Адамчык
На вышыні тысячы мэтраў на роўнем мора ты амаль з асалодаю чытаеш дзёньнік Вячаслава Адамчыка. Табе робіцца нечакана ўтульна з гэтай, такой беларускай душой, зь яе ўзьлётамі і незьнішчальнымі комплексамі, з замілаванасьцю дрэвамі й птушкамі ды ўспышкамі інфэрнальнае нялюбасьці да людзей, з вусьцішным прадчуваньнем хуткага скону, зь фізычным болем і непараўнальна страшнейшым болем душы, якой перакрываюць неабходнае для жыцьця беларускае паветра...
Усьлед за Адамчыкам ты гатовы падпісацца пад партрэтам аднаго зь сяброў Рады Саюзу пісьменьнікаў, самазадаволенага вепрука, зь якім лёс зьвёў цябе ў выдавецтве «Мастацкая літаратуры». Ты, яшчэ ня звольнены «за выпуск исторической и другой сомнительной литературы», рэдагаваў том паэтычнай анталёгіі. Вяпрук быў укладальнікам, і ты злавіў яго на тым, што ён ня толькі не адчувае паэзіі, але і панапісваў пад капірку біяграфічныя даведкі, якія ты прымусіў яго перарабіць, дадаўшы хоць каліва творчасьці, за што ён, парохкваючы ў сваім дзяржаўным катуху, ціха помсьціўся табе ўсё наступнае дзесяцігодзьдзе.
Апошнія два гады ты жыў, па сутнасьці, у адным з Адамчыкам двары і штомесяц ставіў свой подпіс побач зь ягоным, атрымліваючы на пошце выпісаную да запатрабаваньня «Иностранную литературу». Але ў вас зь Вячаславам Уладзімеравічам былі розныя сьцежкі, і ты толькі раз пагаварыў зь ім, падзякаваўшы за апавяданьне «Леанарда», дзе савецкія партызаны-расейцы па наводцы вартаўніка-беларуса ўпяцёх гвалцяць, а пытым забіваюць штыхамі беларускую настаўніцу.
Нехта з пакрыўджаных чытачоў дзёньнікавых запісаў Адамчыка назваў яго мізантропам, аднак ты, ужо бачачы на даляглядзе й далёка ўнізе мора, ведаеш, што таленавіты мізантроп для цябе пераважыць безьліч чалавекалюбных пасрэднасьцяў.
Авечкі і козы
Шукаць гістарычныя аналёгіі Чарнагорыі (вядомай неславянскаму сьвету як Монтэнэгра) з тваёй краінай — справа сумнеўная. Хіба што ў вас не было татарскага прыгнёту, а чарнагорцы, калі і былі нейкі час пад туркамі, усё адно захоўвалі аўтаномію.
У найноўшыя ж часы Чарнагорыя ня плішчылася ў яшчэ шчыльнейшы саюз з «старэйшай сястрой» Сэрбіяй, а наадварот — усяляк адпаўзала ад яе, і ўрэшце ўвяла замест дынара нямецкую марку, а затым эўра.
Чарнагорскія гарады выглядаюць сьветлымі і вясёлымі, асабліва ў параўнаньні з сэрбскімі (найбольш панурым і прыгнобленым табе падасца Бялград). Рэч ня столькі ў разбураных натаўскімі бомбамі будынках, якіх даволі няшмат, колькі ў агульным настроі людзей, бо бомбы сыпаліся на галовы ўсім сэрбам, незалежна ад стаўленьня да рэжыму Мілошавіча.
Чарнагорыю не бамбавалі, і гэта надае яе жыхарам упэўненасьці й самапавагі. Нават авечкі ды козы, гледзячы на гаспадароў, трымаюцца тут з большай годнасьцю, чым у Сэрбіі.
Сябар Мілошавіча
Маладая экскурсаводка паведамляе, што адзіным, хто адкрыта падтрымліваў палітыку Слабадана Мілошавіча, быў прэзыдэнт тваёй краіны. Твар у дзяўчыны абсалютна непраніклівы, і ты ня можаш здагадацца пра яе асабістае стаўленьне да згаданага факту.
Пасьля кароткай пярэрвы экскурсаводка з гэткім самым тварам дадае: «Сейчас деятельность Милошевича на посту главы государства является предметом рассмотрения Гаагского международного трибунала».
Мора
Простае чалавечае шчасьце — прыйсьці ў сьпёку на марскі бераг. Але хвалі сёньня вышэйшыя за твой рост. Калі хочаш паплаваць, галоўная праблема — увайсьці ў гэтую пенлівую стыхію, а потым выбавіцца зь яе, бо хвалі сьпярша не пускаюць у мора, а пасьля, адчуўшы сваю ўладу, не выпускаюць на бераг. Найлепей нырцануць у хвалю, адплысьці ад паласы прыбою і, супакоіўшы дыханьне, гайдацца на аквамарынавых валах, гледзячы на крануты лазуркавай смугою горны хрыбет і разважаючы пра тое, што твайму народу не стае ня толькі выйсьця да мора, але і выйсьця да неба — гораў.
Аднак усё гэта — тэорыя. Пакуль што ты сядзіш на гарачых чорных камянях і назіраеш, як у мора заходзіць юнак зь дзяўчынай. Стоячы тварам да пляжу, яны дурэюць, пырскаюцца, сьмяюцца, ня бачачы, як да іх ціха падкрадаецца неверагодна прыгожая смарагдавая хваля. Яна ўмірг вока закіпае, зь невераемнай лёгкасьцю валіць шчасьлівую парачку з ног, валачэ яе на бераг і таксама імкліва адкочваецца. Хлопец ускоквае на ногі, а дзяўчына застаецца бездапаможна ляжаць. Ён адцягвае сяброўку далей, перагінае танклявае загарэлае цела, і з роту ў дзяўчыны б’е фантан вады. Купальніца зь цяжкасьцю выпростваецца, зьняможана сядае на пляскатыя камяні...
Читать дальше