Выходзіла, што Росцік не курва.
Але ад гэтага, выходзіла, не лепш.
Яшчэ горш ад гэтага выходзіла.
XIX.
Копіі, знятыя з папер, былі ў мяне дома, а дома была Лі-Лі.
І не адна — з Лідзіяй Паўлаўнай. Я гэтак змучыўся самім сабой, усім і ўсімі, што нават не здзівіўся. Прыехала і прыехала.
— Ранішнім цягніком — і да вас, — пацалавалася Лідзія Паўлаўна, пахнучы казённай бялізнай і дарогай. — Што за хлопчык жыве ў мяне?..
Нібы Лі-Лі ўтаіла, хто ў яе там жыве...
— Алік. Я забяру яго.
— Не трэба! Наадварот...
Лі-Лі так і не пераапранулася: каву з Лідзіяй Паўлаўнай піла шакаладніца. Толькі, канечне, не Нандль. Аміля.
Разбірацца, нашто яна ўзяла і дзе падзела паперы, пры Лідзіі Паўлаўне не хацелася. Ды й з чым разбірацца — і якая цяпер розніца... Але і прэзідэнт, і шоу, і фотаздымак у абдымку, і паперы — гэта ўсё ж занадта, каб стрываць.
— Курва ты, Аміля.
Дзвынькнула лыжачка на сподачку з кубкам, які трымала Лі-Лі. І тут Лідзія Паўлаўна з ранішняга цягніка вылезла:
— Раман, ад вас чуць такое...— І каву адставіла. — Фі...
Дартаньяна знайшла... І я спытаў, копіі не знаходзячы, са стомы і раздражнёнасці:
— Вы нашто сына застрэлілі, Лідзія Паўлаўна?
Я спытаў, бо ведаў, што яна не страляла, толькі таму і спытаў, калі ўжо сама яна Зоі прызналася, а Лі-Лі выпусціла з рук сподачак, кубак, лыжачку — і кава плёхнула на касцюм. На фартух, на спадніцу, якую ці ўчора ўвечары, ці ўночы, ці і ўвечары і ўночы ёй задзіралі!.. Сядзела — пакамечаная, заляпаная, залапаная...
— Зоя фантазёрка, яна за мяне баіцца, выгароджвае... Лідзія Паўлаўна не страляла, я забіла Ігара Львовіча.
Яшчэ адна ў чарзе... Колькі ж іх на яго аднаго?
— Без тэатра, Лі-Лі, — строга сказала Лідзія Паўлаўна. — І без ахвяр. Здаецца мне, што ён таго не варты.
Самадзейны тэатр, нейкая змова бабская...
— І як ты яго забіла?
Знайшоўшы нарэшце копіі, я сунуў іх у кішэнь піджака і прысеў насупраць Лі-Лі — мне да злосці цікава было, што і нашто прыдумляць яна будзе:
— Ты тут — ён там. Праз тры пад’езды, праз сцены... Як?
— Выпадкова. Мы пазаймацца з Лідзіяй Паўлаўнай дамаўляліся. Мовай, рухам. Я пазваніла, каб спытаць, ці можна прыйсці? І раптам крык у тэлефоне. Галаву адсяку, нешта такое... Я разгубілася, кінула трубку. Здалося, Ігар Львовіч на Лідзію Паўлаўну крычыць, але тваім голасам... Дурнота нейкая... Глядзела на тэлефон і доўга не ведала, што рабіць... Потым сабралася і пайшла. У двары таўстуху спаткала, якую раней бачыла з Ігарам Львовічам... Ледзь не перадумала ісці, але ж не на яе ты крычаў... Паднялася, а Ігар Львовіч п’яны, шалёны... Няўцямны. Стаў хапаць, паваліў у прыхожай, я за футра ўчапілася, абарвала, а з-пад падкладкі — пісталет. На падлогу, мне пад рукі. Я не чакала, што ён стрэліць, проста торкнула ім у Ігара Львовіча. Каб ударыць, а ён стрэліў. Не ведаю, як...
Лі-Лі расказвала, склаўшы рукі на каленях, прыкрываючы плямы ад кавы...
Ну вось што яна прыдумала? І нашто?
Каб сказаць потым, што яе змусілі? І з фотаздымкам змусілі, і з паперамі, бо інакш бы — арыштавалі?.. Пасадзілі?.. Дык мяне ж праз тое самае змушаюць — і таксама і арыштаваць, і пасадзіць!..
— Дзяўчо ты дурненькае, — пагладзіла яе па валасах Лідзія Паўлаўна. — Бедная ты мая...
І гэта маці шкадаваць будзе дзяўчынку бедную, якая сына яе забіла?.. Я ўзяў Лідзію Паўлаўну за руку, якой пагладзіла яна Лі-Лі:
— Лідзія Паўлаўна, вы вар’ятак гралі, скажыце: так вар’яцеюць?..
— Так кахаюць, — вызваліла руку і глянула на мяне з пагардаю, як на неданоска, Лідзія Паўлаўна. Адкінулася і велічна прамовіла, нібы са сцэны. — Вы забыліся, як кахаюць!.. Ці наогул не ведалі, не дадзена. Я расчаравалася ў вас, Раман.
Расчароўвалася Лідзія Паўлаўна ўва мне не ўпершыню.
— Так кахаюць? Як — так?.. Хай мне не дадзена, але што і нашто яна выдумляе? Чаму?
— Бо думае, што вы...
Лі-Лі нахілілася, склалася, тварам ткнуўшыся ў калені:
— Лідзія Паўлаўна!
Гэтага ўжо ніхто б не зразумеў, не толькі я...
— Што думае?..
Лідзія Паўлаўна змоўчыла за кавай.
— Нічога, — падняла Лі-Лі лыжачку з падлогі. — Я не ўмею пра цябе думаць...
Абедзьве актрысы, яны ў спектаклі сябе занялі, ды глядзець яго часу не ставала: Шыгуцкі чакаў. Трэба было самому ратавацца і Фелікса ратаваць, калі жывы. Я падняўся, пакідаючы Лі-Лі з Лідзіяй Паўлаўнай на падмостках.
— Нашто мне, каб курвы мяне кахалі, хрэн ведае што выдумляючы? Курвам я проста плачу.
— Дык заплаці! — выскачыла з самой сябе, нібы ўжо ў зусім іншым спектаклі занятая, парывістая Лі-Лі. — Я ўся праз цябе патрацілася.
Читать дальше