— Ты б не думаў пра гэта... Звычайна найперш помніш тое, на што хочаш забыцца.
— Я не хачу забываць!.. — Фелікс прыўзняўся, сеў. — Што тады помніць?.. Думаеш, за мяжой ёсць чым жыць? З’ездзі пажыві!.. Я пятнаццаць год прыкідваю, ці не дарма з’ехаў? Ці трэба было?..
— І што?..
— Няма адказу. Там не гэтак і тут не так.
— Як габрэй казаў: найлепш у дарозе.
— Які габрэй?
— Ты ўжо анекдоты пазабываў. У габрэя спыталі: чаго матляешся туды-сюды, калі і там, і тут табе фігова? Ён адказаў: у дарозе хораша.
— А... Не было пры мне такіх анекдотаў, туды-сюды не ездзілі. І я б не прыехаў, каб не Ігар Львовіч. Ты помніш, што я вучыўся ў Рутнянскага?
Я кіўнуў — і Фелікс падаўся да мяне:
— Дык я быў Нэлай вінаваты, а цяпер яшчэ і Рутнянскім! І ты аказаўся ўцягнутым!..
— Не праз цябе ж...
— Як сказаць!
Размова ў нас павінна была ўрэшце пайсці пра гэта, не дзеля ўспамінаў пра нязбытнае мы спаткаліся, не для рэфлексій — і не сырое мяса есці. Але Нэла з Ігарам Львовічам, а тым больш я з Рутнянскім праз Фелікса — у адно не звязваліся. І, пакуль яно не звязвалася, я так, каб не надта заўважна было, пазіраў на дом, падглядваў у вокны: дзе Лі-Лі? Тут яна? Не тут? Не ў Фелікса ж пытацца, нібы з-за Лі-Лі толькі і прыехаў...
— І што ты маеш сказаць?
— За сястру дзякуй, — нечакана змяніў размову Фелікс. — Хоць не ў бардэлі... Колькі ні клікаў да сябе, так і не выбралася.
Я ўспомніў суддзю, які зацягнуў Аксюту пад Герб Дзяржавы...
— Патрыётка.
Фелікс нібы здагадаўся, пра што я ўспомніў.
— Ды кінь ты!.. У Францыі ў вайну прастытуткі сіфіліс немцам падсейвалі — і лічылі сябе патрыёткамі.
У мяне само спыталася:
— А хіба не?..
У мяне так здараецца — нібы само пытаецца.
У Фелікса само не адказалася.
Ён паціраў скроні, нешта ўзважваючы. Я не стаў яго прыспешваць — не ўяўляючы, да чаго? Спытаў пра Аксюту — праз яе Панок мне раіў Фелікса пашукаць:
— Бачыў яе?
— Бачыліся. Амед прывозіў. Зноў не ды не... Там я, заявіла, не тавар. Я ўсхадзіўся, падумаў, яна пра блядкі, аказалася — пра сцэну. Яна праўда тут артыстка нейкая?
— Не з горшых... Ты вунь таксама — артыст. Чаго ў такім рыззі?
— А што?.. Не пасуе?
— Пасуе. Асабліва майка. Ды й штаны ніштаватыя. А сандалі — хоць адкідвай.
— Ціхан з Аляксеем прэзентавалі. Я ў Амеда за парабка, а парабку ў чым хадзіць?.. Паеду — з сабой вазьму на памяць.
— На мытні звар’яцеюць...
Размова сцякала ўбок... Мне падумалася, што мы не дагаворваем — і гаворым без толку, амаль як я апошнім разам з Росцікам. Добра хоць з Максімам Аркадзьевічам дагаварылі.
— Калі ехаць збіраешся?
— Як толькі пашпарт Амед дастане. У яго ў Маскве людзі свае, за грошы — любы пашпарт. Мой у мяне вырваць паспелі, калі на могілках накінуліся... Ты пра гэта ведаеш?
Пра пашпарт я ведаў, але адкуль? — і так і пацепнуўся:
— Адкуль?.. А чаму ў пасольства не пайсці?
— Дык не тут жа... Дзе яны, па-твойму, сачыць будуць? У пасольства я ўжо ці ў Маскве, ці ў Кіеве — куды выберуся...
Ён упэўнены, што не ведаюць, дзе ён. Упэўнены.
— А хто такі Амед?
— Як — хто? Вы ж знаёмыя...
— Не скажу, што не... Сёння дазнаўся, як яго зваць.
Я чакаў, што Фелікса, які, падобна, давяраў Амеду і думаць не думаў, што пра схованку ягоную сярод бамжоў і фікусаў мог нехта данесці... — а, можа, і не? мала што мне надумалася?.. — ківок мой у бок татарына ўстрывожыць, а ён не ўстрывожыўся. Засмяяўшыся, пляснуў па стале.
— Ну, бусурманін! Ён жа цябе за лепшага сябра падае! Фікусы тут, кажа, твае...
— Адзін. І не мой — суседскі. Рутнянскіх фікус.
Тут Фелікс трохі, але сумеўся.
— З чаго раптам?..
— Выпадкова. Не мае значэння.
— Як гэта не мае? Якраз мае.
— Калі мае, дык ты ведаеш, як Ігар Львовіч жыццё дажываў? Піў, не прасыхаючы. Маці ганяў. Пакуль на вуліцу не выкінуў разам з фікусам... У той дзень яго і забіў нехта. Ці я, ці бамжы, ці баба, ці хрэн ведае, хто.
— Я! — зноў — і ўжо рашуча — падаўся да мяне Фелікс, яшчэ адзін забойца: трэці ў чарзе за мной і Лідзіяй Паўлаўнай. Не амерыканец, а комплекс віны...
— Кінь дурное. Не перад ім табе вінаваціцца.
— Перад ім! Рутнянскі — геній! Распрацоўкі ягоныя ўнікальныя — і ляжалі тут мёртва! А ў мяне там нічарта не выходзіла! Удавалася нешта, але не так і не тое, каб выбіцца ў людзі! На першыя ролі! Мне патрэбны быў поспех, сапраўдны поспех! На ўзроўні адкрыцця, бо мяне ўжо падпіралі, паціху спісвалі... Я і напісаў Рутнянскаму, папрасіў дапамагчы. Па тэме, не звязанай са зброяй. Ён некалі сам прапаноўваў мне ёй заняццца, дык я падумаў, што маю маральнае права... Пісьмо перадаў з надзейным чалавекам, а яно аказалася ў канторы. Ігара Львовіча і выперлі адразу. Не за п’янку яго выгналі, разумееш?..
Читать дальше