Рой паслухаўся, і, калі груз быў зняты з плячэй, яму стала яшчэ цяжэй трымацца на нагах. Зараз у гэтым амаль не было сэнсу.
— Пайшлі, Рой, — прапанаваў Боб. — Не адставай!
— Ідзі, — сказаў ён Бобу. — Ідзі, а то я ўпаду і памру.
Індзеец узваліў на свае плечы яго вялізны мех і пачаў пракладваць сцежку, спачатку павольна, але затым прыспешчваючы крок. Калі Рой падаў, Боб не падымаў яго, а толькі чакаў, каб ён сам устаў, ведаючы, што сама нязначная дапамога можа даканаць Роя. Рой і сам добра ведаў гэта, але ўсё адно сварыўся, што Боб не дапамагае яму, і даходзіў да шаленства, што той не звяртае ўвагі на яго сварку.
Боб вёў яго сама лёгкім шляхам, які быў і сама доўгім, але Рой валокся амаль механічна, нібыта яго прыцягваў магніт. Ён зноў страціў усялякае адчуванне рэальнасці, яго абуджалі толькі пакутлівыя спускі на лыжах. Ён бачыў перад сабой дзве доўгія нагі ў руху, і яны вялі яго ўжо за межамі ўсялякай вынослівасці. Калі ногі, нарэшце, спыніліся, перад імі ўзніклі абрысы ягонай хаціны на Чатырох Азёрах. У яго яшчэ хапіла сілы скінуць з ног лыжы і перакуліцца цераз парог, але калі ён бразнуўся на бярозавы ложак, апошні атам яго энергіі быў зрасходаваны і ён адразу праваліўся ў глыбокі сон.
Рой заўсёды жыў у свеце рэальнага, і пячатка падсвядомага не пакінула на ім свайго кляйма. Але гэтай ноччу падсвядомасць, нібыта наганяючы страчаны час, адразу паквіталася з выразнасцю яго думак. Рэальныя падзеі апошніх дзён і нерэальны свет кашмараў спляліся ў адзін балючы клубок. Цудоўная рэальнасць свету, гуку і дотыку пакінула яго і саступіла месца чорным, пакутлівым вобразам зямлі, якая расколвалася, курчылася, вырывалася з-пад яго ног. Яшчэ больш дзіўнымі былі вобразы людзей, якія вырасталі ў дрэвы, у звяроў, у горы. Роя яны мучылі і прыгняталі, а затым адна вялізная гара, якая вырасла пад самае неба і выцягнула наперад скалістую руку, аглушыла яго ледзяной дубінай. Наносячы ўдар, гара раптам ператварылася ў Эндзі, і з адчуваннем цяжкай рукі Эндзі ён прачнуўся.
— Так, значыць, паляўнічы вярнуўся дамоў, — пачуў ён.
— Скоці! — Рой яшчэ ніколі так не радаваўся чалавечаму голасу.
— Ага, ён!
Рой адчуваў, як яго рот распаўзаецца ва ўсмешцы.
— Калі ты ўстанеш, — сказаў Скоці, — я маю, чым цябе пачаставаць. Здаецца, ты згаладаў.
Рой сеў і ўбачыў, што на яго пазіраюць Скоці, Самсон і Індзеец Боб. Засмяяцца ён не мог, бо распухлі губы і язык. І ён толькі ўсіхнуўся, адчуваючы цяпло хаціны ля Чатырох Азёр. Зараз ён усё разумеў. Міжволі ён азірнуўся: дзе ж Эндзі? Але Эндзі тут не было.
— Прывітанне цёплай кампаніі, — сказаў ён.
— Мы з Самсонам прыйшлі ўчора вечарам, — растлумачыў яму Скоці. — Трэба было зрабіць апошні абход тваіх бабровых пастак, перш чым здымаць іх.
— Здымаць? А мо яшчэ рана?
— Ведаеш, запахла смажаным, Рой, — сказаў Самсон. — З той пары, як ты пайшоў, сюды зазіралі розныя людзі.
— Інспектар? — спытаў Рой.
— Не. Яго і духу не чуваць.
Рой цяжка ўздыхнуў.
— Ён гнаўся за мной. Хіба ты не заўважыў учора, што за мною гналіся? — спытаў ён у Індзейца Боба.
— Я нікога не бачыў, Рой, — адказаў Боб. — І нікога не шукаў. Я не ведаў, што ты быў у заказніку, мне Скоці сказаў пра гэта толькі ўчора вечарам.
— А дзе мая пушніна?
— Мы схавалі яе на дрэве, Рой.
Рой устаў, і ўсе падумалі, што ён адразу ж упадзе, але ён утрымаўся і падышоў да печкі. Толькі зараз ён адчуў, нарэшце, боль усіх сваіх ран і ўсяго спакутаванага цела, крывавыя пухіры на лытках, сцёртыя ступні, ламату ў грудзях і ў нагах. І тым не менш увесь свет нібыта накладваў на яго гаючую павязку, усё навокал было жывое, гарачае, і як доказ гэтага побач быў Скоці.
— А як наконт яды? — спытаў ён у Скоці.
Ён ведаў, што пасля яму будзе дрэнна, але еў прапанаваныя яму Скоці яечню з салам і бульбу, еў з прагнасцю згаладалага чалавека. Падчас яды ён расказваў ім пра заказнік, пра свой сыход і пагоню, аж да таго моманту, як сустрэў Індзейца Боба.
— Ты перакананы, што ніхто мяне не пільнаваў? — зноў спытаў ён у Боба.
— Я нікога не бачыў, — паўтарыў Боб, і яго чорныя сумныя вочы на імгненне ажывіліся. — Яны, відаць, згубілі цябе ля таго возера, дзе ты праваліўся.
— Магчыма, — сказаў Рой, — але мне здавалася, што яны ідуць за мною, — ён памацаў сухую скуру свайго зарослага твару, яна была брудная і пачырванелая. — А як паляванне ў вас? — спытаў ён.
— Паляванне? — перапытаў Скоці. — Можна лічыць, што ніяк. На гэты раз ты меў рацыю, Рой. Звера няма, прапаў, быццам і не было. За шэсць тыдняў я не бачыў ніводнай норкі, а Боб у пагоні за дзічынай зайшоў вунь куды. Нават алені зніклі. Знікла ўсё, акрамя зайца і лісы. Нам з Самсонам не сабраць і авансу на будучы год, калі б не дадатковы ўлоў з твайго ўчастка.
Читать дальше