Чамусьці не страшна…
Ля самага мора — яшчэ адны «Жыгулі»… Лабавое шкло разбіта… Лужына крыві… Жаночыя туфлі валяюцца… Мужчынскі капялюш…
Чамусьці не страшна… Толькі хутчэй хацелася дадому… Гэта праўда.
Аднекуль зверху папоўз цяжкі гул. Мы падымалі галовы ў неба: што там? А насустрач нам ішлі танкі. Яны ішлі не калонай, а па адным, бязладна… Наверсе сядзелі салдаты з аўтаматамі. Аўтаматы ва ўпор на нас настаўлены… Яны ішлі бязладна, бо адны танкі хутка вырываліся ўперад, іншыя запыняліся ля камерцыйных ларкоў. Салдаты саскоквалі… Прыкладамі збівалі замкі… Бралі шампанскае, цукеркі, шакалад. Усе смяяліся, надта шмат смяяліся… За танкамі ішоў аўтобус «Ікарус», набіты матрацамі. Чаму — матрацамі?
Вайна? Але хіба гэта вайна? Нейкая вайна, не падобная на вайну. У кніжках яна іншая… Там прыходзяць чужыя… А тут усе свае… На адной мове гавораць… Браты… Знаёмыя… Нядаўна… (Маўчыць.) На адной мове гавораць… (Паўтарае гэтыя словы некалькі разоў.)
Дома маці кінулася да тэлевізара. Уключыла. Іграў сімфанічны аркестр…
Перад тым, як ісці на рынак, я нарыхтавала памідораў, агуркоў… Каб кансерваваць… Слоікі вымыла… (Паўза.)
І вось я пачала кухарыць. Закручваць слоікі. Маці глядзела на мяне, як на вар'ятку. А я гатавала, варыла… Каштавала, што атрымалася: досыць солі ці не хапае — дадаць… Я падаўжала наша ранейшае жыццё… Яшчэ на гадзіну, дзве… На адзін вечар… На адну ноч… Я люблю свой дом… Я люблю сваю маму…
Я не ведаю зараз: жывая мая мама ці не?
Раніцаю праз наша сяло пайшлі танкі. Адзін спыніўся ля нашага дома. Экіпаж — расейскі. Я дацяміла: наёмнікі. Хацела ў іх запытацца:
— Куды вы едзеце?
Яны паклікалі маму:
— Маці, дай вады.
Мама прынесла ім вады і яблыкаў. Ваду выпілі, а яблыкі не ўзялі. Сказалі:
— У нас учора аднаго атруцілі яблыкамі.
Я баюся крыві… Я больш за ўсё баялася ўбачыць, як забіваюць…
На вуліцы страчаю сяброўку:
— Што ў цябе? Дзе твае?
Яна прайшла міма. Я пабегла за ёй, схапіла за плечы:
— Што з табой?
— Я ўжо тваю маму папярэдзіла: вы да мяне не падыходзьце: я — абхазка, у мяне муж — абхазец.
Я абняла яе з усіх сіл!!!
Уначы да яе прыходзіў родны брат… І хацеў яе мужа забіць… Толькі за тое, што ён абхазец… Толькі за гэта…
Праз некалькі дзён хавалі суседа… Грузіна… Дзевятнаццаць гадоў… Яго маці ідзе за труной: то плача, то азірнецца — і смяецца… Яна звар'яцела… (Маўчыць.)
Яны нядаўна ў адным класе вучыліся, а цяпер страляюць адзін у аднаго… (Маўчыць.)
Вы калі-небудзь выпадкова падслухалі, аб чым гавораць старыя ля дома на лаўцы? Аб тым, як яны былі салдатамі. А старыя жанчыны ўспамінаюць, якія яны былі маладыя і прыгожыя. (Паўза.) Мужчыны ваююць… Падлеткі…
Мая мама казала… Яна казала: «Я ніколі не была гэткай шчаслівай, як у старасці. І раптам — вайна».
Сядзіць старая жанчына над забітым сабачкам… І плача… Усе глядзяць і маўчаць…
Мая мама страшэнная баязліўка… Прыбяжыць ад суседзяў:
— Расказваюць, што ў Гаграх спалілі цэлы стадыён грузінаў.
— Мама!!
— А яшчэ я чула, што грузіны кастрыруюць абхазцаў.
— Мама!!
— Вось ты не верыш… А ў Сухумі разбамбілі малпоўню. Уначы грузіны за некім ганяліся і думалі, што гэта абхазец. Яны яго паранілі, ён крычаў. А абхазцы на яго наткнуліся, думалі: грузін. Даганялі, стралялі. А пад раніцу ўсе ўбачылі, што гэта параненая малпа. І ўсе кінуліся яе шкадаваць.
А чалавека б забілі…
Мне не было чаго сказаць маёй маме.
Я пайшла ў царкву. Людзей не было. Я апусцілася на калені і за ўсіх малілася. Я не ведаю, каму я гаварыла? З кім?
Я яму гаварыла:
— Яны ідуць, як зомбі. Ідуць і вераць, што робяць дабро. Але хіба можна аўтаматам і нажом рабіць дабро? Вярні ім розум!
Яны заходзяць у дом, і калі не знаходзяць нікога, страляюць у жывёлу… Я бачыла забітых парасят… Карову з прастрэленым вымем, з якога цякло малако… Нават забітага папугая ў клетцы… Яны страляюць у слоікі з варэннем, у мяшкі з мукой… Яны расстрэльваюць з аўтаматаў вераб'ёў: адны па гэты бок, другія — па той… Вярні ім розум!
Учора я была сведкай… Я сама бачыла, як малады хлопец… Грузін… Ён кінуў аўтамат і крычаў: «Куды мы прыехалі?! Я магу загінуць за Грузію! Я прыехаў загінуць за Грузію, а не красці чужую лядоўню! Чаго вы ідзяце ў чужы дом і бераце чужую лядоўню? Чужы дыван? Я хачу памерці за Грузію…» Яго пад рукі кудысьці павялі. Угаворвалі.
Другі грузін падняўся на ўвесь рост і пайшоў насустрач тым, хто ў яго страляў: «Браты-абхазцы! Я не хачу вас забіваць, і вы ў мяне не страляйце».
Читать дальше