Гэтага ўжо геру Эпінусу задосыць, і ён крычыць хвораму:
— Вы не павінны мучыцца плягамі праз такія страхі й думкі; усё вызначана найлепшым чынам і ўрэгулявана сьвятымі таемнасьцямі, якіх Вы прычасьціліся.
Хворы заплюшчвае вочы; боль у грудзях перацінае яму дыханьне, і ён зь цяжкасьцю кажа:
— За вамі яшчэ адказ, гер Агасфэр, на маё пытаньне.
Яўрэй сьмяецца.
— Я ўсюды іх судашаю, асірацелыя душачкі; над зямлёю і паміж нябёсамі лунаюць яны, празрыстыя як подых зімою, і зьнікаюць зь ветрам бясконцасьці, і я часта пытаюся ў сябе, а ці ня было б мілажальнай ласкай Бога, каб ён даў ім нарэшце цалкам растаць.
Хвораму робіцца зусім няўцешна, і ён пачынае жаласна плакаць. Пасьля чмыхае, ускідае ўгору нос і пытаецца:
— І няма ратаваньня ў Хрысьце?
Яўрэй вагаецца. І зноў успамінае рабі, і як той угнуўся пад крыжам і як ішоў далей, і ён кажа:
— Рабі любіў людзей.
І тут хвораму зрабілася так, быццам той абруч, які сьціскаў яму горла, парваўся, і ён стогне ўголас, і ўздыхае глыбока й шчасьліва, апошні раз, і тады жыд праводзіць яму далоняй па павеках.
Ніхто ня ведае, колькі доўжыцца ціша, пакуль гер галоўны пастар не спахапляецца й не пачынае ўголас маліцца:
— О ты Божае ягнятка, што нясеш на сабе грэх сьвету, зьлітуйся і ўмілажалься з нас. О ты Божае ягнятка, што нясеш на сабе грэх сьвету, дай нам мір. Хрысьце, пачуй нас. Kyrie eleison. Christe eleison. Kyrie eleison.
Пасьля чаго жонка Ганна й дочкі Марта й Магдалена выбухаюць гучным галасам, а сын Дзітрых думае, што ён вось павінен разаслаць пісьмы ўсім гандлёвым партнёрам і карэспандэнтам таго зьместу, што дом Райнгарда Айцэна, палатно й шэрсьць, з гэтага часу будзе ўзначальвацца ім, і што дом будзе пастаянна верна сьледаваць сваім абавязанасьцям, што, думае ён далей, пры сёньняшніх завышаных цэнах і таму што ён павінен будзе выплаціць брату, магістру, і сваім сёстрам Марце й Магдалене іхнюю долю, яму патрэбная божая дапамога, альбо што ён павінен будзе залезьці ў боргі да жыдоў.
Пры гэтай подумцы на вочы яму зноў трапляе жыд, зь якім толькі што гаварыў яго спадар бацька, і вось ён стаіць, крыху разгублены, і ўжо больш зусім ня ўзьнёслы, а як звычайны жыдок, і таму ён хапае яго за каўнер зашмальцаванага лапсердака й штурхае ў дзьверы прэч. Крыху пазьней ён і ўся сям'я зводзяць уніз па лесьвіцы гера Эпінуса й праз шырокія сені да дзьвярэй дома, пры чым магістр Паўль асабліва рупліва лістам сьцелецца перад герам галоўным пастарам; застаецца толькі нябожчык, склаўшы рукі на грудзях, вусны ўміратвораныя, і цяпер, нябось, ведае ўжо, зь якое ягонае дзіркі вышмульнула несьмяротная душа й куды памкнулася.
Разьдзел пятнаццаты. У якой прафэсара Лёйхтэнтрагера павучаюць, што душа выконвае функцыю чалавечай нэрвовай сістэмы, а богабаязныя варшаўскія яўрэі сумняваюцца ў Бозе, і Агасфэр спальвае сам сябе
Геру
праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру
Hebrew University
Jerusalem
Israel
24 сакавіка 1980
Шматшаноўны гер калега!
Тое, што сёння, ужо праз некалькі дзён пасля майго пісьма Вам ад 17 г.м., я пішу другі раз, мае сваю прычыну ў маіх апасеннях, што сваю думку, якая стаіць у цеснай сувязі з усім Агасфер-комплексам, я да гэтага часу асвятліў недастаткова. Мае папярэднія ўяўленні на гэты конт падзяляюцца, зрэшты, калектывам майго інстытута, які ўзяў на сябе абавязацельства да 1 Мая, міжнароднага свята працоўных, звесці матэрыял у эсэ пра рэакцыйны характар міфаў пра вандраванне душ.
Разглядаць Агасфера, які нібыта ў розны час і ў розных мясцінах зноў і зноў усплывае як канкрэтны прыклад вандравання душ, пры чым канкрэтная праклятая душа заўсёды ўвасабляецца ва ўсё новай, праўда, заўсёды падобнай постаці, блізкая мне, і мною, як Вы можаце прачытаць, у раздзеле «Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда» ў маёй працы «Самыя вядомыя іудэа-хрысціянскія міфы ў святле прыродазнаўчага і гістарычнага пазнання», таксама адзначана; пры далейшым разважанні пра нашу двухбаковую карэспандэнцыю па гэтай тэме гэты момант здаецца мне дадаткова важкім, так што цяпер я лічу неабходным ўдацца ў яго больш дэталёва, асабліва таму, што я падазраю, што і Вам такія ідэі ў кантэксце з праблемай Агасфера павінны былі прыходзіць на думку.
Загадзя прымаю, і Вы мне, спадзяюся, ласкава дазволіце, Вашую згоду з маім тэзісам, што паняцце «вандраванне душ» патрабуе, прынамсі, наяўнасці душы. Але ці ёсць яна наогул, чалавечая душа, і, лагічна следуючы гэтаму пытанню, ці ёсць яно, жыццё чалавека пасля смерці?
Читать дальше