Чаму яны апынуліся тут, у тыле шостае роты, было невядома, але тое, што гэта стралялі яны, было пэўна. Неўзабаве яны пратупалі па раллі ля аўражка, некуды ўгору − на фоне зорнага неба Васілевіч убачыў некалькі іх насцярожаных постацей з аўтаматамі ў руках. Затым зноў стала ціха.
Здаецца, прыціхла і ў вёсцы. Стрэлы яшчэ бахалі, але кулямёты прымоўклі, і Васілевічу раптам здалося, што Жаркоў з ротай ужо ў вёсцы. І ў той жа час незразумела было, чаму тут апынуўся нехта з яго байцоў, на якога наткнуліся немцы. «Можа, паранены?» − падумаў капітан і, хапаючыся левай рукой за хмызняк, з пісталетам у правай пачаў спускацца ў аўражыну.
Ён скочыў у самае дно і, мінаючы хрупасткія рэшткі снегу, абдзіраючы аб голле твар, пайшоў ля ручая ў той бок, дзе нядаўна закрычаў чалавек. Увесь час капітан адчуваў, што здарылася нешта няпэўна-кепскае, і за ім, відаць, здарыцца горшае, што сунутая ў зубы ворага жменька-рота не прынясе батальёну ўдачы. І яму было вельмі-вельмі прыкра ад усяго, што здарылася ў гэтую ноч, і асабліва ад свайго камандзірскага бяссілля.
Па аўражыне ён выйшаў на балацявінку, пасунуўся між кустоў па лёдзе і ўслухаўся. Здаецца, хтось прастагнаў. Ён яшчэ прайшоў трохі і яшчэ ўслухаўся. Над вёскай гарэлі ракеты, але іх дрыготкае святло толькі блытала ў хмызняку цені і не асвятляла долу. Тады ён ціхенька паклікаў, раз і другі, і праз секунду пачуў непадалёк глыбокі нутраны стогн.
Паранены на спіне ляжаў пад купінай на лёдзе і слаба варушыўся, рэагуючы тым на дапамогу. Васілевічу здалося спачатку, што гэта афіцэр у паўшубку, ён нахіліўся да яго − не, то быў незнаёмы баец без пагонаў і без рамяня. Убачыўшы капітана, ён, відаць, пазнаў яго, ціха застагнаў і прамовіў:
− Ох!.. Таварыш камбат… ратуйце…
− Хто вы? − запытаў капітан.
− Ой, спіна!.. Спіна, ой! − прастагнаў Рыбчонак. − Пабілі ўсіх.
− Каго пабілі? Дзе рота?
− Ох, памажыце… камбат! Баліць!
Васілевіч зразумеў, што чалавек вельмі паранены, у такіх, ведаў ён, не шмат што дазнаешся. Капітан сунуў за пазуху пісталет і ўзяўся расшпільваць паўшубак Рыбчонка. Той ляжаў на акрываўленым лёдзе, рана была недзе пад вопраткай. Калі
Васілевіч павярнуў яго на бок, Рыбчонак застагнаў, заенчыў і моцна ўхапіўся сцюдзёнымі пальцамі за кісці капітанавых рук.
− Пацярпі трохі. Баліць, але цярпі.
Капітана вельмі непакоіў лёс роты, вельмі трэба было дабегчы туды, але ён адчуваў, што калі не дапамагчы байцу, дык ён напэўна загіне ад страты крыві.
Ён, відаць, нямала пракорпаўся з ім − пакуль знайшоў рану і, не знімаючы гімнасцёркі, індпакетам туга аперазаў паясніцу. Бінта было мала і кроў яшчэ ішла, яна ўшчэнт скрывяніла капітанавы рукі… Урэшце як-колечы ён паменшыў кровацячэнне і выцер аб штаны далоні.
− Камбат, не кідайце… Не кідайце, прашу − тут немцы…
− Дзе немцы? Якія немцы? − знарок здзівіўся капітан. − Немцы ў вёсцы.
− Тут немцы! − з капрызлівай настойлівасцю даводзіў Рыбчонак. − Прашу вас!..
І сапраўды, бы ў пацвярджэнне яго слоў недзе ззаду, у раёне іх КП, пратрашчэла першая доўгая аўтаматная чарга. «Нарваліся!» − паныла падумаў Васілевіч, адчуўшы цяпер устрывожаны клопат пра Сахно і Люсю.
Сапраўды, параненага трэба было цягнуць да роты, тут не месца яму, і наогул, падумаў ён, трэ батальён збіраць да аднае кучы, бо ў абстаноўцы нешта крута змянілася ў бок кепскага. Уранку, відаць, грымне бяда.
− Ну што ж, баец. Давай будзем ісці, − сказаў ён Рыбчонку і пачаў усцягваць яго на сваю спіну. − Толькі трымайся.
Як-колечы ён узвалок яго на сябе, хістаючыся ўстаў і, пад-корчыўшы ношаю голаў, цяжка пайшоў па лёдзе.
[1961–1962?]
Апошнія тры ці чатыры начы, ушчэнт пасварыўшыся з жонкай, Ступак начаваў у гаражы. Зрэшты, і дняваў таксама, бо цьвёрда вырашыў не вяртацца на свой пяты паверх сілікатнай хрушчоўкі. Калі так ужо сталася, што ён там нялюбы і ненавісны, што паявіўся лепшы, дык хай жонка падавіцца той кватэрай ды нацешыцца новым жаніхом; для законнага мужыка шляху туды няма. Усё ж ён чалавек з гонарам і прасіцца ня будзе. Тым болей, што ўсё ягонае жыцьцё, падобна, пайшло на скрут, чаго ўжо бедаваць па кватэры?
Ягоная нявыкрутка абрынулася на яго нечакана, напрыканцы зімы, як пачала яўна здыхаць ягоная фірма, што нядаўна яшчэ квітнела пад назвай «паштовая скрынка». Заказы міністэрства абароны скончыліся, рабочым перасталі плаціць, і Ступак, плюнуўшы на новыя парадкі, звольніўся «па ўласным». Думаў, трохі адпачне і прыгледзіць што-небудзь болей для сябе здатнае. Праўда, тады была немалая надзея на жонку Людмілу Пятроўну, якая рабіла бухгалтаркай у банку. Але, мусіць, так ужо заведзена ў жыцьці, што дзе тонка, там і рвецца, парвалася і з Людкай. Нечакана для сябе ён уведаў, што ў той паявіўся староньні ўхажор і не абы хто, а генеральны дырэктар таго ж банка. Вядома ж, не абышлося бяз лаянкі, жонка сьпярша апраўдвалася, клялася і бажылася, але як ён даў ёй добрага кухталя, са злосьцю прызналася, што так: ёсьць чалавек, мужык, ня тое, што ты — тля. Ня можаш пракарміць сябе, ня толькі жонку з дзіцём. Тады Ступак усё зразумеў і, правільна ацаніўшы становішча, узяў пінжак і з трэскам грукнуў дзьвярыма. Усё ж ён − ня тля, ён чалавек з характарам, да таго ж − афганец. А калі часам лішняе вып’е, дык цяпер хто ня п’е? Хворы, або каму не даюць. Хто ня мае за што.
Читать дальше