“Ну што?.. У ванну лезь, казёл ябаны!..”
Казёл я ябаны... я ябаны казёл...
Калі заструменіўся душ, стала трохі лягчэй, але стаяць я не мог, сядзеў пад душам і нічога пра сябе не помніў, апроч таго, што я свіння, брыда, погань, лабух засраны і казёл ябаны...
Яна прыходзіла, набірала ў вядро вады, выносіла, вярталася, вылівала ва ўнітаз, набірала чыстай, паласкала анучу, вылівала і зноў набірала, прыходзіла і выходзіла — прыбірала... Маладая, узросту Лі-Лі. З радзімкамі на плячах... Я не ведаў, хто яна.
“Досыць! — прыйшла яна з маёй адзежай і закруціла краны. — Апранайся і выкідвайся!..”
Пакалочваючыся ў дрыжыках, я нацягнуў кашулю, порткі, выйшаў у незнаёмую кватэру, у чужую прыхожую... Нешта тут пра нешта нагадвала, але што пра што?
Ніяк не зашнуроўваліся туфлі... Яна, усё яшчэ голая, нецярпліва нагнулася і зашнуравала. Без шкарпэтак, якія сунула мне ў кішэнь кашулі, і яны смярдзелі пад нос.
“Пайшоў вон, гаўнюк!..”
За дзвярыма я сеў на лесвіцу... Паверхам ніжэй свяціла лямпачка — і я пазнаў пад’езд і дзверы, каля якіх сядзеў. Тыя тонкія, у якія вочка не ўрэзаць, за якімі жыў я з Мартай, па разводзе з Нінай кватэру разменьваючы і наймаючы пакой у жандара Шалея.
Я падняўся, пазваніў у дзверы... Не адчынялі.
“Ліля...”
“Я сказала: вон пайшоў!..”
Тры радзімкі на левым плячы...
“Можна кавы выпіць?..”
“Дапівай тое, што піў!..”
І дзве на правым... І муж, які яе замыкае... Гэтым разам, значыць, не замкнуў...
“Выбачай... Не бывала са мной такога...”
“Ага, я першая дачакалася! Згінь!..”
“Куды сярод ночы?..”
“Куды хочаш!..”
Не, гэта не тая Ліля, з якой нядаўна я ноч напралёт праз дзверы прагаварыў... Зусім не тая.
Бо тады была гульня, а зараз жыццё. Гуляць у жыццё весялей, чым жыць. І выглядае лепей, і не смярдзіць, як закарэлыя шкарпэткі пад носам.
Наўмысна засунула, сучка. У кожнай бабе — сучка. Ці дае, ці гаўкае.
Я паспрабаваў ламануць дзверы, сама ж тым разам прапаноўвала...
“Крык падыму!.. Ці ў міліцыю пазваніць?..”
“А пажар?..”
“Ты ўсё і затушыў, пажарнік!..”
Сказала, як яшчэ раз зачынілася, і наўрад ці адчыніць.
Але ж неяк я да яе заляцеў?.. Цераз балкон на чацвертым паверсе?..
Білі дрыжыкі. Пакалочваючыся, я спусціўся ўніз і сабачым подбегам патрусіў па Грушаўцы. Азірнуўся: ніхто мне ўслед не глядзеў, пуста было на балконе.
Як непадобна ўсё ж адно на другое... Тое самае на тое самае...
Ліля на Лілю...
Лі-Лі на Лі-Лі...
Я сам на сябе — я на сябе сам...
Дома на маім ложку, упоперак, не распрануўшыся, спала Лі-Лі. У касцюме шакаладніцы.
Як на пажар, спяшалася...
Трахнулі па-хуткаму і выправілі.
Я не стаў яе будзіць. Не мог. Бачыць не мог.
У Рутнянскіх сонны Алік папярадзіў:
— Лі-Лі званіла, казала не пускаць, калі прыдзеце, каб дахаты ішлі.
Пазваніла — і спіць сабе...
— Адтуль выганяць! Сюды не пускаць! Дома блядзі спяць!.. — закрычаў я на Аліка. — Дык куды мне падзецца?
— Куды хочаце, — гэтаксама, як Ліля, сказаў Алік і зачыніўся ў пакоі Лідзіі Паўлаўны, дзе спаў з Дартаньянам. Дартаньян да мяне нават не выйшаў, сабака...
Я прылёг на ложак нябожчыка і стаў думаць, як жыць...
Што рабіць?..
З усім і ўсімі...
З Робертам, Камілай, Нінай, Мартай, Зояй, Зіначкай, Патапейкам, Красевічам, Панком, Шыгуцкім, Росцікам, Крабічам, Феліксам...
З Лі-Лі...
З самім сабой...
Нічога іншага, як напіцца, учора ўвечары нельга было прыдумаць, і з тэатра мы паехалі да Крабіча. Не да Росціка ж, які жыў чорт ведае дзе за цэмянтоўняй... А да сябе я не хацеў, каб нікога ўсю ноч не чакаць.
Селі, як некалі, утрох.
— Фелікс прыязджаў, цябе хацеў бачыць, — сказаў я Крабічу.
— Які Фелікс?
— Амерыканец.
— А... І што?
Выходзіла, што нічога. І лепш было пра Фелікса пакуль перамаўчаць, бо яшчэ і Росцік спытаў:
— А мяне, значыць, не хацеў бачыць?..
Крабіч сеў у куце на высокім зэдлі, і так выглядала, нібы ён ледзь не герой, а я і Росцік... Хоць што адбылося ў тэатры?.. Проста Крабіч быў, як звычайна, нахабны: падняўся і пайшоў. Але выглядала інакш, я па Росціку бачыў...
Размова не вязалася — і пачалі шклянкамі...
Калі Атос рашыўся распавесці д’Артаньяну пра міледзі, графіню дэ Ла Фэр, кляймёнаю лілеяй, ён стаў запінацца — і д’Артаньян параіў яму паспрабаваць выпіваць і расказваць Паспрабаваўшы, Атос прызнаў, што адно з другім цалкам сумяшчальнае.
Перамаўчаўшы пра Фелікса, я паспрабаваў загаварыць пра Лі-Лі... Запінаючыся, бо між намі такога не вадзілася, каб слабіну выдаваць, але тут паддушыла...
Читать дальше