Але ім, малітоўным словам, было прасторна ў манашскіх душах, якія ў час гэтай вячэрні таксама ўзнімаліся да нябеснага купала…
— Эвлагітэ! — ігумен упаў на калені, калі патрыярх увайшоў у свой тронны пакой — пераапрануты, у простым падрасніку. На галаве замест сферычнай клабукі была белая скуфія.
— Бог дабраславіць, мой дарагі брат! — адказаў патрыярх і таксама ўкленчыў перад госцем. — Думаў, ужо й не пабачу тваю мудрую сівізну.
Яны абняліся і прыселі на лаву, прыстаўленую ўздоўж сцяны з высокім арачным акном. Леваруч ад іх на пакрытым дарагім дываном узвышэнні стаяў залачоны трон з аксамітнай падушкай і доўгімі кутасамі.
Патрыяршы трон ніколі не пуставаў: на ім месцілася кніга старадаўняга рукапіснага Евангелля ў залатых вокладках. Па абодва бакі трону — гліняныя вазы-гаршкі з доўгімі пальмавымі галінамі. Просты ж драўляны сталец патрыярха быў пад узвышэннем, але ўладыка сеў побач з госцем.
— Ці добрай была дарога? І як цячэ жыццё Божае на Афоне?
— Хвала Богу, і дарогі, і жыццё нашае добрыя, — пачаў Ніл — і спыніўся, не ведаючы, як падступіцца ў размове са сваім клопатам, але патрыярх нібыта адгадаў ягоныя думкі:
— Аднак бачу пакутнае ў вачах тваіх: гавары.
— На дванаццатым годзе чорнага скіту адкрылася нашаму старэйшаму брату Філафею відзежа нябесная: Маці Божая паказала яму бой двух галубоў, чорнага з белым. І ўбачыў брат наш Божы… смерць Канстанцінопаля і разбурэнне Святой Сафіі… — ігумен сполашна перахрысціўся і адвёў ад патрыярха вочы.
Праз акно ў залу запаўзалі першыя вечаровыя цені. Бліснула пад нізкімі промнямі астылага свяціла залатое акаймленне Евангелля на патрыяршым троне — і адлюстравалася ў блакітных зрэнках ігумена.
— Гавары далей, — загадаў-папрасіў патрыярх.
Ігумен уздыхнуў, нярвова скрыгатнуў зубамі — ажно зварушыліся абветраныя жаўлакі — і прадоўжыў:
— Апякунка Нябесная спусцілася ў агонь высокі, у якім гарэлі словы Божыя — кнігі Святога Пісання… «Ідзі і раскажы», — загадала Валадарка Цноты старцу Філафею, і ўбачыў ён у тым сне, як выйшла Бязгрэшная з агня, і паклала на ваду кнігу, і сказала: «Вось цела Сына майго». І разгарнула кнігу, і перст свой да радкоў прыклала, і сказала: «А гэта кроў Ягоная»…
Патрыярх устаў, прайшоў да трона, укленчыў перад Евангеллем:
— Госпадзе, Божа мой! Ты паставіў зямлю на цвёрдых асновах: не пахіснецца яна векавечна! — прашаптаў словы псалма і, не паварочваючыся да ігумена, спытаў:
— І як брат Філафей тлумачыў сваю відзежу?
— Загадаў адпраўляцца да Вашай Усесвяцейшасці і папярэдзіць аб небяспецы. «У Канстанцінопалі захоўваецца найбагацейшы скрыпторый, — мовіў. — Ратуйце і пашырайце слова Хрыстова. Цела Божага ад крыві Ягонай адлучаць нельга»…
— І якім чынам ратавацца Святому гораду? Мне, можа, ігумен, пайсці да імператара і папрасіць яго новую сталіцу заснаваць, калі гэтай вы смерць прарочыце?! — у словы патрыярха ўпляталіся ноткі абурэння: — Канстанцінопаль цяпер як ніколі моцны. Рыхтуецца Фларэнційскі Сабор і падпісанне царкоўнай уніі з Рымам… І туркі цяпер аслабленыя: Цімур-мангол на Анкары надоўга сілу з іх выбіў. Успомні, як восем летаў таму Мурат Другі насмеліўся напасці на Канстанцінопаль — і што з таго сталася?! — патрыярх трывожна памаўчаў, падышоў і зноў прысеў да ігумена: — Ідзі з Богам, браце Ніл. Дзякуй за расповед. Адпачні, колькі трэба, ды вяртайся мацаваць веру Хрыстовую ў душах манашскіх…
Яны расцалаваліся і развіталіся.
…А ноччу ў патрыяршы сон увайшла сумная Нябесная Апякунка. У правай руцэ яна трымала раскрытую вогненную кнігу, а левай гладзіла канстанцінопальскага ўладыку і шаптала: «Вось цела Сына майго». І кнігу бліжэй падносіла… «А гэта кроў Ягоная», — і пераставала гладзіць, і праводзіла пальцам па радках. І адышла ў вогненную сферу, адкуль яшчэ доўга чуліся Ейныя словы: «Рабі, Іосіф, што засведчана… Перад ранкам пакажацца табе трэці знак»…
Яшчэ да ўзыходу сонца патрыярх упаў ніцма перад іконаю Маці Божай і доўга маліўся, а калі ўстаў, святло ўжо разыходзілася па храме. Там яго адшукаў спраўнік — хацеў паведаміць пра нейкі клопат, але ўзрушана застыў, прыкрыўшы рукою рот. Патрыярх неўразумела нахмурыўся, але служка нават не варухнуўся: як прыкіпеў вачыма да іканастасу. Азірнуўся патрыярх — і яго як дзідай працялі: упершыню заміраточыла старадаўняя ікона Божай Маці…
Ён зноў кінуўся перад ёй на калені і ўмольна зашаптаў:
— Апякунка Нябесная! Злітуйся і дапамажы нам, грэшным… Выратуй і зберажы!.. — па яго сухіх шчоках пабеглі слёзы. Затым звярнуўся да спраўніка і папрасіў дрыготкім голасам: — Пакліч сюды афонскага ігумена…
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу