Праз паўгадзіны ў абладзе салодкіх згадак маленства ты ўжо будзеш ісьці па ўтульных картагенскіх прысадах, густоўна аздобленых маленькімі саркафагамі з прахам ахвяраваных богу Ваалу немаўляткаў. На пунійскіх калёнах партрэтаў Бэн Алі пакуль што ня будзе. Адпачываючы ад рызыкоўных палітычных аналёгіяў, ты навядзеш фотаапарат на архітэктурны краявід і ледзьве пасьпееш пстрыкнуць, як з-за разгалістага кактуса імгненна падымецца няўсьмешлівы двухмэтровы чалавек у цывільным, што без тлумачэньняў засьвеціць табе стужку. Толькі пасьля ты заўважыш замаскаваныя балотнаю мярэжаю бэтээры з аўтаматчыкамі ў зялёных касках і стамлёна падумаеш, якія гэтыя ўладары аднолькавыя і як фатальна іх цягне да Вечнасьці: адзін здае на вечнае захаваньне сваю канстытуцыю з аўтографам, другі будуе палац побач з старажытным сьвяцілішчам Тафэль.
Ты разьвернесься да рэзыдэнцыі тунісійца №1 сьпінай і тым месцам, адкуль яна расьце, і на сапфіравай асноведзі мора зьнячэўку ўбачыш юную бляндынку з валасамі колеру плятыны і амаль свойскім імем Аўшра, што па-літоўску азначае Заранка.
Мова, на якой вы будзеце размаўляць, у гэтых мясьцінах не падасца табе чужою. Аўшра будзе вывучаць гісторыю і ведаць, што картагенская культура мела тую дзіўную асаблівасьць, што не стварыла прыгожага пісьменства. Ты адзначыш, што Аўшра прыкметна вышэйшая за цябе, але гэтая трывожная акалічнасьць не перашкодзіць твайму натхнёнаму ўяўленьню, што буйна закаласіцца самымі сьмелымі мроямі.
Якраз тут да вас і падыдзе невысокі, зацягнуты ў скуру эўрапеец, якому твая суразмоўніца магла б быць за ўнучку. У зялёных вачах аб’екта тваіх каласістых мрояў мільгане лёгкая разгубленасьць, і Аўшра растлумачыць, што гэта яе каханак з Гамбургу.
Каханак па-гаспадарску возьме тваю нязьдзейсьненую мару за тонкую талію і павядзе яе да тэрмаў імпэратара Антонія. Гледзячы ўсьлед, ты адразу знойдзеш у постаці Аўшры некалькі істотных хібаў. Але гэтага дзеля суцяшэньня будзе відавочна недастаткова.
Ты прысядзеш на адбітую капітэль, заплюшчыўшы вочы, прыслухаесься да ветру, і мудры антычны вецер, які памятае велічны поступ сланоў Ганібала, пашле табе сапраўднае суцяшэньне. Ты раптам зразумееш, што Картаген прайграў Рыму і ўрэшце загінуў менавіта таму, што ня меў такой дробязі, як картагенскія пісьменьнікі.
Значыцца, яшчэ ня ўсё страчана.
Асабліва калі ўлічыць, што тыя пэрыяды айчыннае гісторыі, якія потым называюць «залатым векам», у тваёй краіне маюць уласьцівасьць праз кожныя пяцьсот гадоў паўтарацца. Бо апошні «залаты век» скончыўся ў ХVI стагодзьдзі, а табе наканавана яшчэ нейкі час пабадзяцца па сьвеце і пасядзець за пісьмовым сталом у ХХI-м.
Травень, 2001
Па сьлядах князя Жыгiмонта
Апынуўшыся ў Чэхii, сярэднестатыстычны падарожнiк зь Беларусi, якi меў у школе станоўчую адзнаку па гiсторыi, напэўна згадае, што нашу першую друкаваную кнiгу Францiшак Скарына выдаў якраз тут, у Празе. На тое, каб ведаць, што ў чэскай сталiцы выпусьцiла сваю першую кнiгу і пражыла лепшыя гады Ларыса Генiюш, багажу школьных урокаў можа не хапiць. Як, дарэчы, i на тое, каб не забыцца, што на Альшанскiх могiлках у Празе спачываюць прэзыдэнты Рады БНР Пётра Крэчэўскi ды Васiль Захарка.
Што да героя, якому прысьвечанае тваё сёньняшняе падарожжа ў чэскую глыбiнку, дык ён i наагул вядомы нават ня кожнаму з айчынных дактароў гiстарычных навук.
Чаго ня скажаш пра iхніх калегаў з Чэхii.
Чэская ўнiвэрсальная энцыкляпэдыя паведамляе пра нашага суайчыньнiка князя Жыгiмонта Карыбута на некалькiх старонках, а спэцыялiзаваная Энцыкляпэдыя гiсторыi Беларусi адшкадавала яму ўсяго дзесяць невыразных радкоў.
Але гiстарычныя даведнiкi й манаграфii засталiся адпачываць у Менску, а ты едзеш зь сябрам сярод засьнежаных пагоркаў у бок Кутнай Горы. Цябе цiкавяць жывыя ўражаньнi, зьвязаныя з iмем беларускага князя, што на колькi гадоў заняў чэскi пасад.
Князь Жыгiмонт Карыбут быў пляменьнiкам гаспадара Вiтаўта. Яшчэ ў зусiм юным веку ён браў удзел у сьмяротна небясьпечнай экспэдыцыi з мэтаю лiквiдацыi беларускага кузэна лох-нэскае пачвары, што здавён атабарыўся ў Лепельскiм возеры i штогод спажываў ня менш як тузiн грамадзянаў Вялiкага Княства Лiтоўскага.
У 1410 годзе Жыгiмонт мужна ваяваў на чале ўласнае харугвы пад Грунвальдам, а падчас гусiцкiх войнаў зьявiўся зь пяцітысячным беларускiм войскам у Чэхii.
Рэч у тым, што запрошаны гусiтамi на каралеўскi пасад Вiтаўт выявiў уласьцiвую яму абачлiвасьць i паслаў на выведку блiзкага сваяка, якога чэхi, каб ня блытаць з сваiм нялюбым каралём, таксама Жыгiмонтам, ляпiдарна называлi проста «князем К.».
Читать дальше