Радыёла падміргнула: ага, даўно не чулі — мая з Крабічам песня!.. Хоць на Крабіча — табу, забарона на ўсіх каналах. І на табе: любімы ў народзе творца. Гэта, канечне, аванс з падачы Шыгуцкага, Красевічу б забарону не адмяніць...
Крабіч зверам на мяне накінецца, калі Красевіч ягонае імя назаве... Не паверыць, што я ні пры чым...
Вось яно і пайшло-паехала... Паехала-пайшло... Здзяйсняцца пачало і спраўджвацца.
Разгублена не ведаючы, што рабіць, я тузануўся да тэлефона.
Начальнік радыё, плюгавенькі Толік Шчапок, які некалі на адным курсе з Крабічам вучыўся, вершыкі папісваў і па гарэлку для Крабіча бегаў, доўга бараніўся сакратаркай: “Анатоль Андрэевіч заняты...” Нарэшце абарона, слабыя месцы якой я даўно ведаў, здалася, сакратарка ўздыхнула, як у апошні раз, і Шчапок, паслухаўшы мяне, спытаў:
— Ты хочаш, каб я пазваніў, каму трэба, і сказаў, што ты супраць таго, каб па дзяржаўным радыё тваю музыку перадавалі?
Па дзяржаўным радыё, як па дзяржаўным радыё ў яго прагучала. А смарчок жа, шпендрык...
— Я не пра сябе, пра Крабіча!
— А чаго ты яго ўзненавідзеў так? — з’едліва знайшоўся і нібы здзівіўся Шчапок. — Нядаўна ж сябравалі...
“Жаба ты плюгавая!” — мне б на гэта сказаць, але я перамаўчаў, бо па дзяржаўным радыё музыку маю перадавалі, а Шчапок не стаў чакаць — і ў паўзе паклаў трубку.
— Рычард Пятровіч, вітаем вас у нашай студыі! І першае да вас пытанне: чым абумоўлена ваша рашэнне ступіць на нялёгкі і цярністы шлях палітыка? Ці проста яно вам далося?
— Не проста... Але я прыняў яго. Яно абумоўлена ўсім маім папярэднім жыццём, жаданнем як мага болей зрабіць для людзей, для росквіту нашай роднай дзяржавы. Нашаму грамадству зараз, як ніколі, патрэбная кансалідацыя ўсіх здаровых сіл, на падтрымку якіх я спадзяюся і ў выбарчай кампаніі, і ў далейшай сваёй дэпутацкай дзейнасці...
У дзверы коратка, не надта ўпэўнена пазванілі з першымі словамі Красевіча і, перачакаўшы, націснулі кнопку званка яшчэ раз, празваніўшы ўжо даўжэй...
— Якімі прынцыпамі збіраецеся вы кіравацца ў вашай дэпутацкай дзейнасці?
У сваёй дэпутацкай дзейнасці... у вашай дэпутацкай дзейнасці... у нашай дэпутацкай дзейнасці... Дзінь... дзінь... дзінь... дзінь... дзінь...
Пра прынцыпы мне, відаць, не дазнацца — кнопку званка націснулі і не адпускалі... Я адчыніў — на парозе стаяў пыльны і пакамечаны фікусалюб. Ціхан Міхайлавіч Лупеха, ці Аляксей Віктаравіч Мацвеенка, нехта з іх — сведкаў па маёй справе.
— Вось... — падаў фікусалюб цераз парог, насцярожана азірнуўшыся ўверх і ўніз на лесвіцу, складзеную паперчыну. — Вам...
Разгарнуўшы паперчыну, я прачытаў:
“Даўно не бачыліся, давай спаткаемся”.
То тэлеграмы, то запіскі... Ні імя, ні подпісу. Але почырк — высокі, клінапісны — аднекуль знаёмы.
— З кім?..
— Гэта ўжо на словах, з кім... Прайсці можна?
Фікусалюбу трывожна было стаяць у расчыненых дзвярах, відавочна трывожна.
— Праходзьце, Ціхан Міхайлавіч. Прызнацца, не чакаў.
— Мяне Аляксеем зваць...
Не чакаў і не ўгадаў. А ўпэўнены быў, што ўгадаю. Значыць, Ціхан Міхайлавіч Лупеха — асіметрычны. А запіска ад каго?.. Ніяк не ўспаміналася, чый гэты знаёмы, клінапісны почырк?
— Дык з кім спаткацца?
— З кім, з кім... — шнырнуў вачамі па паліцах на кухні, куды мы прайшлі, фікусалюб. — Так і скажы вам адразу...
— Няма нічога, Аляксей Віктаравіч. Было шампанскае — выпілі.
— Сікі газаваныя, — паморшчыўся фікусалюб. — Не п’ю... З амерыканцам спаткацца.
Я ўспомніў паштоўкі, якія зрэдку, звычайна на Каляды, прыходзілі з Амерыкі. З віншаваннямі, напісанымі высокім, клінапісным почыркам.
— З Дзінам Рыдам?..
Сведку па маёй справе Аляксея Віктаравіча Мацвеенку мог падаслаць да мяне хто заўгодна... Следчы Патапейка мог падаслаць.
— Дзін Рыд памёр... — не надта ўпэўнена прамовіў фікусалюб. — Яшчэ пры мне.
Гэта дзіўнавата ў яго прагучала: памёр яшчэ пры мне. Але я здагадаўся, пра што ён — многае хавалася за агаворкай. Чалавек пазнаецца па агаворках, як па адбітках пальцаў. Нават больш, бо адбіткі — знешняе... Некалі, калі Дзін Рыд жыў, фікусалюб не быў бамжом. Быў некім, пры сабе, не выкінутым з жыцця...
Падаслаў яго не Патапейка.
Падаслаў яго Панок.
Я сказаў:
— А Кенадзі пры мне забілі.
Фікусалюб не зразумеў.
— Ну і што?..
— Тады з кім сустракацца?.. Хто з амерыканцаў жывы?
— А-а... — працягнуў фікусалюб. — Асцерагаецеся... — Нахіліўся да мяне і прашаптаў: — І я асцерагаюся, яго ловяць.
— Каго? — адступіў я — так ад Аляксея Віктаравіча патыхала.
Читать дальше