здаецца, ажно заплюшчыў вочы. Ён яшчэ не зразумеў, як трэба, што сталася, але ў прадчуванні нечага велізарна важнейшага на нейкі час, здаецца, перастаў дыхаць.
«Паранены!» − як выбух, пыхнула ў галаве першая думка, і Рыбчонак з нечалавечым імпэтам крутнуўся на доле. Пакінуўшы, дзе ляжаў, вінтоўку, ён паўзком сунуўся ў цемру. «Паранены! Паранены!» − вялізная шчаслівая ўзнёсласць апанавала ўсю яго істоту. Цяпер канец пеклу, смяротнай пагрозе, страху і пакутам − цяпер ён вольны, няхай нават скалечаны, няхай баліць − усё гэта драбяза перад вялізнай раптоўнай надзеяй − выжыць! На спіне, недзе пад вопраткай распаўзаліся струмені крыві, пякло, ірвала лапатку, але ў сярэдзіне вялікага болю не было, рукі і ногі дзейнічалі, і Рыбчонак ірваўся цераз глыжы, далей ад гэтага жахлівага рубяжа, туды, наперад − назад, у выратоўчую цемру.
Праз колькі хвілін, скульнуўшыся на галаву з узмежка, ён пачуў ззаду стрэлы і азірнуўся − не, гэта не ў яго, гэта той з вішэнніка біў некуды ўбок. У цемры паблізу затупацела нешта, пасля хтось заенчыў, пэўна, падстрэлены. Адсюль, з-за ўзмежка, Рыбчонку можна было б зняць таго немца-аўтаматчыка, але ён аж спалохаўся гэтае думкі − яшчэ самога заб’е! Ён рады быў вялізнай раптоўнай радасцю, што выжыў, што займеў нарэшце пэўнае права на паратунак, што цяпер ён паўнапраўны хадок у тыл, дзе было жыццё, шпіталь, чыстая бялізна, спакой і клопаты аб ім многіх людзей. Да д’ябла гэтае пекла, кроў і смерць, ён адваяваў сваё. Хоць на адну ноч, хоць на гадзіну, толькі б далей адсюль і жыць, жыць…
Читать дальше