— Аміля падобная на мяне, як сястра, зараз убачыш... Але спачатку я раскажу табе пра яе. Як яна жыла і памірала...
Пасадзіўшы мяне на чугунную лаўку, Лі-Лі абыйшла магілу і паднялася на пляскаты камень, на пастамент за валуном з крыжам. Яна стала на ім, крыламі прыпадняўшы рукі і трохі нахіліўшыся ўперад — помнік! Грувасткае ў асобных дэталях надмагілле адразу набыло завершанасць і лёгкасць, адчулася, як палёт. Лябёдка, крыж і чалавек ядналіся ў адным намаганні, душа, дух і цела зліваліся ў адным памкненні — ускрыліць, узляцець, вырвацца, вызваліцца... Гэта было тым, чаго свядома ці несвядома прагне кожны, хто прападае, як кажа бацька Лі-Лі, толькі-толькі нарадзіўшыся.
— У жылах Амілі цякла блакітная кроў, бацька яе быў радавіты шляхціч, доўга жыў за мяжой і ажаніўся з англічанкай, выхаванай віктарыянскай эпохай, таму Аміля з маленства ведала, што Бог неспасцігальны, несмяроцце малаверагоднае, і толькі абавязак неаспрэчны і абсалютны, — пачала распавядаць Лі-Лі чарговую фантасмагарычную гісторыю. За спінай яе хісталіся вершаліны дрэў, гналіся ветрам, сутыкаліся і разрываліся хмары, у якіх то ўсплывала, то патанала поўня. На нейкія хвіліны Лі-Лі хавалася ў цемры, яе амаль не відаць было, толькі камяні бялелі, і голас яе гучаў, здавалася, з камянёў, з самой даўніны, пра якую яна распавядала. — Дзіцячыя гады Аміля правяла ў Англіі, у невялічкім старажытным гарадку на беразе Лі, скуль была яе маці. Там, у мясцовым саборы...
— На беразе чаго?..
— Рака Лі — прыток Тэмзы, і не перапыняй мяне болей.. Там, у мясцовым саборы, збудаваным яшчэ ў ХІІ стагоддзі, аднойчы ўбачыла яна двух іншаземцаў, што размаўлялі на той славянскай мове, якой навучыў яе бацька. “Якая прыгажуня... — гледзячы на Амілю, сказаў маладзейшы іншаземец старэйшаму. — Каралеўна, ды й толькі... З такою шлюб узяць — ад шчасця памерці...”
Аміля, якой было шаснаццаць, пачула ў словах іншаземца нешта большае за тое, што ён сказаў... Гэткія словы, думкі такія не дазваляліся ў храме! Гэта грэх быў, які Аміля адразу пачала замольваць, і ўчула голас з-пад гатычнага скляпення сабора: “Не грэх, а лёс...” Яна страціла прытомнасць, малады іншаземец падхапіў яе на рукі хутчэй, чым бацька. Не грэх, а лёс. Так іншаземцы з бацькам Амілі пазнаёміліся. Ён запрасіў іх у госці, яны гасцілі амаль месяц і пра нешта з бацькам гаварылі, гаварылі, гаварылі...
Праз год памерла маці. Застаўшыся ўдаўцом, бацька засумаваў нясцерпна, надумаў бегчы з Англіі, трываць не мог болей нічога ангельскага. “На радзіму пара”, — сказаў ён Амілі. Яны селі на карабель, даплылі да французскага Брэста, адкуль тры гады, падоўгу жывучы ў Францыі, Германіі, Італіі, Аўстрыі, рухаліся і рухаліся на ўсход, пакуль не дабраліся нарэшце да радзімы. Якраз пад паўстанне 1863 года.
Пад гэты час Аміля была ўжо заручаная, стала нявестай таго самага іншаземца з радзімы, які падхапіў яе на рукі ў саборы. Заручыліся яны ў Італіі, дзе Лаўрусь Жыховіч, як звалі іншаземца, шукаў і купляў зброю для паўстання. Грошы на зброю здабываў бацька Амілі. Ён прадаваў уласную маёмасць, каштоўнасці, нічога не шкадаваў на барацьбу за вольную будучыню радзімы, не ведаючы, якую будучыню купляе для сябе, рыхтуе для дачкі.
Паўстанне разграмілі, жаніха і бацьку Амілі злавілі і збіраліся павесіць. Аміля прыйшла да генерала, якога называлі вешальнікам, прасіць за іх. Ёй споўнілася дваццаць, яна была самай прыгожай нявестай ва ўсёй Еўропе...
— Прасі за аднаго, — сказаў генерал.
Ён сказаў так назаўтра раніцай перад натоўпам на гарадской плошчы, сказаў гэта каля памоста з дзвюма шыбеніцамі, пад адной з якіх стаяў на падстаўцы з вяроўкай на шыі бацька Амілі, пад другой — яе жаніх. Аміля кінулася ў ногі генералу, білася галавой аб камяні...
— За аднаго прасі, — паўтарыў генерал. — Здымі пятлю з таго, за каго просіш, каго пакідаеш жыць. І хутка, бо павесім абодвух.
Хістаючыся, Аміля паднялася на памост, стала паміж шыбеніцамі. Натоўп сціх, замёр. Чуваць было, як парыпваюць дошкі памоста, на якіх стаяла і хісталася Аміля. Нарэшце яна зрабіла крок, другі, трэці — да шыбеніцы, пад якой стаяў бацька.
— А-ах!.. — выдыхнула плошча.
Аміля падышла да бацькі, укленчыла, абняла за ногі, прыціснулася — бацька кіўнуў ёй з пятлі і ўсміхнуўся.
— Пакідаю цябе на Лаўруся...
Аміля паднялася і зняла пятлю з шыі жаніха. Пачуўся пошчак барабанаў, які нарастаў, нарастаў, абарваўся — і кат выбіў падстаўку, асінавую цурку, з-пад ног бацькі.
— Курва!.. Сучка!.. — паляцела з натоўпу, як толькі бацька Амілі заматляўся ў пятлі. Аміля вяла за руку з памоста Лаўруся, а насустрач ім, ззаду і з усіх бакоў змяілася і шыпела: “Курва... курва... сучка... сучка...”
Читать дальше