Тата і мама
Чарнагорская малеча, лётаючы па пляжы, гукае: «Тата! Тата!» Тату, як выглядае, тут клічуць значна часьцей за маму, і ў гэтым таксама выяўляецца нацыянальны характар.
Ты згадваеш, як у вас дзе-небудзь на Нарачы зарумзанае, чырвонае ад няспыннага крыку дзіця разьдзіраецца: «Мама! Ма-ма!» Праўда, у гэтай апэляцыі да жанчыны можна ўбачыць і неўсьвядомленую ўдзячнасьць беларусаў сваім прапра...бабулям, пачынаючы ад Рагнеды.
Дапусьцім, Рагвалодава дачка не наважылася б у тую ўвекавечаную летапісцамі ноч узьняць руку зь мечам над заснулым Уладзімерам. Рагнеду з князевічам Ізяславам ня выслалі б з Кіева на радзіму. Ізяслаў не вярнуўся б на дзедаў полацкі пасад. Полацак не аднавіў бы незалежнасьці... Ці была б сёньня на палітычнай мапе сьвету краіна з назваю Беларусь?..
Мовы
На курортах міжволі пачынаеш пазнаваць і адрозьніваць мовы, а потым спрабуеш акрэсьліць пачуцьці, якія яны ў цябе выклікаюць.
Ангельская зазвычай выклікае не пачуцьці, а ўспаміны пра аэрапорты.
Польскай мове цешысься, нібы сустрэчы з сваяком. З палякамі прыемна плаваць далекавата ад берагу, слухаючы, як яны жыцьцярадасна перагукваюцца.
Чэская чамусьці казыча твой нос ледзь улоўным пахам кавы.
Літоўская мова ніякія твае органы не казыча, але і не раздражняе.
Украінская выклікае ахвоту загаварыць і пазнаёміцца.
Расейская нараджае лёгкую насьцярожанасьць і ніякаватасьць — праз тое, што на ёй могуць гаварыць твае супляменьнікі, якія ўпарта адмаўляюцца аздобіць сваім непаўторным узорам гэты шматкалёрны моўны дыван.
Папуасы
Ты возьмеш на пляж апошні нумар «Иностранки» і неўзабаве будзеш пакараны за неабачлівасьць. Над табой манумэнтальна спыніцца здобная красуня ў жоўтым купальніку зь зялёным алігатарам на трусіках: «И о чем это вы так глубоко задумались?» Яна ківае на твой часопіс і паведамляе, што таксама «руская», а каб цябе не тачыў сумнеў, называе свой родны «рускі» горад — Баранавічы.
Калі б ты быў нармальным мужыком, дык упэўнена адказаў бы на яе сагрэтае гульлівай усьмешкай пытаньне што-небудзь накшталт: «О том, что нам будет интересно в месте, и я даже знаю, в каком». Або больш разьняволена: «О вашем шикарном бюсте». Або абраў бы рамантычны варыянт: «О том, что одна ночь может порою, как вспышка сверхновой звезды, озарить всю жизнь». Але ты, напэўна, нейкі нацыянал-садамазахіст, бо зь безьлічы варыянтаў выбіраеш самы дыскамфортны: паныла ўдакладняеш, што Баранавічы знаходзяцца ў Беларусі.
Аднак супляменьніцу цяжка зьбіць з тропу нават беларускай мовай. Красуня радасна дзеліцца з табой інфармацыяй, дзе тут зьбіраюцца «русские», дзе мэню на «нашем русском языке» і ў якім рэстаранчыку «наша русская еда».
Ты слухаеш, і на памяць прыходзіць калега, што часам садзіць сваякоў у кружок і бярэцца тлумачыць ім нешта з гісторыі й культуры краіны, дзе сваякі спрадвеку жывуць. «Вы — папуасы», — ацэньваючы веды прысутных, прыязна кажа калега, і тыя не крыўдуюць, а працягваюць слухаць, нават не вымагаючы ад місіянэра шкляных пацеркаў ці «вогненнай вады».
Чарнагорац, дарэчы, ніколі не пагодзіцца з тым, што ён — сэрб.
А назваць яго папуасам паспрабуйце самі.
Стойкавічы, Чмутовічы, Прайдзісьветавічы
Чарнагорцы, як і твае суайчыньнікі, — розныя, што, безумоўна, упрыгожвае іхнюю краіну.
Сямідзесяцігадовы Пэтэр Стойкавіч, уладальнік маёнтку на беразе Котарскай затокі, за сваім гасьцінным сталом прызнаецца табе, што больш за ўсё на сьвеце любіць віно і жанчын. Віна ён спажывае ў сярэднім чатыры літры за дзень. Колькасьць жанчын не ўдакладняецца.
Міра Куч, гаспадар твайго прыморскага гатэлю, — чалавек іншага складу і мае іншыя прыярытэты.
Падобны да ката Базыліё зь фільма пра Бураціна, Міра цэлы дзень сядзіць на мармуровай тэрасе трэцяга паверху з кубачкам кавы і калькулятарам. Цябе ён ведае лепей за ўсіх пастаяльцаў, бо ты вычытаў у рэклямным праспэкціку пра басэйн на гатэльным даху ды вырашыў купацца там перад сьняданкам і пасьля вячэры.
У першы дзень басэйн выдае на вясковую калюжыну, дзе купаюцца гусі. Міра ўсьміхаецца ад вуха да вуха: ваду памяняюць, і ўсё будзе «добро». Назаўтра ты бачыш відавочны прагрэс: басэйн сухі, як выпітая ўчора пляшка. Гаспадар дорыць табе ўсьмешку й цікавіцца, навошта табе басэйн, калі перад табой мора, у якое ты, маючы спрыт, можаш скочыць проста з тэрасы. Эфэкт дасягнуты: плаваючы ў чыстым і спакойным сёньня моры, пачынаеш думаць, што, ня выключана, ты напраўду вычварэнец. Але ўначы ўсходжваецца шторм, мора жаўцее, быццам нехта велізарны нястомна месіць на дне гліну, і ты, абгарнуўшыся ручніком, зноў кіруесься на дах.
Читать дальше