Мастацтва мэдыцыны, пісаў Гіпакрат, складаецца з трох элемэнтаў: хваробы, хворага і лекара. Ня бачачы вялікай розьніцы паміж мудрасьцю й мэдыцынай, ён параўноўваў лекара зь філёзафам.
Табе больш падабаецца іншае параўнаньне — з дэтэктывам. Хворы паведамляе пра свой боль, і доктар, учапіўшыся за гэтую нітачку, мусіць разблытаць увесь клубок, каб прадухіліць магчымае забойства.
Дагэтуль табе не сустрэўся доктар, які справіўся б з тваім клубком. Але, з другога боку, высілкі «дэтэктываў» далі пэўны эфэкт, доказам чаго ёсьць тое, што зараз ты сядзіш за пісьмовым сталом, а не бесклапотна спачываеш у зацішным кутку полацкіх Ксавэр’еўскіх могілкаў.
Ты пакуль тут, а некаторыя дактары, якія цябе лекавалі, пасьпелі, як кажуць японцы, памяняць сьветы. Але гэта хісткае суцяшэньне: мо якраз яны, ужо адсутныя, і здолелі б выбавіць цябе з вартаванай болем мэтафізычнай вальеры, што почасту сьціскаецца да памераў клеткі.
Пра тых, хто змагаўся за тваё вызваленьне, ты ўжо можаш напісаць прыстойную кнігу, поўную любові і ўдзячнасьці, захапленьня й расчараваньня, зьедлівасьці й пагарды.
Сярод яе пэрсанажаў прысутнічаў бы доктар, які ставіў цябе на ногі так натхнёна, што праз колькі месяцаў ягоныя калегі ўсё ж здолелі выратаваць цябе ад вынікаў лекаваньня. Затое Бог шчодра надзяліў згаданага спэцыяліста талентам красамоўцы. Ён называў хваробу драмай у дзьвюх дзеях, зь якіх першая разыгрываецца ў нашых істотах у глыбокай цемры, без усялякага намёку на бяду, і толькі ў другой пачынаюць запальвацца сьвечкі, вястункі пажару, патушыць які падчас бывае немагчыма.
Паміж тваіх лекараў былі прафэсары, дацэнты, таленавітыя практыкі і ня менш таленавітыя хлусы і круцялі. Адзін доктар апрача клясычнае акупунктуры глыбока разьбіраўся ў клясычнай кітайскай філязофіі. У кабінэце другога зь нямецкамоўнымі трактатамі пра піеланэфрыты і нэфрасклерозы суседнічалі на кніжнай паліцы «Дзікае паляваньне караля Стаха» і «Ладзьдзя роспачы». Трэці найлепей знаўся не ў мікробах, зь якімі яму выпала доля змагацца, а ў конях і спартоўках, што выяжджалі на манэж. (За своеасаблівую індульгенцыю эскуляп меў выслоўе пра тое, што мэдыцына, паводле дакладнасьці, ідзе ўсьлед за тэалёгіяй.) Чацьверты лічыў абавязкам падрабязна знаёміць цябе з букетам уласных хваробаў, што, на шчасьце, не заміналі яму цешыцца цэлым суквецьцем каханак, пра якіх ён распавядаў гэтаксама ахвотна й дэталёва. Пяты дасягаў пэўнага псыхатэрапэўтычнага эфэкту тым, што выдаваў табе белы халат і браў з сабою на абход палатаў зь безнадзейнымі пацыентамі. Шосты бліскуча абвяргаў назіраньне Мантэня пра тое, што хмурны доктар не дасягне ў сваім рамястве аніякага посьпеху...
Сьветач лазэрнай хірургіі расказваў табе, як апэраваў у замежжы, дзе меў пашану ад калегаў і вучняў, што ўзахапы запрашалі яго на гасьціны ды вазілі па сваёй цудоўнай горнай краіне на мяжы славянскага сьвету. Расказваў, як цешыўся прафэсійным прызнаньнем і гасьціннасьцю гаспадароў, і як аднойчы ягоная радасьць умомант сьцьмела, калі ў застоліцы ў яго запыталіся, ці праўда, што Беларусь — адзіная славянская краіна, дзе народ не гаворыць на сваёй мове...
Дактары, а, бывала, і доктаркі мацалі й цягалі цябе за розныя органы, калолі, прагравалі, масажавалі, зрэдзьчас выпівалі з табой і зноў цягалі, калолі і прамывалі. Табе ставілі магніты, іголкі і п’явак, дзякуючы чаму ты пераканаўся, што нелюбёны табой у дзяцінстве Дурымар — насамрэч герой ня менш станоўчы за доктара Айбаліта.
Ты выслухоўваў новыя й новыя дыягназы, іншым разам падобныя да прысудаў, і ўсё глыбей пераконваўся, што самы небясьпечны доктар — доктар без пачуцьця гумару.
З кім жыць, як няма мікробаў
Ёсьць гумар сьветлы і чорны. Габрэйскі і армейскі. Адэскі і ангельскі. Ёсьць гумар шыбенікаў.
А ёсьць гумар мэдыкаў.
Доктар, якому тутэйшыя пацыенты чамусьці любілі прыносіць у якасьці ганарару пушкі цукерак, эмігруе ў ЗША, адчыняе прыватны кабінэт на Брайтанбіч і чапляе на дзьвярах абвестку: «Конфет доктор не пьёт».
Колькі разоў прагледзеўшы вынікі тваіх аналізаў, загадчык лябараторыі задуменна падыходзіць да вакна й пачынае няпростую размову: «Вы ведаеце, у кожнага мэдыка ёсьць свае маленькія могілкі...»
На знак павагі да пацыента зь велізарным стажам дырэктар дыягнастычнага цэнтру пасьля прыёму прапануе табе наведаць іхнюю саўну, але толькі пры ўмове, што ў парыльню ты на ўсялякі выпадак возьмеш мабілку. Саўна сустракае цябе густоўна выразанай на дрэве высновай шматгадовых дыягнастычных экспэрымэнтаў: «Мёртвыя не пацеюць». Ты лагодзісься ў парыльні на пару з мабілкай, разважаючы над тым, каго хацеў бы бачыць зараз на яе месцы, і раптам твая «Nokia» ажывае. Клапатлівы голас доктара пытаецца: «Спадар Арлоў, вы ўспацелі?»
Читать дальше