Я страчваю цябе ў кожным імгненні, у якім не абдымаю, не цалую, у якім не з табой, не ў табе... Колькі можа доўжыцца такое?..
Я страчваю цябе нават у абдымках. Ты мая, пакуль б’ешся пада мной, струменішся і ласцішся, аддаючы мне, каб валодаў, сваю волю, а як толькі ўзлятаеш, уздрыгваючы ў асалодзе і выдыхаючы гукі палёту, ты ўзлятаеш не маёй і не маёй вяртаешся. Ведаючы гэта, цалуеш і кажаш: “Я твая...”
“Душа брата ёсць брат”, — працытаваў Максім Аракадзьевіч некага з кітайскіх філосафаў, калі ўгаворваў памяняць цябе на Зою. Я запомніў.
Каханая — душа каханай. Твая душа на волі, Лі-Лі, і не мне настаўляць на яе сіло.
У трэцяй частцы канцэрта Брамса я найчасцей памыляюся і фальшыўлю, што нелагічна, бо ўжо нібыта разыграўся... Нелагічна пасля двух частак сямейнага жыцця памыляцца і фальшывіць у трэцяй — з табой, Лі-Лі.
Адзіны чалавек ва ўсім свеце, які сыграў канцэрт Брамса так, як ён напісаны, узвышаючыся над адзінотай, Ёўдзі Мянухін. Не мне, лабуху, з гэтым амерыканцам з Адэсы цягацца... Дый скрыпка ў мяне звычайная, фабрычна-масавая, якой не шкада.
Коратка размахнуўшыся, я ўдарыў скрыпкай аб дзвярны вушак. Гваздануў з асалодай, як гвазданула б сваю сямейную рэліквію Ніна, калі б мела на тое характар. Дэкі, падгрыфнік, душка, абячайкі пырснулі трэскамі і паляцелі ў прыхожую, у сабачы брэх... Дартаньян уварваўся ў кватэру, рынуўся з прыхожай у пакой і загрыз бы мяне па старой памяці, каб не застаўся ў руцэ маёй грыф. Грызлівы батон на крывых лапах фыркнуў на палку, брахануў яшчэ раз-другі для самасцвярджэння і паходкай Чарлі Чапліна пасунуўся задам да дзвярэй...
У дзвярах стаяла Зоя Паўлаўна і глядзела на мяне перапалохана.
— Выбачайце, Раман Канстанцінавіч, я не чакала... Вас выпусцілі?..
— Адкуль?
— З турмы...
— Я быў у турме?
— Лі-Лі сказала, што ў турме... Праўда, яна неяк дзіўна сказала, нібы вы ўсё жыццё ў турме... Ключ мне дала, каб рэчы забраць... А вы дома...
— Мы зноў на вы?
— З нечаканкі... Што адбываецца, Раман?..
— Тое самае я ў цябе магу спытаць. Што адбываецца, Зоя?
— Не ведаю...
— І я не ведаю. Але давай пацалуемся.
— Як?..
— Як хочаш... Як тым разам не пацалаваліся... Ты ж хацела?..
— Хацела...
— А зараз?
— Мне распранацца?..
— Калі не хочаш, можаш не распранацца.
— Хачу... А як, не распранаючыся?..
— Так, як ёсць...
— Як?..
Зоя, уся чырвона-бліскучая, у доўгай чырвона-бліскучай сукенцы і чырвоных басаножках на шпільках, з чырвона-бліскучай сумачкай цераз плячо стаяла, прысланіўшыся спінай да карычневага дэрмаціну ўваходных дзвярэй. Яна адштурхнулася ад іх і зноў прысланілася, адштурхнулася і прысланілася... Сутаргава расшпільваючы дзягу, я рушыў да яе — і скрыпічны друз патрэскваў пад маімі нагамі...
Няхай сабе ўсё трашчыць, рушыцца, развальваецца, распадаецца, нічога такога, пра што можна было б пашкадаваць, у жыцці і няма, нічога істотнага, апроч руху да жанчыны, гэтага ні ў чым і ніколі не звыклага, кожны раз нязнанага шляху, якім вядзе цябе страсць, маланкай запаленае жаданне...
Як толькі Зоя ўвайшла — яшчэ раструшчаная скрыпка ляцела ёй насустрач — у сваёй чырвона-бліскучай сукенцы, якая абцякала яе па ўсіх акругласцях і звівах, я ўспомніў, усё маё ўва мне ўспомніла: яна мая! — і я зажадаў яе так, што ў скронях зазвінела. Але не гэтак зазвінела, як ад страху, а нібы лопнулі струны на скрыпцы... Зоя стаяла нерухома і толькі перабірала паціху пальцамі, падбіраючы прыпол сукенкі, які падымаўся павольна, як заслона ў тэатры, адкрываючы дэкарацыі, гатовыя напоўніцца дзеяй. Калі заслона паднялася да лона, я, не здольны ўжо трываць, рвануў на Зоі тоненькія трусікі і, падхапіўшы яе пад калені, ускінуў і надзеў, насадзіў на сябе, як скрыпку з рузмаху ўдарыў — балюча, груба, гвалтоўна. “А-а!” — закрычала Зоя, упіраючыся шпількамі ў дзверы і раздзіраючы дэрмацін, намагаючыся ўзпаўзці ўверх і вызваліцца, скінуцца з мяне; яна не асалодай, не страсцю, а болем закрычыла: “А-а!” — і я зыхлынуўся спраўджаным жаданнем у гэтым крыку і ў гэтым болі, у самай іх глыбіні, дзе вырываўся з самога сябе ім насустрач, і вырваўся, прыціснуўшы Зою да дзвярэй і не зрабіўшы болей ніводнага руху, замерла выплеснуўся ў яе ўвесь і адразу, імгненна; так пырснуў я некалі імгненным струменьчыкам на губы незабыўнай феі Таццяны Савельеўны...
А Дартаньян тым часам вурчаў і тузаў мяне за спушчаныя штаны.
— Гэта ўсё?.. — спытала Зоя, папраўляючы сумачку на плячы. Яна нават сумачку з пляча не скінула.
Читать дальше