Мне стала не надта ўтульна ў альтанцы каля мора з пальмамі... Бо яшчэ раз выходзіла, што падпалкоўнік Панок не пудзілам пустым мяне палохаў.
— Кажу табе: ён піў! — для самога сябе запярэчыў я ва ўсім вінаватаму Феліксу. — І выгналі яго гады тры таму.
— Дык гэта і было тры гады таму. Не зараз.
Я ўжо збіраўся пра падпалкоўніка Панка распавесці, не аднаму ж Феліксу размову нашу дагаворваць — і тут згадаў: тры гады таму Лідзія Паўлаўна была ў Амерыцы! Я так і не зразумеў тады: як, чаго? — не дапытваўся... Яно і зараз неверагодна, каб дапытвацца: не магла ж яна сына здаць.
Фелікс глядзеў на мяне, нечага чакаючы, я спытаў:
— Гэта ўсё?
— Да ўсяго далёка... — вырашыў прапусціць маю паўзу Фелікс. — Тры гады прамінула, а тры тыдні таму знаходзяць мяне два рухавыя малайцы ў Германіі, я там лекцыі чытаў. І пытаюцца пасля ўсялікіх анекдотаў і зямляцкіх рухаў да збліжэння: вас цікавяць распрацоўкі Рутнянскага?.. І кажуць: мы гатовыя прадаць. Ты разумееш?..
Я не ўсё яшчэ разумеў.
— Яны з лабараторыі?
— Ага, з лабараторыі! Лабаранты! Толькі ў званнях не прадставіліся, капітаны ці маёры... І ў іх на дыскетах — усё, што Рутнянскі напрацаваў. Разам з праектам сейсмічнай зброі.
Вось і ўсплыла паперчына са дна кардонкі з лекамі...
І ўсё з яе высыпалася, раскацілася... з мяне ўсе пытанні выпалі... не ведаў, пра што далей пытацца — мусіць, трэба пра гэтую зброю...
— А гэтая зброя сейсмічная... яна што такое?
— Як сказаць, каб расказаць... — На твар Фелікса выплыла намаганне, такое ж, якое выплывала на твар Максіма Аркадзьевіча, калі ён пра дао мне расталкаваць намагаўся, але хіба я вінаваты, што вы такія вучоныя, а я лабух... — Яна ўмоўна так называецца. Можна рэзананснай назваць. Прыклад рэзанансу са школы помніш? Як салдаты па мосце маршыруюць — і мост абрушваецца? Бо частата біення марша выпадкова супадае і накладваецца на частату хістанняў маста. Тут прыблізна тое самае, толькі не выпадковае... Параматычны рэзананс... Тое, што можа, скажам, Англію, як мост, на дно Атлантыкі абрушыць. Ці ўздыбіць дно акіяна — і змыць той жа мост, хваляй накрыць тую ж Англію... І яно гадамі ў сейфе пылілася нікому не патрэбнае! Краіна распадалася, не да таго ўсім было — у тым ліку і канторскім. Але гэтыя першымі пачалі ачомвацца, службу спраўляць... Перахапілі маё пісьмо і зацікавіліся: што ж там яшчэ? І сейф ачысцілі. Разабраліся — а далей што рабіць?.. Калі ні тэхналогій ніякіх, ні сродкаў на іх. Тут Савецкі Саюз ці пацягнуў бы, якая там Беларусь... Яны і вырашылі прадаць тым, у каго і сродкі, і тэхналогіі. Хто ўцяміць адразу, колькі яно каштуе.
— Табе?
Фелікс хмыкнуў.
— Мне... Мне тое, што я ў Рутнянскага папрасіў. Прычым, за так, як прэзент за астатняе... Калі я кваліфікавана звяду іх з пакупнікамі.
Пра Фелікса ў газетах, калі ён з’ехаў, як пра здрадніка пісалі... Якога дзяржава карміла, вучыла, а ён... І адчуваючы сябе ўсё болей няўтульна, я не прыдумаў нічога іншага, як сказаць:
— Гэта ж дзяржаўная здрада...
— Вер не вер, я тое самае ім сказаў. Тады адзін з іх, маладзейшы, нібы здзівіўся: маўляў, вам якая розніца?.. — а старэйшы спытаў, я слова ў слова запомніў: “Як вы лічыце, ці можа мець месца дзяржаўная здрада ў дзеяннях па даручэнні дзяржавы? Якой трэба адольваць эканамічны крызіс, у якой столькі праблем — ды яшчэ Чарнобыль? Вы ж ад Чарнобыля, ведаючы праблему, і з’ехалі?..” Чарнобыль ён мне ўжо як костку падкінуў. З намёкам, што яны да мяне без прэтэнзій, бо я не нейкі там палітычны эмігрант.
З дому выскачыў хлопчык год сямі, закрычаў у вокны: “Сервер, гад ты такі! Вайна!..” “Я табе дам вайну, ідзі работу дарабляй!” — пачуўся з дзвярэй жаночы голас... але не голас Лі-Лі, ды й не стане ж яе татарын, як наложніцу, трымаць... і следам за тым хлопчыкам, які вайну аб’явіў, выбег старэйшы хлапчук, год дзесяці, згроб меншага і заштурхаў зноў дамоў: “Вайна, куля ў цябе з гаўна!..”
Пяцёра — і ўсе розныя. Дружба народаў.
— Мне б дзяцей... — нечакана і неяк па-жаночаму ўздыхнуў Фелікс. — Ці хоць пляменніка якога. Твае як растуць?..
Фелікс апраменіўся ў Чарнобылі. Так што сапраўды ведаў праблему. Але пра яе тады, у эпоху галоснасці, трэба было ці маніць, ці маўчаць. Усе чакалі, што праўду скажа начальнік галоснасці Гарбачоў. Я таксама чакаў, нават заклаўся з Феліксам на скрыню каньяка, што скажа... Гарбачоў не сказаў, каньяк я прайграў, ды выйшла, што Фелікс, які не піў, нічога не выйграў. Ні маўчаць, ні маніць ён не мог. Праз тое і з’ехаў. Каб раптам прыехаць — і калі да сустрэчы з ім зразумелай была прычына (з настаўнікам развітацца, як Лі-Лі сказала), дык цяпер я ўцяміць не мог: чаму?
Читать дальше