Пра вяроўку ў доме вешальніка не кажуць, толькі, мусіць, не ў гэтым доме, і я вырашыў вешальніка праверыць.
— Максім Аркадзьевіч, дайце вяроўку...
— Якую?
— На якой павесіцца спрабавалі...
— Я выкінуў яе... — сказаў ён запаволена. — Зрэшты, яна ў сметніцы... У вас дзіўныя жаданні.
— Не дзіўнейшыя за вашы... Дайце.
— Ну, калі ласка, зараз...
Ён няўпэўнена падаўся калідорчыкам на кухню, пастукаў там дзверцамі шафак і спытаўся адтуль:
— Вам тую самую, ці лепей новую?.. У мяне новая ёсць...
З гэтымі словамі, з вяроўкамі ў рукаў ён паказаўся ў прыхожай, бокам да дзвярэй спальні, і дзверы тыя здрыгануліся разам з касякамі і ўнутранымі перагародкамі: гух! — і падаліся ў замку, нібы кувадлаю ў іх грымнулі...
— Максім! — крыкнуў Максім Аркадзьевіч, кідаючы мне вяроўкі і зачыняючы дзверы ў мой пакой, а ў дзверы спальні зноў “гух!” — і затрашчала дрэва, а пасля быццам мех з пяском грузна пляснуўся на падлогу.
— Ды пусці, няма ў мяне нічога, пусці... — супакойваў Максім Аркадзьевіч дога, які, відаць, паваліў яго. — Госць наш захацеў павесіцца, няхай вешаецца, табе што?.. Да нас Лі-Лі вернецца, калі ён павесіцца...
Праўдай аказалася і тое, што ён казаў пра сабаку, і тое, што казаў пра вяроўку, якая была перагрызеная... А, значыць, і ўсё астатняе праўда?.. Апроч таго, што ён Максіма дурыў, быццам я хачу павесіцца. Ці, можа, і гэта праўда таксама?..
Калі Максім грымнуўся ў дзверы, я не ўцяміў адразу, што адбываецца, таму не паспеў спалохацца. Калі б паспеў, дык з маім агульным страхам да ўсіх сабак і асобным да гэтага страшыдлы, можа, і вешацца не было б каму...
— Як вы там, Раман?.. — спытаў Максім Аркадзьевіч. — Зараз я замок падпраўлю, зноў яго зачыню... Ледзь дзверы не высадзіў, такія дзверы...
Уявіўшы, што было б, калі б Максім з першага разу выбіў замок і наляцеў на мяне, я наліў кілішак і выпіў.
— Вы што замоўклі? — пытаў Максім Аркадзьевіч, шкрабаючыся ў прыхожай. — Павесіліся?.. — І па голасе ягоным нельга было сказаць, што ён такога не дапускае.
Што ж мне сёння так шанцуе?.. Трэба звесці размову да нечага нейтральнага і пайсці. Галавой ён хай наложыцца.
— Не... — увайшоў у пакой Максім Аркадзьевіч. — Не павесіліся. — І паглядзеў на люстру. — А вяроўку нашто прасілі?
— Фокус хацеў паказаць, — скруціў я і засунуў у кішэнь пінжака вяроўкі. — Толькі забыўся, як робіцца. Дома ўспомню, некалі пакажу... А што ўсё ж такое дао, Максім Аркадзьевіч? Калі ў двух словах?..
Я ўгадаў, пра што зараз спытацца, ён устрапянуўся.
— Дзеянне без дзеянняў, калі ў двух словах. Найвысокі і наймудры стан усяго існага і няіснага. Чалавек трымаецца зямлі, зямля трымаецца неба, неба трымаецца дао, а дао — самога сябе. Пра неба і зямлю, а тым больш пра нас з вамі, дао не думае. Гэта вам не Бог, як вы Яго ўяўляеце. Дао настолькі ва ўсім прысутнічае, што адсутнічае ва ўсім. Дык як вам мая прапанова пра Зою?
Толькі было кінуўшыся ў глыбіні дао, доктар філасофіі вынырнуў з іх, зноў без пераходу змяніўшы размову. Лі-Лі была для яго важней за дао — і я не стаў яму даводзіць, што ў прапанове ягонай столькі сэнсу, што ў ёй адсутнічае ўсялякі сэнс.
— Я падумаю, Максім Аркадзевіч. Дайце мне падумаць.
— Колькі?
— Хоць бы да заўтра... Вы заўтра дома?
— Заўтра не. Днём сюды Лі-Лі з Полем спяваць прыдуць.
Мне здалося, што я не дачуў.
— З кім?
— З адным яе знаёмым, яны дуэтам спяваць спрабуюць. Дзіўна, Лі-Лі амаль ва ўсім разняволеная, а спяваць саромеецца. Калі нехта слухае яе, саромеецца, і гэта з дзяцінства... Вы чулі, як яна спявае?
Пра тое самае пытаўся Поль, адзін з яе знаёмых... Лі-Лі магла карыстацца студыяй і ў Тэатры моды, і ў мяне студыя — для чаго ў дуэце з Полем запірацца ў хаце?.. Каб не чулі?
— Не, я не чуў...
Максім Аркадзьевіч ухапіў мяне за локаць і пацягнуў у калідор.
— Дык паслухайце! Гэта неверагоднае нешта!.. Магнітафон на кухні, я выпадкова знайшоў адну касету.
Кухня, а хутчэй куханька ў гэтым доме была звычайная, як і ўсе куханькі ў такіх дамах: з кута за дзвярыма выпірае белы халадзільнік, які трэба абмінаць, каб прашчыміцца да стала за ім, насупраць — белая газавая пліта ўпрытык з белай ракавінай і белым слупком шафкі, а па сценах — паліцы для посуда і ўсялякай кухоннай драбязы... Выпадкова знойдзеная касета стаяла ўжо ў магнітафоне, які Максім Аркадзьевіч, усадзіўшы мяне на зэдлік да стала, уключыў адразу — і загучала мелодыя, якую ўкраў я некалі ў Майкла Джагера, каб з ёй вырастаў Поль...
Жаночы голас незвычайнай сілы з нізкім, густым тэмбрам, які б ніколі я не прыняў за голас Лі-Лі, каб не чуў яе голасу ў нябесных палётах, жывы, без ніякіх кампутарных прыбамбасаў голы голас са звычайнага хатняга магнітафона ашаламіў... Не тэмбрам нават ашаламіў і не сілай, хоць і яны ўражвалі, а тым якраз, што быў жывы і голы, настолькі жывы і голы, нібы не з гукаў бесцялесных ткаўся, якія вырабляюцца з напружання і вібрацыі галасавых звязак, а ўзнікаў адразу як цялеснае, фізічнае пачуццё, што вырабляецца ніжэй, значна ніжэй за галасавые звязкі — і голасам толькі выносіцца на волю, узносіцца ў нябесныя палёты... Лі-Лі не прафесійна спявала, не, з голасам яе яшчэ работы і работы, але яна спявала тым, чым спяваюць усе геніяльныя спявачкі: вагінай, маткай. Яе жаданнем, яе спакусай, яе прагай...
Читать дальше