Я сказаў яму неяк, што жыдоўскія штучкі свае ён мог бы і пакінуць, не ўсе наўкол антысеміты, ёсць прыстойныя людзі, і ён спытаўся ў адказ: “Ты, прыстойны, хіба думаеш пра мяне: у, габрэй пархаты?..”
Росцік дапытвае:
— Ты хоць раз за жыццё галасаваў?
— Не.
— А я кожнага разу. Таму і было заўсёды дзевяноста дзевяць цэлых і дзевяноста дзевяць сотых... Каб яшчэ ты галасаваў — былі б усе сто.
— Чаму ж цяпер меней?
— Жыды раз’ехаліся. Нельга дапускаць, каб жыды раз’язджаліся. Гэта можа сарваць любыя выбары і загубіць маладую дэмакратыю. А я маладую дэмакратыю люблю.
— Ты лепей дзевак маладых любі.
Зірнуўшы на гадзіннік, Росцік падымаецца.
— Самы час... Пайду па лазню.
— Чаго хадзіць? Пазвані.
— Не палягчай мне жыццё. Ты і так мне яго палягчаеш, за мяне на дзеўках скачучы. Ты глянь на сябе... — Росцік люстэрка падае: ён, у адрозненне ад дзецюкоў местачковых, якія некалі пры сабе кішэнныя люстэркі з расчоскамі насілі, толькі люстэрка носіць, расчоска яму ні для чаго... як, зрэшты, і люстэрка. — Праз тыя скокі ні крыві, ні сокаў, а мне заўтра аналізы здаваць.
У нас тэатр-студыя. Каб талкова расказаць, што гэта такое, дык і не раскажаш. Бо ўсё бесталкова, але неяк круціцца.
Па жыцці, перш за ўсё па жыцці, па лёсе, а пасля ўжо па прафесіі, я музыкант. Ніштавата граю на гітары, на трубе, на скрыпцы, ды, бадай, на ўсім, з чаго можна выдзьмуць, выціснуць, выбіць хоць нейкі гук. Але не так граю, каб аднаму на сцэне стаяць...
Мне трэба, каб побач былі. Каб пралічыць, пальцамі падшчоўкваючы: раз, два, тры, чатыры — і пайшло-паехала: “Глядзі, як светла і як чыста...”
Я Блонька, лабух. З лабухаў Росцік бабкі збіраецца страсаць за паказ самай доўгай валасіны.
Лабух сярод музыкантаў — слоўца знешне зняважлівае. Не музыкант — лабух. Не грае — лабае. За грошы там, яшчэ за што... Не ў імя самой музыкі, карацей. Пра якога-небудзь маладзёна, які яшчэ і лабаць не ўмее, скажаш лабух — крыўдуе. А я не. Як і ніхто з тых, хто прастаяў на сцэне гадоў па дваццаць. Для нас гэта — жыццё, што ж нам на жыццё крыўдаваць?..
За мной рэстараны, якія ў мой час рэстаранамі ніхто і не называў, а толькі кабакамі, п’яныя вяселлі і юбілеі, каля дзесятка папсовых ансамбляў і рок-груп. Таму для мяне ў нашым слоўцы — яшчэ і наша цэхавасць. Прыналежнасць усіх нас да музыкі — і нас адных да адных. Код, знак, па якім мы распазнаемся, бо нідзе і ні ў чым, апроч музыкі, лабуха не знойдзеш.
Музыкант, які хоць трохі не пажыў жыццём лабуха, не музыкант, а так... нешта такое... творца... кампазітар...
Лабухі прасякаюць, пра што я.
Я з часу “Beatles” і “Песняроў”. Хай трохі пазнейшы, хай байструк — але байструк таго часу. Каб вы ведалі: бітлы і песняры былі ў мой час на роўных. А калі нехта з вас казліную морду зморшчыў: якія там “Песняры”! — дык пайшлі вы!..
Бачыў я казлоў... Ледзь не скакалі ад радасці, калі “Песняры” распадаліся. А спытай: “Ты чаго скачаш? Табе самому з гэтага хоць качан капусты перападзе?..”
Не! — іх камбікормам не кармі, калі нешта сапраўднае сканчаецца. Ім здаецца тады, нібы гэта ўжо яны на спусцелым месцы сапраўднымі выглядаць пачынаюць, рожкі паказваюць — жмурыкі, чмо балотнае.
Час ад часу я сустракаюся з песняроўскай легендай, з Мулям, і мы пытаемся адзін у аднаго, як хто жывы, ну і пра розныя дробязі. Пра большае пытацца неяк няма пра што, ён і старэйшы за мяне, і... Лабаць мяне ў “Песняры” Муля некалі не ўзяў — і правільна зрабіў. Я лабух, а ён Муля, — на што тут крыўдаваць?..
Вось гэта трохі рознае: лабух — і Муля. Разумееце?.. Тут, як сам Муля кажа, нюансы... А пра тое, што ўжо не трохі, а зусім рознае, Муля кажа: лабухня. Не лабухі, а лабухня — адчуваеце?..
Я з ім не раўняўся і не раўняюся. Падобнае ў нас хіба толькі тое, што мы паралельна разводзіліся... Як з Лідзіяй Паўлаўнай я паралельна разменьваўся... Ну, з Мулям не так паралельна, ён раней пачаў... Але нават гэта выходзіла ў нас па-рознаму: у яго — глабальна. Ён сыходзіў з чарговага сямейнага жыцця, як Талстой з Яснай Паляны. Куды і да чаго прыйшоў — гэта ягонае... Кожная хатка — свая апратка. І ўсё ж я мудрэйшым за Мулю сябе пачуваю, трэцім разам не ажаніўшыся...
Некалі Мулю помнік стаяць будзе, а пакуль што ў Мулі хрэн на блюдзе. Росцік для яго праект прыдумаў, з якога на ўсё жыццё і на помнік хапіла б — Муля адмовіўся. Праект быў на Расію, таму перад мафіяй маскоўскай прагнуцца трэба было: ледзь-ледзь, ні для каго незаўважна — але дзе там... У Мулі ў Маскве і свае былі, яшчэ б іх не было, Росцік з імі ўсё і замуціў, ды ў Мулю — як лом нехта ўвагнаў і вынуць забыўся. Ён не казаў: імя, гонар, але ўсё яно сказалася, калі Муля кінуў: “Лабухня”.
Читать дальше