Колька Васілевіч пяць год з хлапчукоўскай улюбёнасцю адносіўся да гэтага старэнькага, трохі нехлямяжага з выгляду чалавека, у пацёртым пінжачку, які ён бачыў на настаўніку з пятага па дзясяты клас, адзінокага, трошкі разгубленага, трошкі буркатлівага, але па сутнасці вельмі добрага і разумнага глыбокім розумам чалавека, які шмат ведаў, шмат перажыў і шмат перадумаў.
Пасля, калі Васілевіч стаў Мікалаем Пятровічам, маладым выкладчыкам фізікі, ён яшчэ болей прывязаўся да свайго старэйшага калегі, іх нешта блізіла ў двуадзіным імкненні пазнаць і перадаць складаную мудрую сутнасць жыцця. Яны разам сыходзіліся калі ўвечары, Рыгор Іванавіч любіў пачаставаць маладога госця чаркаю нейкай наліўкі, што пахла чамусьці валяр’янавым каранём, і яны гутарылі. Маладыя яго сябры і сяброўкі-настаўніцы, якія болей бавілі час у местачковым ДСК або ў сваіх маладзёжных кампаніях, дзіваваліся і насміхаліся з двух кніжнікаў, ды Васілевічу гэта было няважна. Заўжды, праседзеўшы вечар у не дужа прыбраным пакойчыку за абсыпаным попелам сталом, ён выходзіў з цяжкой галавой ад супярэчлівых, складаных і вельмі турботных думак, пытанняў, адказу на якія часта не давалі ні кнігі, ні людзі, ні, здаралася, і сам Рыгор Іванавіч. Адказы на шматлікія пытанні жыцця Васілевіч дадумваў сам у доўгія халасцяцкія ночы. Гэты звычай захаваўся ў яго на ўсё жыццё, і за тое ён навек быў удзячны Рыгору Іванавічу.
У трыццаць сёмым яго не стала. Знік Рыгор Іванавіч у цёмную вераснёўскую ноч, пакінуўшы пасля сябе перавернутую мэблю, параскіданыя паперы і ўзадраную падлогу. Голда Меерсон, даўнішняя яго кватэрная гаспадыня, прыбегла ўранку ў школу і, плачучы, расказала, што адбылося ўночы. Тады ж яна пад вялікім сакрэтам паведаміла збянтэжанаму Васілевічу, што, ідучы ў машыну, Рыгор Іванавіч прасіў перадаць маладому сябру, што ён ні ў чым не вінаваты і хутка вернецца.
Але вярнуцца яму не давялося ні хутка, ні праз доўга, і ніхто не дазнаўся ніколі, што здарылася з ім і ў чым усё ж правінаваціўся ён. Васілевіч некалькі месяцаў пасля таго хадзіў як дурны, галава яго, здавалася, распухла ад думак, ён ніяк не мог сумясціць у сабе два такія несумяшчальныя паняцці, як Рыгор Іванавіч і тыя два недарэчныя словы, што да яго прышпілілі. Але тая акалічнасць, што стары гісторык не вярнуўся, наводзіла яго на сумныя думкі і падрывала доўгую і вельмі трывалую веру ў яго. Меркаваць у гэтае справе чаго іншага Васілевіч не мог і не ўмеў, і спатрэбілася некалькі год, каб малады настаўнік шмат што зразумеў, пераацаніў і стаў такім, якім ён быў у гэты цяжкі час вайны, калі людское жыццё стала такім танным. Васілевіч быў цвёрда перакананы, што, нягледзячы на такое багацце смерцяў, усё ж самым дарагім было людское жыццё і што толькі адзін від смерці мог апраўдаць яе − гэта смерць за жыццё, смерць за людскія жыцці і ў самым неабходным выпадку.
Ззаду ўспыхнула чырвоная ракета − гэта Сахно даў сігнал атакі, і амаль адначасна чыхнулі збоч батальённыя мінамёты. Цераз паднябессе заскуголілі міны; барвовыя водбліскі ракеты цьмяна слізганулі па вяршалінах хмызняку і зніклі, уступіўшы магутнае сіле начной цемры. «Было б болей мін − лягчэй бы дасталася стралкам, − думаў Васілевіч. − Праклятыя Ручайкі: вёсачка дзесяць хат, а колькі клопату. І Патапенку шкада, добры быў ротны…»
Але дзе ж рота? Васілевіч прытупаў па раллі да некалькіх свежых акопчыкаў на ўзгорку, яны былі пустыя. Нямецкія кулямёты ў вёсцы ўсё білі некуды ў балацявіну ўнізе. «Няўжо Жаркоў атакаваў да часу?» − падумаў капітан, услухоўваючыся ў недалёкую бойку. У яго быў чуйны да рознагалосіцы бою слых, але цяпер Васілевіч не пачуў там ніводнага стрэлу нашае зброі, чамусьці маўчаў і «гаруноў». І ўсё ж ён падумаў, што рота, відаць, была там.
Насцярожана прыслухоўваючыся да наваколля, ён хуткім крокам пасігаў уніз па адхоне. «Трэ хутчэй дабрацца… Што там нарабіў гэты Жаркоў?» − трывожна думаў камбат. Ён натрапіў на нейкую аўражыну, зарослую хмыззём, у ёй чарнела асабліва густая цемра і недзе на схіле невыразна бялеў лапік снегу. Васілевіч ужо сунуўся туды, ухапіўшыся за падмёрзлае, крохкае суччо, як пачуў непадалёк прыцішаны голас і крокі людзей. Ён прытаіўся і на момант адчуў у сабе прыкрую думку, што, мабыць, Жаркоў не апраўдаў надзеі, пэўна, паразгубляў людзей, розных сувязістаў і абознікаў, і цяпер сарве атаку. Але затым раптам раздалася вельмі ўжо выразнае, такое катэгарычна варожае «Хальт! Хальт!», і ўдарыў аўтамат. Гэта было блізка, праз якіх сто крокаў. Васілевіч выпусціў з рук сцюдзёную галінку, прыгнуўся, нетаропка, стараючыся як мага цішай, дастаў пісталет і стаіўся. Аўтамат з цемры даў некалькі таропкіх чэрг, але куль наўкола не было чуваць (значыць, білі не ў гэты бок), затым зусім нечакана і жахліва ў лапоткім грукаце стрэлаў завыў немы жахлівы крык. «Што? Хто гэта? − сцяміўшы небяспеку, трывожна здзівіўся капітан. − Чаму тут немцы?..»
Читать дальше