Цяпер я ўбачыў, што па скверы рассыпаныя яшчэ дзесяткі два мужыкоў... Каля тэатра, каля фантана, уздоўж алеі з чугуннай агароджай, цераз якую я збіраўся пераскокваць. Ці паспеў бы ўскочыць...
Роўна а дзевятай завыла, замігцела — з-за тэатра з вуліцы Энгельса вылецелі тры машыны. Мой рудаваты наструніўся...
Прэзідэнцкая машына — са сцяжком, наўрад ці ў ёй Лі-Лі вазілі — падкаціла да пад’езда. Да самых прыступак, якія прэзідэнт прасігаў за секунды. Мішэнь не для стралка з трубой, які аднойчы перамог... І што ён бегае ўсё, нібы за ім гоняцца?
— Дык няма закурыць?.. — расслаблена спытаў рудаваты і, не чакаючы адказу, рушыў да напарніка, які таксама адліп ад ліпы. — Туалет не на замку, што за хрэнацень?
— Зачынем зараз... Снягір прысцаўся, замкнуць забыўся.
Я і не ведаў, што туалет замыкаюць. Калі б не сіклівы Снягір, мог бы і не даведацца ніколі...
Яны ўсе аддзяліліся ад дрэў, ад выпадковых прахожых, сыйшліся каля тэатра і пачалі нешта абмяркоўваць... Проста кампанія, якая прыспяшалася трохі на ранішні спектакль... Экскурсанты... Адзін аддзяліўся ад усіх і замкнуў туалет.
У трэцім класе я быў закаханы ў дзяўчынку, якую звалі Надзя. І Валік Дробыш, таварышок мой, закаханы ў яе быў. Мы з-за яе біліся на мячах, на коп’ях і проста так біліся. Раз — ён мне надае, другі — я яму, без толку...
На краі падмытага рачнога абрывы сасна высозная стаяла, трохі пахіленая. Старэйшыя хлопцы — не ўсе, найсмялейшыя — скакалі з яе ў вір. З ніжняга сука і толькі ў вока віру, бо наўкол — мелкаводдзе.
Надзя падбухторыла: “А вы не скочыце!..” — і мы палезлі на сасну.
Дабраўшыся да сукоў, я пакараскаўся ўверх... Каб вышэй за Дробыша...
Калі дакараскаўся да вершаліны — зірнуць уніз страшна было, а не тое, што скочыць. Сасна хістаецца... У віры не вока, а вочка... Да неба бліжэй, чым да вады.
Валік і з ніжняга сука не скочыў, злез.
“Спускайся! — крыкнулі знізу. — Разаб’ешся!..”
А як спускацца, калі ўсе глядзяць?.. І Надзя...
Скроні халадзелі, халадок звінеў у патыліцы, але я зажмурыўся і палецеў... Не скочыў, а саслізнуў нагамі і адпусціў рукі... Наперад ведаючы, што разаб’юся... Мяне ўдарыла аб сук, перавярнула, перакруціла і ўтыркнула ў вочка віру.
“Ну і што... — падціснула губкі Надзя. — Падумаеш...” І зноў мы з Валікам біліся...
Гадаць, ці хапіла б мяне на тое, каб цераз агароджу скочыць, калі б туалет быў замкнёны — без толку, як біцца з Валікам Дробышам.
Са службовага ўваходу я зайшоў у тэатр, дзе праз Лідзію Паўлаўну ўсіх ведаў, і ад дзяжурнага, які чытаў газету і вачэй на мяне не падняў, пазваніў Шыгуцкаму. Сакратарка ганарыста паведаміла, што Барыса Сцяпанавіча тэрмінова выклікаў прэзідэнт.
Толькі прыехаў — і выклікаў?..
А мог і не выклікаць...
Калі б Снягір не прысцаўся — і не ў патыліцы халадок...
— Перадаць што-небудзь? — счакаўшы ўрачыстую паўзу, спытала сакратарка. Яны ўсе там, мусіць, толькі і сядзяць, чакаючы, калі іх выклічуць.
— Я сустрэцца хацеў, мы дамаўляліся.
— Ён нічога не сказаў...
— Не паспеў.
— Можа быць... Заказаць вам пропуск?
— Закажыце.
— Толькі вы перазваніце.
— Перазваню... Слухай? — спытаў я ў дзяжурнага, паклаўшы трубку. — Іду зараз з госцем, папырскаць захацелася, а туалет у скверы замкнёны. Чаму?
— А то не ведаеш, — хмыкнуў дзяжурны. — Бо прэзідэнт сярун.
І будуць казаць яшчэ, нібы ўсе ў нас і ўсяго баяцца.
— Туды не зайсці?
— Нашто?.. Тут папырскай.
— Госць мой там хоча. За пляшку.
Дзяжурны адклаў газету, глянуў недаўменна:
— Вальтануты?..
— Экстравагантны. Дык як?..
— З сантэхнікам пагавары. Ён па абедзе аб’явіцца, пратрывае пляшка да абеда?..
— Пратрывае... Я пазваню яшчэ?
— Хоць зазваніся, піва з цябе.
Рэдактара незалежнай газеты, якую чытаў дзяжурны, я не ведаў. Але і іншых не ведаў, так што якая розніца?.. І, калі па прыкметах, дык нездарма ж гэта газета пад рукой аказалася.
Не было рэдактара на месцы... Дзяўчына з голасам флейты сказала, што ён дома і з’явіцца па абедзе.
Як сантэхнік.
— Хатні не дасцё? Мне тэрмінова.
— А хто вы?
Я назваўся.
— Ой!.. Мы самі вам званілі... Хвілінку...
У тэлефоне затузалася музыка — трубку ўзяў рэдактар.
— Выбачайце, хавацца даводзіцца. Мы шукалі вас, на лаўца і звер...
Я сказаў, што ў рукі мне патрапілі такія-сякія дакументы.
— Прыносьце, калі такія-сякія... Зараз можаце?
— Зараз не, яны на рабоце.
— Тады ў любы час, я ў рэдакцыі... — Рэдактар цягнуў. — І яшчэ... заадно...
Пасля таго, як на лаўца звер прабег, не цяжка здагадацца было, што заадно — пра шоу, пра Лі-Лі...
Читать дальше