Процьма ў парыльні тонкіх, незаўважных для недасведчанага, а тым больш для выпадковага чалавека, нюансаў, але ўсё гэта і паасобку, і разам нічога не значыць, калі няма з табою ў парыльні роўна тваёй кампаніі. А кампанія гэтым разам была не мая, зусім не мая...
У мяне ёсць свая кампанія, якая збіраецца ў лазні кожны чацвер, незалежна ад таго, стаўся ў сераду патоп, ці землятрус. Нас роўна тузін, мы сябры КАП — клуба аматараў пары. Мужчынскі клуб свой мы прыдумалі нібыта жартам, на тыдзень, а жарт расцягнуўся на гады і аказаўся чымсьці такім, што пераважыла многае сур’ёзнае, і без чаго ніхто з нас не можа ўжо абыйсціся. Хоць нас не звязвае нічога, апроч парыльні, апроч пары.
Па-за лазняй мы амаль не сустракаемся. Не змаўляючыся, так само выйшла, мы стараемся не карыстацца нашым знаёмствам для вырашэння асабістых праблем, каб захаваць чысціню чыстага чацвярга. “Каб сто гадоў чацвяргаваць нашай сябрыне”, — як спяваецца ў нашай клубнай песні. Вершы для песні напісаў Крабіч, якога часцяком па чацвяргах браў я з сабой, калі мы сябравалі.
Песня стала ў клубе нечым накшталт гімна, а дзе гімн, там і герб, і сцяг, і статут... Мы абралі прэзідэнта клуба, прыдумалі клубную форму — доўжылі свае чацвярговыя забаўкі. І дзіўна: ніхто не спытаўся ніколі, нашто гэта ўсё? А ўсе ж даўно дарослыя мужыкі, кожнаму ці сорак, ці каля таго, ці нават за...
Думаю, мы зразумелі тое, што сапраўды маем, калі ўсё наўкол пачало абрушвацца і валіцца. Абрушвалася нешта ў нашых справах, валілася ў лёсе кожнага з нас, трашчалі і ламаліся ўсе падпоркі, а чысты чацвер не меў ніякіх падпоркаў — і не валіўся. І пара не абрушвалася, бо не можа абрушыцца вада ў газападобным стане.
У лазню можа набіцца колькі заўгодна народу, а рытуальная дзея ў парыльні — дзея для трох, ролі якіх дакладна распісаны. Трымаць у парыльні роўна тваю пару — абавязак чарпавога. У параўнанні з парыльшчыкам, які завіхаецца над табой з венікам, роля чарпавога нібыта другога плану, але гэтак толькі здаецца — з чарпаком каля печы не паставіш абы-каго. Прафесійны чарпавы адчувае і печ, і ўсю прастору парыльні, і парыльшчыка, а найперш палочнага — таго, хто на палку. Сапраўдны чарпавы інтуітыўна ўгадвае, на якой пары палочнага папярэдне разаграваць, ведае, колькі і калі падкінуць, калі і колькі перачакаць. Прагрэў палочнага парыльшчык і ўзяўся ўсур’ёз парыць, прабіваць пяты — пару ў пад’ём, перакінуўся венік на лыткі — пару на спад, венік на сцёгны — напаўпад’ём, а перакаціўся венік на паясніцу і па пазванках пайшоў падымацца, туліцца да плячэй і шыі — падкідваць ды падкідваць і трымаць пару роўна-роўненька, каб яна падушай ляжала на ўсёй спіне палочнага, пакуль той не перавернецца. Перавярнуўся палочны — перачакаць, даць яму ўраўнаважыцца, адчуцца ў паўзе, бо ў парыльнай дзеі, як і ў дзеі любоўнай, рытм складаецца з запавальненняў... Паўзу чарпавы не перацягне, патрымае, пакуль паганяе пад столлю пару, збіраючы яе пад венік, парыльшчык, — і зноў страсна і горача коціцца пад венікам паравая хваля: ступні, калені, жывот, грудзі, левы бок з рукою левай, плячо, локаць, запясце, пальцы, правы бок з рукою правай, плячо, локаць, запясце, пальцы, і ўрэшце ў другі раз спіна, на якую ўжо можна нагнаць пары да мяжы трывання, каб парай палочнага да палка прыбіла, ад якога ледзь адарваўся б ён да ледзяной вады басейна — ужо ў другое жыццё...
Чарпавы — стваральнік пары. Нечага такога, чаго нібыта не існуе, што ў кожнае імгненне з’яўляецца і знікае. Таму чарпавы звычайна — асоба вытанчаная, нават эстэт. Найлепшыя чарпавыя выходзяць з дактароў, з матэматыкаў і мастакоў.
Найлепшыя парыльшчыкі — спартсмены, асабліва былыя, якія праз гады трымаюць форму. Някепскі парыльшчык можа выйсці з вучонага, але не гуманітарыя, і з сярэдняга ўзроўню кіраўніка. А наогул парыльшчык — гэта песня: ці ёсць, ці няма.
Клопат парыльшчыка — не даць пары дарма прапасці, злавіць, сабраць яе пад венік і так пакласці на палочнага, каб прагрэць і расслабіць, раздыхаць кожнаю ягоную мышцу і жылку, пранікнуць праз іх да кожнай ягонай костачкі. Калі апынуўся ты ў парыльні ў выпадковай кампаніі і нехта размахвае над табой венікам, лупцуе і хвошча, нібы пыл з дывана выбівае, не чакай рубцоў і апёкаў, а саскоквай з палка. Венік сапраўднага парыльшчыка ляціць і плыве, перакручваецца, перакочваецца, туліцца і ласціцца — і раптам раз! — прыпаў і прыпёк! — і якраз там і тады, дзе і калі ты захацеў, бо парыльшчык падрыхтаваў цябе да гэтага, а як толькі ты адчуўся амаль невыносна, дык зноў венік прытуліўся, прыласціўся, паклаўся на цябе падушкай... Ён з табою ў любоўнай дзеі, а не ў мокрай і душнай бойцы, і ў нейкі момант ты праз усе твае адкрытыя для дыхання поры спатольным выдыхам вызваляешся з самога сябе і плывеш у пары разам з парай...
Читать дальше