У той час Заяц дастаў са скуранога дыпламата, прывязанага да білца інваліднага вазка, загадзя ўключаны ноўтбук, па электроннай пошце адаслаў невялічкі тэкст — і зноў схаваў.
Цягнік спыніўся. Патухлі лямпы асвятлення — і эканомна ўспыхнулі запасныя, па дзве на вагон. За шклом вокнаў знерухомела шурпатая сцяна тунэля.
— Паважанае спадарства, просім не хвалявацца… — прагучаў у дынаміках спакойны голас «Вусача». — На лініі — збой электранапругі. Праз некалькі хвілін рушым зноў. Кіраўніцтва метрапалітэна выказвае свае прабачэнні. — А затым той жа голас загучаў у рацыі галоўнага дыспетчарскага пульта: — Увага! Састаў № 8 першай лініі захоплены тэрарыстамі і, замініраваны, знаходзіцца паміж станцыямі «Вакзальная» і «Лістападная». Усе патрабаванні нашай групы — на электроннай пошце Адміністрацыі прэзідэнта. Папярэджваем: з абодвух бакоў электрасастава выстаўленыя сэнсарныя відэакамеры. Пры першым выяўленні якіх-небудзь рухаў спецслужбаў цягнік з пасажырамі будзе ўзарваны! Гэта не жарт! Канец сувязі…
Чэрвень 1429 года ад нараджэння Хрыстовага
Калі манах пакінуў пячору, пачало ўзыходзіць сонца.
Усю ноч ён маліўся, а над зямлёй грукатала навальніца. Маланкі распорвалі неба, падалі ў марскую бездань і — атушаныя — распырскваліся па наваколлі. І тады ўзрываўся гром, стагналі зямля і горы, страшнае рэха кацілася з вышыняў — нібыта ўадначас заходзіліся тысячы іерыхонскіх трубаў ці насмерць біліся за прастору дахрысціянскія Ярыла і Зеўс.
І перакульвалася неба, і расцякалася вадою па горных стромах, і нельга ўжо было зразумець, дзе ніз і дзе верх, дзе сцяжына людская, а дзе Божая, дзе ўява і дзе жыццё.
Затым усё аціхла. І было чутна, як словы зліваліся з шаптаннем нястомных раўчукоў, па якіх неба сцякала ў недалёкае мора.
А калі ўзышло сонца, манах-адзінец пакінуў пячору.
На Афоне, ён жыў з сонцам і ветрам, сыціўся зямнымі дарамі, мацаваўся святым словам. І прасіў Бога назаўсёдна пакінуць яго тут — аднак нядаўні сон змусіў перапыніць скіт ды спусціцца ў зямныя клопаты…
Дарога адабрала ўсе старэчыя сілы, але ён не адчуваў гэтага. Не адчуваў ні збітых ног, ні задубелай ад глеістай гразі тогі, ні спапяляльнай смагі. Ішоў ды ішоў, гохкаючы кіем, сунуўся ды поўз, калі строміўся горны схіл. Радаваўся дзённаму святлу, а кароткія ночы праводзіў у сонным памараку. Ды крочыў далей — аж пакуль не ўбачыў перад сабой манастырскія вароты.
Сілаў узняць жалезнае кольца і пастукаць ужо не засталося. «Дзякуй табе, Божа», — вымавіў ці падумаў манах — і страціў прытомнасць.
Першымі яго заўважылі рыбакі, якія прывезлі з Салонікаў муку і воск. Яны занеслі старога за манастырскія сцены, паклалі ў цень кіпарыса ды паведамілі ігумену Нілу. Калі той прыйшоў, манах ужо агоўтаўся ды радасна глядзеў на царкоўны крыж.
— Брат Філафей?.. Вітаю цябе, богалюбівы сябар! Пасля нялёгкай дарогі зрабі ласку: будзь госцем у маёй келлі, — ігумен азірнуўся на маладога келейніка, каб той дапамог, але стары манах нечакана ўпаў да іхніх ног.
— Эвлагітэ (Дабраславіце)! — прашаптаў ён традыцыйнае афонскае прывітанне, перахрысціўся і пачаў прасіць даравання, але словы патаналі ў перасмяглай глотцы.
— О Кірыёс (Гасподзь дабраславіць), — крыху збянтэжыўся ігумен. Ён паслаў келейніка па ваду і паспрабаваў падняць старца Філафея, але той зноў лёг на зямлю і апантана зашаптаў:
— Паляць цела маё грахі непагасныя, каменнямі іхнімі рукі й ногі абцяжараныя, і няма мне даравання за тое, што выпрасіў я ў Бога скіт высокі — ды пакінуў яго…
Слёзы цяклі па худых шчоках, па старэчых маршчынах, па крывавых драпінах. У сівую бараду ўблыталіся некалькі сухіх лістоў айвы і алівы: пячора Філафея была ў Каруле, найвысокім і найсуровым афонскім месцы…
Ігумен Ніл прысеў да старца і пачаў гладзіць ягоны хітон, правільней — тое, што засталося ад яго пасля доўгага пустэльніцтва. Філафей — ягоны папярэднік на ігуменстве, дванаццаць гадоў таму падаўся ў пустэльніцкі скіт — і з’явіўся нібыта з іншага свету…
Прыбег келейнік. Хоць Філафей і не піў ужо трое сутак, але вадзе не абрадаваўся: зрабіў тры невялікія глыткі ды аддаў карэц. І, укленчыўшы, загаварыў гучней:
— Як вучыў айцец Іаан, Сінайскі ігумен: пакінуўшы людскі свет, больш не дакранайся да яго, бо страсці зручна зноў вяртацца. Маліцеся, браты мае ў Хрысце, каб страсці тыя мной зноў не апанавалі…
Ігумену і келейніку ўдалося ўзняць манаха з каленяў ды адвесці ў трапезную. Але і ад сціплай манастырскай ежы ён адмовіўся:
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу