Але ты ня кінуўся ўніз, рэбэ Ёшуа, кажу я. Чаму?
Тады ён пагладзіў сваю рэдзенькую бародку худымі, бруднымі пальцамі й паківаў галавою і сказаў: Бо таксама напісана: «Не спакушай Госпада Бога твайго».
А я прысеў каля яго на кукішкі й абняў яго рукою сваёю і сказаў: Я ведаю таго, хто ўзяў цябе за руку й павёў у Сьвяты горад і паставіў на крыло храма, і калі б ты кінуўся ўніз, ляжаў бы ты разьбіты й патрушчаны на дварышчы сярод гандляроў. І вось ты жывеш, рэбэ Ёшуа, і ад цябе зыходзіць сьвятло й вялікае спадзяваньне. Таму йдзі за мною, я пакажу табе твой сьвет.
І павёў я яго на высокую гару й паказаў яму ўсе царствы сьвету й як у кожным зь іх панавала беззаконьне, тут ва ўдоваў і сірот адбіралі апошні кавалак хлеба, там аддавалі людзей на парваньне ільвам і іншым зьвярам і сьмяяліся, гледзячы, а там зноў жа паэты мусілі апяваць уладыкаў, тым часам як сяляне запрагаліся ў плугі, і паўсюль дужыя сядзелі на шыях у слабых і паганялі іх і мучылі іх. І вось сказаў я яму, кажучы: Калі ты Сын Божы, дык падзівіся, як мудра ўсё ўладзіў Бацька твой, і вазьмі пад сваю руку, і перавярні ніжніх угору, бо прыйшоў час узьвесьці сапраўднае царства Божае. Выйдзі й прамові да народу й зьбяры яго вакол сябе й вядзі яго, як гэта колісь зрабіў іншы Ёшуа, і скажы ім, што яны павінны аперазацца дзеля таго дня, і тады загадай трубіць трубамі, і брамы царстваў сьвету адчыняцца перад табою, і муры абрынуцца ў пыл, а ты будзеш валадарыць над імі ў бляску й праведнасьці, і чалавек будзе свабодны, каб здабываць неба.
Але ён блукаў вачыма па-над далінамі й вышынямі, над крутымі скаламі, на якіх ляжаў сьнег, і над халупамі й над палацамі, што пазнаваліся ў далечыні, і сказаў сваім ціхім голасам, кажучы: Маё царства ня ёсьць царства ад гэтага сьвету.
Але ж ты можаш пачаць з гэтага, сказаў я, можа, што атрымаецца.
Ён маўчаў.
О, рэбэ Ёшуа, падумаў я, я хачу змагацца з табою, як змагаўся анёл Госпада зь Якавам, і я сказаў, кажучы: Сказана ў прарокаў, што прыйдзе той, які панізіць князёў і судзьдзяў зямных сатрэ ў пыл, быццам і ня сеялі іх і не гадавалі й быццам ня было кораня ў іх камлёў.
Ён узяў мяне за руку, і я адчуў, якая яна ў яго халодная ў разрэджаным паветры над вяршынямі, і ён сказаў: Але прарок таксама кажа: «Ён ня будзе ганіць, і ляманту яго не пачуюць на вуліцах; разьмятую салому ён не зламае й тлеючы кнот не задзьме.»
Рэбэ Ёшуа, адказаў я яму, але ж таксама напісана: «Ён прыйдзе магутна, і яго рука заваладарыць, і яго ёсьць адплата.»
Але ён паківаў галавой і сказаў, кажучы: Але ж не, адкідзень, што зноў пнешся ўгору, бо прарок кажа пра мэсію: «Глядзі, дачка Сіёна, вось, Цар твой ідзе да цябе, праведны й ратавальны, лагодны, седзячы на асліцы й на маладым асьле, сыне пад'ярэмнай.»
І вось ахапіў мяне вялікі гнеў, і я адказаў: Такі не павінен дапускаць малако ў збанку да скісаньня. Не, ты ня той, хто там павінен прыйсьці і ўзвысіць усе даліны й ўсе горы й пагоркі панізіць і выраўняць няроўнае; мы павінны будзем чакаць некагась іншага. Але цябе яны возьмуць, і зьняславяць як ілжэцара, яны будуць цябе бічаваць, і ўскладуць на галаву тваю церне й прыб'юць цябе да крыжа, і вісецьмеш, пакуль твая кроў павольна й уся ня сплыве з твайго пяшчотнага цярплівага сэрцайка; ня агнец ёсьць той, хто зьмяняе сьвет, агнца рэжуць.
Агнец, кажа ён, вазьмі віну на сябе.
І вось я пакінуў яго стаяць на холадзе й пайшоў сваёй дарогай. Але ён пасьпяшаўся за мною ўніз па схіле гары, спатыкаючыся, няроўнай хадою, і ўсклікнуў: Не пакідай мяне, бо ў мяне больш нікога няма, і я ведаю, ніводная рука не падымецца за мяне, а ўсе адступяцца ад мяне.
Я стрымаўся ў сабе. А ён, дрыжучы, падышоў з буйнымі кроплямі поту на лобе, і я ўжо каяўся, што адштурхнуў яго ад сябе, і сказаў: Няма ніякай роўнасьці паміж табою і мною, бо я дух, а ты Сын чалавечы. Але я хачу быць з табою, калі яны ўсе пакінуць цябе, і я хачу суцешыць цябе, перш чым прыйдзе твая гадзіна. Каля мяне ты зможаш адпачыць.
Але ён пакінуў пустыню й выправіўся ў Капернаўм да рыбакоў і прапаведаваў народу, што лагодныя дабрашчасьцяцца, бо іх будзе Царства Нябеснае, і што дабрашчасныя таксама й тыя, якія тут галадаюць і прагнуць справядлівасьці, бо яны спатоляцца.
Разьдзел шосты. У якім прафэсару Лёйхтэнтрагеру аўтарытэтна паведамляецца, што мы ў ГДР ня верым у цуды, як і ў рэальнае існаваньне Вечнага Жыда
Геру
праф. д-ру Dr. h. c. Зігфрыду Байфусу
Інстытут навуковага атэізму
Бэрэнштрасэ 39а
108 Берлін
Читать дальше