− Выгода, а што думаеш! І стаханавец − выгода. Хе-хе. Партбілет бы яшчэ агораць…
Не, малады Рыбчонак не адстаў ад бацькі. Праз гады тры ўжо ён, а не бацька, стаў прыносіць асноўны даход у іх абзелянёны, увіты кветкамі дом. Ён дамогся большага, чым тое, што ўмеў бацька, − скаапераваўся з хаўруснікамі і скуры хромавыя, шаўровыя і падэшвы вывозілі з завода цераз прахадную, на машынах, у цюках і скрынках, вядома, па фальшывых дакументах. У армію яго не ўзялі, ён ажаніўся, аддзяліўся, жонка не мела клопату аб грошах, ладзіла дома гаспадарку, ён даставаў дэфіцытны шырспажыў (усюды ж былі сябры), грошай хапала, і жыццё здавалася раем.
Гэты рай раптоўна стаў пеклам, калі пачалася вайна і яго прызвалі на службу.
Многія, хто быў побач з ім, апанурыліся, змарнелі, засмуткавалі, а Рыбчонак сказаў сабе: глядзі і думай, тужся, не можа быць, каб і тут не было прадухі. Старая бацькава ўхватка вельмі спатрэбілася і ў войску, Рыбчонак пакрысе агледзеўся і стаў кеміць.
Аднойчы, яшчэ будучы ў тыле ў ахоўным чыгуначным батальёне, ён заснуў на пасту. Заснуў па-дурному, таму што хацеў спаць: прысеў на канец таўровай бэлькі маста і знямог. Яго разбудзіў начальнік каравула, пасля добрай прапаркі няўдалага вартавога пасадзілі на гаўптвахту. Там ён спярша
засмуткаваў, а пасля згледзеў, што сядзець пад арыштам і нічога не рабіць, калі ўсе знясільваюць ад працы, нарадаў, вучобы, − проста самае лепшае з усяго магчымага ў гэтых абставінах. Тое, што гэта было непрыгожа, ганебна, не бралася ім у разлік, думка і адносіны да яго таварышаў не шмат што значылі для яго, − важна было, каб добра жылося самому. І ён па-сябраваў з гаўптвахтай, не цураўся яе кожны раз, калі меркавалася нешта горшае − выезд, якая работа або капанне акопаў. Трапіць на яе не было дужа цяжка − у камандзіраў хапала злосці, варта было пасварыцца са старшыной ці ўзводным.
На фронце стала горш, тут не было гаўптвахты, і трэба было шукаць нешта новае, каб застацца жывым. Сноўдаючы ў траншэях, Рыбчонак многія дні і ночы ламаў над тым сваю галаву, прыглядаўся − людзей у тылавых падраздзяленнях было не менш, чым у ротах на перадавой, але шляхі туды да часу былі невядомы Рыбчонку. Вырвацца з роты было страшэнна цяжка, амаль немагчыма. Спачатку ён спрабаваў, як толькі мог зрабіць гэта, праз санчасць, ды ўсе тыя спробы скончыліся канчаткова і зусім няўдала. Ды і што маглі зрабіць медыкі, калі здароўя ў маладога байца ніколечкі не бракавала. Тады ён сунуўся да тылавікоў − інтэндантаў, абознікаў, тэхнікаў − і там здарылася, што яму ўшанцавала.
Неяк на агнявой пазіцыі сямідзесяцішасціміліметровай батарэі ён убачыў, як двое хлопцаў-артмайстроў рыхтавалі гармату для стральбы. Хлопцы былі з тылавой артмайстэрні, як толькі пачаўся артналёт, яны падхапілі свае скрыначкі і пабеглі хавацца. Рыбчонак падаўся за імі, яны закурылі разам, седзячы ў закінутым бліндажы. І там Рыбчонак даведаўся, што наогул артмайстроў не хапае, што нядаўна адзін з іх наскочыў ля дарогі на міну, а другі захварэў. Рыбчонак імгненна сцяміў, што тут ёсць шанец, назваўся хлопцам артмайстрам і даў зразумець, што быў бы не супраць, каб перайсці да іх у майстэрню. Хлопцы абяцалі далажыць начальніку артузбраення, і праз тыдзень, калі пачаліся баі з танкамі і выйшлі са строю шмат якія гарматы, а працы па іх рамонце пабольшала, яго перавялі ў артмайстэрню.
Ніхто яму не наладжваў экзаменаў, не рабіў допытаў − яго адразу паставілі разабраць накатнік саракапяткі, і ён раскруціў усе яго гайкі. Пасля ён рабіў звычайныя слясарныя работы, выконваў, што загадвалі, асаблівага кантролю за работай не было, давяралі так, а як усё тое напраўду выходзіла ў яго, ведалі толькі агневікі ў батарэях. Але агневікі былі далёка, на перадавой, гарматам, апроч як ад ягоных рук, перападала яшчэ ад мін, танкавых балванак і бомбаў, дабівацца якасці і падазраваць не было калі і не было каму. Рыбчонак ужо акрыяў духам, чаму-колечы і падвучыўся ў майстэрні. Жыццё ў дывізійным тыле пасля ротнага ланцуга было спакойным, сытым і вольным.
Але ўсё добрае рэдка і каротка. Прыйшла бяда − наступленне, і ён зноў спатрэбіўся тут, у аслабелым, парадзелым авангардным батальёне. Аднойчы начальства ператрэсла тылы, і артмайстар Рыбчонак не паспеў, як кажуць, міргнуць вокам, як зноў апынуўся ў стралковай роце ў самы для яе цяжкі час…
…Ішоў пякельны, поўны нязносных пакутаў час, Рыбчонак слабеў, немцы болей не з’яўляліся тут, распластанае на лёдзе Рыбчонкава цела дрыжэла ад сутаргаў, болю і сцюжы. Смерць была блізка, яна ўсё настойліва падкамячвала пад сябе ягонае цела, нішчыла жыццё болем, ад пякельных кашмараў мутнела свядомасць. Часам ён забываўся, дзе ляжыць і што сталася з ім. Угары гарэла нейкая вельмі яркая зорка, час ад часу яна напамінала пра тое, што ён не пераступіў яшчэ таго апошняга парога, за якім была адвечная пустка. Ён то абуджаўся, то зноў заміраў, у разгарачанай свядомасці таўкліся прывіды, пасля з’яўляліся выразныя думкі і зноў пачыналася немаведама што. Здавалася Рыбчонку, што ён імчыцца некуды ў цемры, што хтосьці крычыць у ім, спрачаецца, скуголіць і гамоніць-скардзіцца ўрыўкамі ягоных фраз-думак.
Читать дальше