German Democratic Republic
31 студзеня 1980
Многапаважаны, дарагі гер калега!
Сваім пісьмом ад 12 г. м. Вы зрабілі мне надзвычай прыемную неспадзяванку. Я зусім не чакаў, што некалькі маіх заўваг сустрэнуць з Вашага боку такую цікавасць, і мяне перапаўняе зразумелае пачуццё задаволенасці, калі я даведваюся ад Вас, што Вы падключылі да даследавання справы Агасфера ўвесь Ваш калектыў. На жаль, мы ў гэтай вобласці, з пункту гледжання, так бы мовіць, нашай плацёжаздольнасці, вымушаны абыходзіцца больш сціплымі сіламі.
Тым не меней я спяшаюся дастацца на вышыню Вашых прапановаў, наколькі яны дазваляюць быць неадкладна рэалізаванымі. Вы знойдзеце прыкладзеныя ў дадатку тры фотаздымкі. Адзін з іх прадстаўляе гера Агасфера перад будынкам шавецкай майстэрні на вуліцы Віа Далароза-Дарозе Смутку; астатнія дзве выкананы ў традыцыйнай форме, адна en face, відаць правае вуха, і адна ў профіль; гэтыя здымкі паходзяць, каб ужо сказаць пра гэта адразу, не з паліцэйскай картатэкі, хоць былі, каб задаволіць Вашыя магчымыя прэтэнзіі, знятыя паліцэйскім фатографам. Пры больш пільным разглядзе Вы распазнаеце, што зняты несумненна — мужчына з характарам, інтэлігентны, і — звярніце ўвагу на рот і вочы! — валодае пачуццём гумору; дазволю сабе яшчэ зазначыць, што жанчыны праяўляюць да яго неабыякую цікавсць, тым болей, што ён малады.
Далей, і зноў следуючы Вашым пабуджэнням, глыбокапаважаны гер калега, я правёў судова-медыцынскае абследаванне гера Агасфера. Яно было праведзена прафесарам Хаскелем Мейеровічам, кіраўніком Судова-медыцынскага інстытута Яўрэйскага універсітэта; прыкладзеная дакументацыя сведчыць, што абследаваная асоба адпавядае канстытуцыі мужчыны прыкладна сарака гадоў і не носіць на сабе ні слядоў значных цялесных траўмаў, ні прызнакаў хранічных хваробаў. Аналіз крыві даў, праўда, вынікі, якія пабудзілі прафесара Мейеровіча, прыцягнуць да даследавання д-ра Хаіма Бімштэйна з Радыялагічнага інстытута універсітэта. Апошні змог пацвердзіць, што ў крыві абследаванага фактычна знаходзяцца сляды элементаў радыёактыўных рэчываў з перыядам паўраспаду мінімум у дзве тысячы гадоў, што ўказвае на тое, што гер Агасфер можа быць яшчэ старэйшым, чым гэта лічылася дагэтуль, а не беспасрэдна датычыцца часу нараджэння Ісуса з Назарэта. Адзін экземпляр падпісанага абодвума дактарамі заключэння прыкладваецца да матэрыялаў.
Я таксама меў намер напісаць Вам кароценькае паведамленне з апісаннем маіх асабістых назіранняў за падзеямі апошніх дзён у Варшаўскім гета і не толькі таму, што мой сябар Агасфер адыграў у іх пэўную ролю, а таму, што такія факты Вас як грамадзяніна адной з германскіх дзяржаў павінны асабліва крануць. На жаль, альбо лепей сказаць, на маё задавальненне, перашкодзіў у гэтым мой іншы абавязак, менавіта — паездка ў Стамбул, дзе, як Вам напэўна будзе вядома, у былым сералі каліфа знаходзіцца архіў Высокай Порты.
Дзякуючы ласцы куратара, прафесара Кемаля Дэнкташа, мне нарэшце было дазволена папрацаваць у архіве, і я знайшоў там, што даўно ўжо шукаў, а дакладней — дакументацыю аднаго працэсу супроць былога радцы імператара Юліяна Апастаты. Працэс адбыўся a.d. 364 (у 364 г.), праз год пасля гвалтоўнай смерці імператара, і адным з абскаржаных сапраўды быў яўрэй з імем Агасфер. На жаль, пашкоджаны рукапіс утрымлівае ў сабе фрагменты абвінаваўчай прамовы Грэгара Нацыянца, пазнейшага патрыярха Канстанцінопальскага, у якой апошні закідае ў віну Агасферу, што ён «падкопваў Апастату з мэтай прадухілення хваляванняў і перавароту, накіраваных на падрыў царкоўнага і дзяржаўнага ладу як у Рыме, так і ў Царстве Божым, падбухторваў хрысціян да бунту і патрабаваў, каб хрысціянскія біскупы вярнулі ўсё, што яны нарабавалі ў храмах і сінагогах.»
Агасфер меў магчымасць абараняцца; я здолеў, паколькі пергамент у гэтым месцы быў моцна папсаваны, расшыфраваць толькі некалькі фрагментаў з яго выступу, але нават іх толькі часткова. У кожным разе, з расшыфраванага вынікае, што ён нібыта заявіў, быццам Ісус, якога шанавалі хрысціяне, не быў ні сын яўрэйскага бога, ні чаканы яўрэямі месія, а просты равін, прадказальнік і рукапаложнік, адзін з тых, што і сёння займаюцца гэтым, а вучэнне, якое практыкуецца ад яго імя, гэта не што іншае, як малазразумелая мешаніна з таго, што з сябе ўяўлялі самі яўрэі, — гэта даўно асудзілі і адкінулі грэкі. А ён, Агасфер, усё добра ведаў, бо знаў Ісуса асабіста і нібыта сам гутарыў з ім.
Канец дакумента сведчыць наконт пакарання абскаржанага: Агасфер мае быць чвартаваны. Вы і я, паважаны гер калега, згодныя ў тым, што царква на працягу сваёй гісторыі ўчыняла шмат жорсткіх акцый; як і кожная ўгрунтаваная на догмах арганізацыя, яна не даруе нікому, хто хоць у дробязі ставіць пад сумненне яе вучэнне.
Читать дальше