… прыйшоў дзень калі вы
прымаеце настаўніка
справядлівасьці
якому бог абвясьціў
таямніцы слоў
прарокаў
і прывялі яго перад
пракуратара які
ішоў шляхам жорсткасьці
і перад намесніка клікі
бэліальса кітэяніна…
… абсьмяяны у пакутах…
… прыйшоў час
уціску народу ізраіля сярод
усіх яго нягодаў ня было такога як гэты.
бо гэта апошні час перад
распасьціраньнем неба і перад
воінствам сьвятла…
… і ідзе ўгору хістаючыся пад
цяжарам бэлек
крывавы пот сьцякае з
падрапанага лоба настаўніка
справядлівасьці
ўніз па яго твары губы
дрыжаць у яго але ён маўчыць на
словы кпінаў
глухое вуха яго…
…але глухі і голас
князя ўсяе абшчыны
любасных богу…
… слухай ізраіль…
…ня бойцеся
не адступайцеся і не палохайцеся
полчышчаў
ворага
бо перад вамі пойдзе…
…узброены мечам
бога і шчытом давіда
непераможны…
…дастаецца ён да дома дзе
дарога заварочвае да гары
чарапоў
і робіцца круцей…
… перад парогам князь
абшчыны які там быў ад
пачатку тварэньня
адзін з сыноў бога зачаты зь
сьвятла і духа…
… і падступае да яго настаўнік
справядлівасьці…
…дай мне адпачыць перш
чым падымуся…
… пастанавіліся сем
штурмавых радоў тыя што бедныя
і ўгнечаныя
і ў сотні і
ў тысячы абшчыны
святых саюза
і чакаюць клічу…
…і на сьцягу напішы народ
божы і імёны ізраіля
і арона
і на твае штандары напішы
праўда божая і
справядлівасьць божая
і гонар божы і суд
божы…
… бо твая барацьба і
праз моц тваёй рукі…
… а настаўнік справядлівасьці
схіляе галаву і маўчыць
тады кажа яму агасфэр здымайся
і ідзі адсюль і ідзі тваёй
дарогай
тут няма месца такому як ты
а настаўнік справядлівасьці
кажа яму сын чалавечы
ідзе як напісана паводле
слова прарока
а ты застанешся і мяне
чакацьмеш пакуль я вярнуся…
Гэта, дарагі калега, мой пераклад часткі скрутка 9QRes, які датычыцца сустрэчы Настаўніка справядлівасці з Князем абшчыны: як вы заўважыце, апошні ў самым важным месцы пазначаны адкрыта імем Агасфер. Пры больш дакладным чытанні Вы далей знойдзеце, гэтае месца сваім рэалізмам адрозніваецца ад рэшты матэрыялу; згодна яму гаворка тут з вялікай верагоднасцю ідзе пра гістарычнае паведамленне аднаго з аўтараў скрутка пра важнае здарэнне. Абшчына Кумрана была толькі адной з многіх юдэйскіх сектаў, якія, падобна іншым дахрысціянскім абшчынам, былі адухоўлены верай у тое, што ўжо апошні час блізкі альбо нават настаў; у Кумране, праўда, чакалі месію ў двух іпастасях альбо, можа, нават верылі ў двух месіяў, аднаго, так сказаць, цывільнага і аднаго ваеннага, як тое яно старое габрэйскае боства мае двайны характар, адзін раз гэта бог помсты і вайны і пасля бог ласкі і любові.
Паколькі вы там у Берліне не верыце ні ў аднаго, ні ў другога, дастаткова будзе любой спекуляцыі пра тое, каторы ж тут на самай справе маецца на ўвазе; наадварот, наконт 9QRes няма ніякіх сумненняў, у ім маюцца вершы, якія амаль даслоўна паўтараюць словы з ІQM, так званага ваеннага скрутка, і з ІQpHab, так званага Абакумавага каментара.
Я спадзяюся, што паслужуся Вам праз гэта паведамленне, і застаюся з найлепшымі вітаннямі
Ваш
Ёханаан Лёйхтэнтрагер
Hebrew Univercitу
Jerusalem
Геру
праф. д-ру Dr. h.c. Зігфрыду Байфусу
Інстытут навуковага атэізму
Бэрэнштрасэ 39а
108 Берлін
14 сакавіка 1980
Дарагі таварыш Байфус!
У апошнім пісьме Вам ад праф. Ё. Лёйхтэнтрагера з Ерусаліма маецца пераклад памечанага знакам 9QRes габрэйскага рукапісу. Калі перад намі не фальшыўка, што ў абставінах, якія цяпер склаліся, малаверагодна, дык гаворка тут ідзе пра тыповы прадукт мілітарысцкага духу ізраільскага народу, духу, які дасягнуў свайго цяперашняга апагею ў развіцці сіянісцкага імперыялізму. Варта толькі прачытаць, што там было напісана на «сцягу» Ізраіля, каб пераканацца, на які напрамак гэта ўказвае.
Я даю Табе падумаць, ці Ты, кладучы ў аснову гэтага рукапісу і некаторых іншых тэкстаў, здабыванне якіх прадастаўлена Табе, не павінен быў сабраць і прадставіць матэрыял, у якім Ты ўказаў бы на сувязі паміж рэлігіяй і імперыялістычнымі экспансіянісцкімі памкненнямі, асабліва ў дачыненні да Ізраіля. Я падкрэсліваю Ізраіль, бо падобныя тэндэнцыі праяўляюцца і ў ісламе, якія мы з улікам палітычных мэтаў, што асягаюцца нашымі савецкімі сябрамі і намі, хацелі б пакінуць без увагі.
Читать дальше