Але той, правёўшы ноч у малітве, як толькі прагучала першая варта — рушыў са сваім келейнікам да карабельнай прыстані. Там яго і адшукаў спалоханы спраўнік. І вось ігумен — зноў у троннай зале.
— Сядай, браце, на маё месца, — паказаў яму патрыярх на свой сталец, — а я, грэшны і сляпы, буду каля ног тваіх літасці прасіць, — і ўкленчыў перад ігуменам. Той усё зразумеў і асунуўся-звяў каля патрыярха.
Яны абняліся і плакалі, не маючы сілаў на словы. І слёзы былі іхнімі словамі.
Так і сядзелі: адзін насупраць другога.
— Што яшчэ распавёў брат Філафей? Што сам аб тым думаеш?
— Думаю, што храм унутры кожнага з нас, і калі ёсць вера — аніводзін вораг яго не разбурыць. А ў кожнай душы павінна быць слова Божае. Думаю, — ігумен натхнёна зірнуў патрыярху ў вочы, — святую Канстанцінопальскую бібліятэку небяспечна захоўваць у адным месцы…
— Прапануеш перавезці скрыпторый?
— Так, часткова. Падзяліць на тры траціны — і ў спакойнае месца, пад апякунства братоў праведных… «Чаму сонца асвятляе ўсю зямлю? — казаў нам брат Філафей. — Бо вандруе па ўсім свеце. Так і святыя кнігі павінны асвятляць усе землі Гасподнія. Асабліва тыя, дзе мала святла»…
Зноў доўга маўчалі.
— І яшчэ… — абудзіўся ігумен. — Варта шырыць Евангелле й словы апосталаў ды святых айцоў Царквы Хрыстовай. Некалі пры патрыярху Фоцію квітнела вялікая школа перапісчыкаў. Дзейнасць яго вучня асветніка Канстанціна-Кірыла ад балгараў да русаў увасобілася ў літарах і словах. І ўжо хутка дзень, калі святую кнігу будзе мець кожная авечка Хрыстовая…
Патрыярх неўразумела апусціў бровы, а ігумен патлумачыў:
— Святло веры Хрыстовай шырыцца па ўсім свеце, і перапісчыкі ўжо не могуць, не паспяваюць задаволіць кнігамі нават святароў новаўзведзеных цэркваў. Не хапае пергамена, не кажу ўжо пра танчэйшы велен… — і Нілавы вочы раптам заззялі: — Мы павінны даць кніжнаму слову новае жыццё!
Бровы патрыярха апусціліся яшчэ ніжэй.
— Так, новае! — ігумен Ніл аглядзеўся наўкол, узняўся (за ім — і патрыярх) ды падышоў да глінянай вазы, асцярожна павярнуў яе, прымружыў вочы: — Так, вось… — ён пастукаў пальцам па ганчарнай метцы-таўру. — Вось знак адціснуты, а не напісаны. Гэта — новае нараджэнне і знака, і слова.
Патрыярх стаяў каля ігумена, слухаў, але — было відаць — мала што разумеў.
— Ці яшчэ… Вашая Свяцейшасць, колькі разоў вы прыкладалі на булы й пасланні сваю патрыяршую пячатку?
— Дык хіба ж тое злічыш?
— Вось! — узрадаваўся ігумен. — А цяпер уявіце, што пячатка мае памер кнігі — гэта ж колькі старонак за адну варту адціснуць можна! Тысяча пісцоў з тым не справіцца!
Патрыярх змуліў вусны, прыгладзіў акуратна падрэзаную бараду, а ігумен працягваў:
— На тое мне нядаўна наш малады манах паказаў, брат Максім. Ён прыйшоў на Афон аднекуль з прыморскай Сербіі і паслушнікам выціскаў алей з маслінаў. Аднойчы падклаў пад вінт аліўні гліняную дошку і стварыў на ёй крыжы Гасподнія. Прынёс да мяне і кажа: «А на іх месцы могуць літары быць. А замест гліны — пергамен ці папера!»…
Пасля службы яшчэ доўгі вечар і бяссонную ноч прагаварылі патрыярх з ігуменам. Вырашана было павялічыць колькасць перапісчыкаў скрыпторыя і падзяліць старадаўнюю бібліятэку на тры часткі. А вось куды выпраўляць? І хто будзе ахоўваць?
— Колькі ў тваім манастыры манахаў? — раптам як пра нешта ўспомніў патрыярх.
— Акром тых, хто ў скітах, трыццаць два…
— З табой, значыць, трыццаць тры?
— Так, — ігумен яшчэ не разумеў прычыны пытанняў.
— Вось, нават і ў гэтым — сімвалічна… — патрыярх устаў і паклаў на плячо ігумена руку. На пярсцёнках завесяліліся адлюстраванні свечак. Ігумен таксама памкнуўся ўстаць, але патрыяршая рука спыніла яго, і позіркі абодвух сустрэліся: — З нябеснай дапамогаю Госпада нашага Ісуса Хрыста, са святою падтрымкаю Маці Ягонай Вечнадзевы Марыі наракаю аб стварэнні патрыяршага манашскага брацтва, клопатам якога навекі стануць зберажэнне і пашырэнне Евангельскага слова і кніг царкоўных. У іх наш пачатак, і канец, і аднаўленне. «На пачатку было слова, — вучыў святы апостал Ян, — і Слова было ў Бога, і Слова было Богам»… — на хвілю запанавала продумнае маўчанне. Патрыярх перахрысціўся і закончыў: — Веру ў промысел Божы, які, брат Ніл, спадобіў цябе. Быць табе магістрам брацтва, і называцца яму адсюль і навекі ў гонар любімага Хрыстовага вучня апостала Яна…
* * *
1453 год
Ганец з Канстанцінопаля дабраўся да афонскага манастыра роснай чэрвеньскай ноччу. Манах-брамнік правёў яго да ігумена, а калі пачуў навіну — выпусціў з рук паходню…
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу