Я ішла пешкі з работы праз мост, я люблю масты. У Ленінград на экскурсію ездзіла, каб паглядзець на масты, спынілася ля парэнчаў і зірнула ўніз: мяне павабіла вышыня… У тым, другім жыцці, у мяне, пэўна, штосьці было з вышынёю, яна мяне заўсёды вабіць… Мне захацелася апусціцца ўніз плаўна, ціха, каб не чутно, каб не балюча і каб ніхто не бачыў. І ніхто пасля не знайшоў. Быццам мяне ніколі не было… Гэта не перадаць… Гэта не растлумачыць… (Замаўкае.) Мне цяпер стала страшна жыць…
Я ўсяго баюся… Я баюся чалавека… Раней я заўсёды штосьці чакала ад кожнага стрэчанага чалавека, штосьці добрае. Выйду ў горад — гэта наш горад! Была вялікая, была непераможная краіна! Я жыву мінулым… Як за калючым дротам… Няма вышкі, няма вартавых, але пайсці мне адтуль няма куды… З мінулага… Я нікому тут… Цяпер не патрэбна… І дома, і на рабоце… Вакол мяне жывуць зусім іншыя людзі, яны ўсе не такія, як я. У мяне з дзяцінства гэтае адчуванне, з лагера… Памятаю, як у «Новом мире» надрукавалі і ўсе чыталі «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» Салжаніцына. Былі ўзрушаны! А я не разумела, чаму такая цікавасць, такое здзіўленне? Усё было знаёмае, зусім для мяне нармальнае: зэкі, лагер, параша… І — зона…
…У трыццаць сёмым арыштавалі майго тату, тата працаваў на чыгунцы. А праз паўгода я нарадзілася. Мама бегала, прасіла, даказвала, што тата не вінаваты, што гэта памылка… На мяне яна забылася… Нарадзілася неданошанае дзіця… Але я выжыла… Я чамусьці выжывала шмат разоў…
Потым маму таксама арыштавалі і мяне разам з ёй, бо мяне нельга было пакінуць адну ў кватэры, мне было чатыры месяцы. Дзвюх старэйшых сястрычак мама паспела адправіць да татавай сястры ў вёску. Але з НКУС прыйшла папера: прывезці дзяцей назад у Смаленск. Іх забралі проста на вакзале: «Дзеці будуць у дзетдоме». Яны распавялі нам аб гэтым праз шмат гадоў…
Я памятаю, што спачатку ў лагеры я жыла з мамай. Усе малыя дзеці жылі з мамамі. Потым нас забралі ў асобны дзіцячы дом. Раніцаю цераз дрот мы бачылі, як нашых мам строяць, лічаць: адзін, два… І вядуць на работу. Вядуць за зону, куды нам хадзіць было нельга. Калі ў мяне пыталіся: «Адкуль ты, дзяўчынка?» — я адказвала: «З зоны». «Зазона» — гэта быў другі свет, нешта недасяжнае, што палохала, для нас не існавала. Можа, гэта была казка, можа, жах. Не ведаю. За зонай — пустыня, пясок, сухі кавыль… Мне здавллася, што пустыня там да самага краю, далей за небакрай. Што іншага жыцця, акрамя нашага, нідзе няма. Нас ахоўвалі нашы салдаты…
Быў у мяне сябрук Рубік Цырынскі, кучаравы, з профілем Пушкіна. Ён вадзіў мяне да мамы цераз лаз пад дротам. Усіх пастрояць ісці ў сталовую, а мы схаваемся за дзвярыма.
— Ты ж не любіш піражкоў з капустай? — кажа Рубік.
Я пастаянна хацела есці і вельмі любіла піражкі з капустай, але дзеля таго, каб убачыць маму, я згаджалася на ўсё.
— Не, я не люблю піражкоў з капустай. Я люблю маму.
І мы паўзлі ў барак да мам. А барак быў пусты, мамы былі на рабоце. Мы ведалі, але ўсё адно паўзлі і, як шчаняты, абнюхвалі там кожны закутак: жалезныя ложкі, жалезны бачок для пітной вады, конаўка на ланцужку — усё пахла мамамі. Часам мы знаходзілі там чыіх-небудзь мам, яны ляжалі на ложку і кашлялі. Чыясьці мама кашляла крывёю… Рубік сказаў, што гэта мама Томачкі, якая ў нас самая малая. Гэтая мама неўзабаве памерла. А як памерла сама Томачка, я доўга думала, каму сказаць, што Томачка памерла. Бо яе мамы няма, яе мама таксама памерла…
Калі я сваёй маме пра гэта расказвала… Праз шмат гадоў… Яна не верыла, яна гаварыла: «Табе тады было ўсяго чатыры гадкі». Я ўспамінала, як з нейкіх маленькіх шматкоў яна шыла вялікія куфайкі. Яна зноў мне не верыла:
— Табе было толькі чатыры гадкі.
— Мама, я яшчэ пыталася, чаму яны чорныя? А ты адказвала: «Затое цёплыя».
— Праўда? — здзіўлялася мама. — А я ўсё хачу забыць. Я аднойчы нават забыла твар нашага таты…
Мне здаецца, я памятаю ўсё: водар кавалачка дыні, які мама мне аднойчы прынесла. Памерам з гузік… У нейкай анучцы… Я запомніла яго назаўсёды. Памятаю, як хлопчыкі паклікалі мяне гуляць з катом, а я не ведала, што такое кот. Яго прынеслі з-за зоны, у зоне катоў не было, бо не заставалася аніякіх рэшткаў яды, мы ўсё падбіралі, з'ядалі, як звераняты. Елі нейкую траўку, карэньчыкі. Нам вельмі хацелася пачаставаць чым-небудзь ката, але ў нас нічога не было, і мы кармілі яго сваёй слінкай, пасля абеду. Ён еў.
Памятаю, як мама хацела даць мне цукерку.
— Анечка, вазьмі цукерку! — крычала яна.
Читать дальше