Але гер галоўны пастар Эпінус з тых, хто заўсёды стрымгалоў ляціць па сьледзе галоўнай задачы, няважна, каму наступаючы пры гэтым на пяты, а тут якраз прысьпела наставіць на правільны шлях душу, добра прэпараваную і падрыхтаваную ў даль-дарогу — пахвальны чын і служба дружбы звыш таго. І ён адсылае жонку й дзяцей хворага з пакоя, як вялікі птах шырокімі размахамі, бо для сьвятой таемнасьці споведзі прадпісана, каб ён быў сам-насам з грэшнікам. Пасьля падыходзіць да краю ложка, на якім ляжыць хворы, такі аціхлы й бледны, з потам страху на лобе, і загаворвае зь ім голасам, які гучыць, быццам ужо спатойбоч магілы:
— Калі прызнаеш ты, Райнгард Айцэн, што грашыў і раскайваешся ў гэтых грахах сваіх, дык адказвай — так.
Хворы моцна палохаецца пры гэтых словах, якія ён ведае. Няўжо зайшло аж так далёка, што я мушу адгарнуцца ад сьвету, калі яшчэ зусім не гатовы да гэтага; і дзе мой сын Паўль з абяцаным мне жыдам?
Галоўны пастар Эпінус хоць і не пачуў з вуснаў хворага ніякага «так», аднак прымае журботны позірк хворага ўгору да бэлек на столі за пажаданы адказ, строга кашляе й пытаецца далей:
— Калі прагнеш ты, Райнгард Айцэн, дараваньня тваіх грахоў у імя Ісуса Хрыста, адказвай — так.
Хвораму здаецца, быццам ён чуе галасы з гоману за дзьвярыма. Там яны ўжо за чубы пабраліся, хоць я яшчэ не ахалонуў; усё гэта пустая марнасьць і марная трата, а той хто павінен даць патрэбную мне пэўнасьць, дзе ён?
Усё яшчэ ня было ніякага «так» з вуснаў хворага, ня было нават слабенькага кіўка, але галоўны пастар Эпінус прымае стомленыя ўздрыгі павекаў у хворага за пажаданы адказ і задае сваё трэцяе пытаньне, самае цяжкае й сур'ёзнае, ад якога залежыцьме, ці гэты вось, прасьветлены і ўжо свабодны, праз хвіліну-другую ўзьнясецца ўгору да мілажальных анёлаў, і ён кажа ўрачыстым і прыглушаным тонам:
— Калі верыш ты, Райнгард Айцэн, што Ісус Хрыстос вызваліў цябе ад усіх тваіх грахоў і што дараваньне, якое я табе выказваю, ёсьць дараваньне ад Бога, адказвай — так.
Гэтым разам, аднак, на радаснае зьдзіўленьне гера Эпінуса, хворы спрабуе загаварыць, вусны яго варушацца, хрыплы шэпт, неразборлівы. Гер галоўны пастар нахіляецца да хворага, вухам да самых вуснаў, і разумее, што той кажа, а менавіта: «Дзе жыд? Дайце мне жыда!» — але ўсё яшчэ не разумее, што мае рабіць нейкі там жыд паміж тым, хто рыхтуецца Туды, і яго спавядальнікам? Таму ён думае, што дух хворага ўжо блукае, як гэта часта бывае пры сконе, і што цяпер ужо час дакладна адмераны на адпушчэньне грахоў і прычасьце, і хуценька шэпча absolve te, быццам ягоны язык пайшоў навыперадкі з чортам:
— У сілу наказу, які даў Гасподзь сваёй царкве, абвяшчаю табе, Райнгард Айцэн: усемагутны Бог умілажаліўся зь цябе й праз пакуты й сьмерць і ўваскрэсеньне Госпада Ісуса Хрыста даруе табе ўсе грахі. Аман.
І пасьпешна асяняе знакам крыжа й сьпяшаецца да дзьвярэй адчыніць, бо жонка й дзеці хворага павінны засьведчыць, што той паспытаў ад сьвятога прычасьця й сам стаў часьцінкай ад плоці й крыві Госпада, — апошняя вячэра перад далёкай дарогай на гэтым сьвеце; але толькі дзьверы з рыпам адчыняюцца, як у іх урываецца магістр Паўль, цягнучы за руку нейкага рыжага жыда й на ўсё горла абвяшчаючы: «Вось ён!» — і гэта ў вушы брату Дзітрыху й сёстрам Марце й Магдалене, а таксама жонцы Ганьне, апошняя ў моцным хваляваньні абураецца, што во якое нахабства, што во якая ганьба — задрыпаны жыдзюга каля чыстага хрысьціянскага адра.
Небарака магістр Паўль увесь у душэўным надломе. Вось жа вам яго сыноўскі абавязак, выконваючы які ён абегаў палавіну Гамбурга, пакуль сябар Лёйхтэнтрагер не навёў на сьлед; але вось жа вам і, з такім канфузам, з такім ашаламленьнем ад нечуванага візыту, сам адрасат Лютэравага пісьма, якое ён, магістр Паўль носіць у кішэні, сам гер галоўны пастар Эпінус, хоць ты зь ім пацалуйся. Апошняе дабрадзейства бацьку, мяркуе Паўль, ня пойдзе яму на лапшае, як і сказаў яму брат Дзітрых, які ўзгадаў яму й ідыёцкія выбрыкі й студэнцкія свавольствы, і яшчэ ён сам сабе праклінае прынцэсу Трапезундзкую, якая, бы апошняя шлюндра разьлеглася ў кватэры жыда, бессаромна вываліўшы цыцкі й шынкі, і ўсяляк адгаворвала жыда йсьці суцяшаць хворага, бо, сам успомні, ці ж не хацеў гэты гер магістр турнуць іх з Гэльмштэта ў каршэнь? Але нічога не памагае, ні ягоны гнеў на Маргрыт, празь якую прапала так многа дарагога часу, ні ягоныя ўмольныя позіркі на гера галоўнага пастара Эпінуса й брата Дзітрыха; ён павінен растлумачыць і павінен зрабіць гэта так, каб яму паверылі, і пры гэтым бачыць, як яго спадар тата ківае жыду, каб той падышоў да яго, але жыд склаў рукі на грудзях і, здаецца, не заўважае, што і ўсе астатнія зусім забыліся пра хворага, які, зрэшты, быў тут галоўным персанажам.
Читать дальше