Калі адышоў да Бога старац Філафей, у манастырскай царкве заплакала ікона Божай Маці «Троеручыца», а нараніцу пасля пахавання старца ў келлю ігумена ўляцеў белы голуб: сеў на падваконне і не варушыўся ўвесь час малітвы…
І тады ігумен вырашыў адправіцца ў Канстанцінопаль да патрыярха — распавесці пра Філафееў сон ды папрасіць святой парады.
Афон з карабля ўжо здаваўся невялікай даланёй — толькі заручальны пярсцёнак хмаркі завісаў над гарой. Там — падумалася ігумену — і злучалася неба з зямлёй.
…Яшчэ ў язычніцкія часы на паўвостраве ўзвышалася пазалочаная статуя Апалона, а на гары быў ягоны храм. І само месца звалася Апаланіядай. Пазней там узвялі храм Зеўса, якога па-грэцку звалі Афос (Афон). Цяпер жа і да заканчэння свету той край з нябесным спалучаны імем Маці Божай. Калі яна плыла да Лазара Чацвёрадзённага на Кіпр, на моры раз’юцілася бура — і карабель прыбіла да скалістага афонскага берага. Гавораць, калі святая Марыя ступіла на яго, статуя Апалона павалілася…
— Дык ці будзе, ойча, у нас добры ўлоў? — спытаў ігумена старэйшы рыбак (напрыканцы шляху збіраліся закідваць невад — каб прадаць рыбу на канстанцінопальскім рынку).
Ігумен Ніл усміхнуўся, правёў даланёй па мяккай барадзе і мовіў:
— Я ж не варажбіт, чалавеча. Нікому са смяротных не дадзена знаць пра жыццёвую лоўлю. На тое ёсць вечны лавец душаў — Бог наш нябесны. Папрасіце ласкі Ягонай — і будзе вам улоў…
Яшчэ тры разы вынырвала з марскіх глыбіняў і атухала ў паружавелай вадзе вераснёвае сонца, пакуль іхні карабель скінуў якар на дно бухты Залаты Рог.
Кажуць, выспа — вароты Басфора — нагадвае галаву арла. Арол з дзвюма галовамі — герб Усясветнай Канстанцінопальскай Патрыярхіі і цяперашняй імператарскай дынастыі Палеалогаў.
У даўнія часы грэкі-каланісты заснавалі на выспе горад Візантыя ў гонар свайго правадыра Візанта. Затым ён стаў новай сталіцай Рымскай імперыі і назваўся Канстанцінопалем — у памяць пра першага хрысціянскага імператара Канстанціна Вялікага. З Рыма, Афінаў, Эфеса ды іншых гарадоў сюды звозілі лепшыя скульптуры, каштоўныя рукапісы ды таленавітых архітэктараў.
Прайшла пасля таго тысяча гадоў, а прасолены Мармуровым морам ды ўсушаны высокім сонцам горад выглядаў маладым і бадзёрым. Як і раней, сцякаліся на форум — рынкавую плошчу — гандляры і купцы, узвышаўся над засмяглай у спёцы зелянінай і квеценню Букалеон — імператарскі палац, за ім — жоўтыя каменныя сцены цырка, тэатра, ніжэй, уздоўж пыльных выпетраных вулак — двух-трохпавярховыя дамкі з аркадамі, грамадскія лазні, якія ледзь не ўсутыч ляпіліся да старой гарадской сцяны.
Цяпер жа горад пераліўся і праз тую, і цераз новую сцяну: яго абаранялі ўжо тры рады каменнай цвержы з глыбокімі забраснелымі ірвамі перад кожнай і дзевяноста шэсць вартавых вежаў. І сем абшытых тоўстымі металёвымі лістамі брамаў.
Калі стомлены дарогай ігумен з дапамогай келейніка спускаўся ў лодку, штось бліснула ў ягоных вачах.
— Хвала Табе невымерная, Нябесны стваральнік, — прашаптаў Ніл і перахрысціўся.
На асмужаным даляглядзе вынырнуў пазалачоны купал Святой Сафіі.
Толькі напрыканцы трэцяй варты1 афонскі ігумен патрапіў у Верхні горад. Патрыяршы спраўнік запрасіў у гасцёўны пакой, дзе манахі — Ніл і ягоны келейнік — маглі памыцца і адпачыць з дарогі.
— Яго Вялікасць Боская Усесвяцейшасць Архіяпіскап Канстанцінопальскі-Новага Рыма і Усясветны Патрыярх, — паведаміў ён, развітваючыся, — зможа прыняць вас пасля вячэрні.
Службу ў Святой Сафіі яны аніяк не маглі прапусціць — калі б нават раскрыліся нябёсы над Вечным горадам і загулі трубы іерыхонскія. Келейнік наведваў храм упершыню, а ігумен Ніл у свае маладыя гады быў ягоным дыяканам — ды таксама адчуў першасную акрыленасць ад сузірання велічных сценаў. Унутры яны, як і падлога, да самага мазаічнага ўзвышша пакрытыя прыроднымі роспісамі мармура з белымі, бірузовымі і вогненна-карычневымі вертыкальнымі разводамі… Вось і Харалагін, дзверы, праз якія можна выйсці на каменны пандус і дабрацца на верхнюю галерэю — нібы на нябачных крылах узняцца да залачоных архангелаў і зверху ўвабраць у дрыготкую душу храмную прастору…
Аграмадны купал, які — здавалася звонку — уціскаў святыню ў грэшную зямлю, унутры на далонях двух нефаў выглядаў лёгкім і ўзлётным. Можа — ад сонечнага вянка ўрэзаных у яго авальных вокнаў, можа — ад гонкіх узалочаных фрэсак, можа — ад высозных калонаў, а можа — ад намоленых слоў, што гучалі пад тым купалам і ўжо не месціліся ў храме.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу