– І яны тут ядуць? Сярод мерцвякоў?
— Пудзіла, ты колькі ў Стамбуле пражыў?
— Два тыдні!
– І ні разу не бачыў кавярні на могілках? Тут іх як гною ў хлеве!
— Але ж у чым сэнс? Хіба гэта дадае апетыту?
— Сэнс у тым, Джон Вілаў, мастацтвазнаўца, што гэтыя кавярні ўзніклі шмат стагоддзяў таму, калі могілкі ад іх былі далёка-далёка. Праз тры вуліцы. Кавярні стаялі на месцы, бо хадзіць не здольныя, няма ў іх ног, а могілкі шпарка разрасталіся. Таму што чалавек мае такую ўласцівасць — паміраць праз нейкі час. А ў вялікіх гарадах людзей занадта многа. І мруць яны, як тыя чэрці на Вялікдзень. Ну і, натуральна, праз нейкі час кавярня далёка ад могілак ператвараецца ў кавярню на ўскрайку могілак, затым у кавярню пасярод могілак. Без шкоды для якасці кавы! А цяпер раскажы мне, мастацтвазнаўца Джон Вілаў, сваю гісторыю! Што вымусіла цябе павесіць нос і разважаць пра сваё вялізнае гора?
Грала незаўважная арабская музыка, мармыталі навокал некалькі тузінаў турэцкіх інтэлектуалаў, і яшчэ некалькі тысячаў маўчалі за іх спінамі, а я падбіраў словы, каб мой расповед не выглядаў шкадаваннем самога сябе. Два тыдні таму я прыляцеў у Стамбул выканаць буйную замову, якую арганізаваў мой былы вораг, Марсэль Дзюпер’е.
Замова была ад Бэнк оф Нью-Йорк, які вырашыў дэкараваць свой новы офіс у Маскве чым-небудзь пранізліва сімвалічным. Expert-buyer, які супрацоўнічаў з Le Bricolage International Марсэля Дзюпер’е, знайшоў у Стамбуле вялізнага Саўрасава 1884 года. Яшчэ ён адшукаў у Парыжы неблагога Левітана, але той каштаваў на паўтары мільёны еўра даражэй і быў на паўметры меншым па памеры. Здаецца, апошняе якраз і пераканала кліента. Растлумачыць CEO, навошта аддаваць за пагонны метр нейкага даўно памерлага рускага больш грошай толькі таму, што ў вузкім коле мастацтвазнаўцаў ён лічыцца больш дасканалым мастаком, expert-buyer не здолеў. Тут узнікла яшчэ адна акалічнасць: у Дзюпер’е, які з’яўляецца сусветна вядомым экспертам па французах, проста не знайшлося мастацтвазнаўцы, які б пацвердзіў аўтэнтычнасць Саўрасава.
Прадавец, па словах Марсэля, быў суб’ектам паважаным, але набываць шматмільённы алей у Стамбуле і не праверыць яму ныркі і лёгкія на рэнтгене было б непрафесіяналізмам. Канстанцінопаль некалі быў сусветнай сталіцай падробак. Менавіта тут яшчэ ў гады Хрыста навучыліся так падрабляць бірузу, што фэйк выяўляецца толькі пігментным аналізам з дапамогай электроннага мікраскопа памерам з Белы Дом. Карацей, Дзюпер’е вырашыў забыцца на старое і звярнуўся да мяне. Я быў вельмі ўсцешаны, бо мне падавалася, што французы ніколі не даруюць нефранцузам крытыку французскага мастацтва. А я неяк у прысутнасці les femmes даволі катэгарычна заявіў, што захапляцца Дэлакруа — тое самае, што захапляцца фільмам Taxi-2, пададзеным у выглядзе каляровых коміксаў. Дзюпер’е напышліва заявіў, што яго PhD быў прысвечаны Дэлакруа і што амерыканец, які спрабуе разважаць на тэму французскага мастацтва, падобны да менеджэра McDonald’s, што сутаргавата вырашае, якія малюнкі варта паставіць на плакат French weeks in McDonald’s. На тым і развіталіся. І тут раптам ліст, прапанова, на камісійныя ад якой можна было б набыць Дэлакруа немалых памераў.
Я выправіўся ў Стамбул. Палатно чакала мяне на віле «паважанага прадаўца», морда і БМВ якога павінны былі мне сказаць усё, што трэба. Я хадзіў вакол гэтага Саўрасава і пакутаваў, як кот, які бачыць прыгожую цнатлівую котку, але сапсаваць не можа, бо пакладаны (ці тое слова? І mean castrated. Help me, Janka!) шмат год таму. І вось нейкая эмацыйная дыстурбія непакоіла, але зразумець, дзе закапаны слон, — немагчыма. Кампазіцыйна праца з’яўлялася літаральным паўторам знакамітага шэдэўра «Прасёлак» 1873 года, другога па вядомасці пасля ягоных «гракоў»: над раздзяўбаным, размяклым з-за дажджу суглінку ў роспачы і наўскасяк стаяць шэсць нягеглых дрэўцаў, неахайных і нібы п’яных. Навокал — ні душы, ні следу цывілізацыі, ні кроплі чалавечнасці, няма нават Божай прысутнасці, галеча і пустэча.
Над арыгінальным «Прасёлкам» у Саўрасава светлае неба, бачна, што хутка развіднее. На палатне, якое было вынесена на мой экспертны суд, неба было шэрым без аніякага прасвету. Як быццам дождж збіраўся доўжыцца, пакуль таму беднаму «прасёлку» не прыйдзе поўны гамон. Сапраўды, вельмі сімвалічная карціна, і я магу ўявіць як трапна выглядала б яна ў прадстаўніцтве Бэнк оф Нью-Йорк у Маскве. Аднак штосьці шкрэбла, не давала спакою…
Пачаў вывучаць. Колькасць дрэваў, профіль пагорка, нават сляды ад вазоў — усё супадала літаральна, да рысачкі. Быллё на ўзбочыне, перададзенае некалькімі крананнямі пэндзля. Форма лужынаў. Пачуццё безвыходнасці, імя якому — Расея.
Читать дальше