Вёска беларуская, простая й няхiтрая, у менскую вязьнiчную камэру заглянула. Пабачыўшы такую, нiчым няпрыкрытую, наiўную шчырасьць, вязьнi змоўклi.
— Так есьлi ты працiзан, так прызнавайся, сукiн сын, такую тваю! раўнуў Мiшкiн.
Гэты дысананс у агульным настроi, калi людзi ў адзiн момант спалучылiся пачуцьцём перад нейкай, хвалюючай iх зьявай, выклiкаў дзёркую рэакцыю з кута:
— Змоўк-бы ты, басяк нензенскi! Цi ня вiдзiш, што дзядзьку нiзашто ў турму ўпяклi?
Мiшкiн злосна зiрнуў у кут, але нiчога не сказаў.
Nigdy, przenigdy
nie zgniebia nas!
Голас бадзёрыўся. Цiкава, цi гэтаму сьпеваку хто калi звонку памагае. Калi ён спэкулянт, дык яго напэўна забясьпечваюць сябры, а калi якi палiтычны, дык можа забярэ калi яго той зялёны грузавiк, што кажную ранiцу ў вязьнiчны двор прыяжджае, набiрае палiтычных вязьняў i пад зброяй вязе некуды, адкуль iм павароту няма.
Нейкi тыдзень цi што пасьля арышту, апынуўся Янук, у лiку вялiкай грамады людзей, у лазьнi. У прасторнай, пустой, сьцюдзёнай залi з цамантовай падлогай, сабралi разам мужчын i жанчын ды загадалi распранацца. Нiколi раней у жыцьцi ня бачыў Бахмач так шмат голых людзей у адным гурце. Стрыглi ўсiм валосы, дый ня толькi на галовах. Згаладалы й слабы целам, Янук з поўнай абыякавасьцю разглядаў жаночыя постацi. Закрывалiся, як маглi, маладыя дзяўчаты. Магчыма мiж iх ёсьць «праступнiкi» наводля таго дзядзькi спад Заслаўя, магчыма i iх «партызанамi» зрабiлi…
Шэра й агiдна! Жаночая постаць — краса, якую сваймi памазкамi ўвекавечнiлi майстры «мадоннаў», якую абсьпявалi выдатныя мастакi слова, станула перад Януком, бяздушным Молахам сапхнутая на дно нядолi. Тое, што iншым натхненьне стагодзьдзямi прыносiла, Януку паказалi зганьбаванае й шэрае. Цi-ж гэта ня кара найбольшай меры? Некалi юнак спрабаваў свае крыльлi ў паэзii. Мiлы быў яму кажны, удала створаны вобраз жанчыны цi то ў Купалы, Коласа, Байрана цi Багдановiча. I наводля тых, удалымi майстрамi слова створаных вобразаў, юнак уяўляў сабе жанчыну ня толькi духова, але й фiзычна. Пра фiзычны выгляд такiх, як Дуня, думалася накш. Але-ж жах падумаць, што й тут, у гэтай празяблай «лазьнi», магла быць тая самая, як ягоная, нечая Дуня.
Думкi й думкi, удзень i ўночы. Сьвету агiдны твар! Ён, гэты сьвет, так раптоўна й нечакана павярнуўся да Янука сваiм балючым, змораным тварам. Ад яго цяпер, а можа нiколi ўжо не ўцячэш. Моцна i ўчэпiста цябе ў сваiх абдымках трымае, на самае пакутлiвае дно валачэ. Сьвет у якiм навет Бога трохпавярховым матам лаюць, дзе канчаецца ўсялякая людзкая годнасьць, пашана, прызваiтасьць.
Некалi ў савецкай школе давялося Януку наслухацца, як Якуба Коласа пасадзiлi ў менскую вязьнiцу за нейкую настаўнiцкую нелягальную рэвалюцыйную акцыю. Гэтак бальшавiкi цьвердзiлi. Хто ведае, як там запраўды было. Ну але-ж сядзеў той Якуб Колас цi ня ў гэтай самай вязьнiцы некалi. Можа й якiя вершы выдумляў тут. Цiкава, дзе i ў якой камэры… Янук спачатку трапiў у 83, а пасьля ў 102 i iншыя. Ну й што з таго, калi дзядзька Колас гэтта сядзеў, калi во навет у гэтай самай камэры ды ў гэтай самай пазыцыi, што й ты, Янук? I што табе, Янук, ад веданьня таго палягчае? Сьмешна!
У галаве два галасы спрэчку вялi. Адзiн — дзiцячая, зялёная, вялiкая наiўнасьць, пылка-iмпэтны рамантызм, што ўва ўсiм нечага нязвычайнага й важнага шукаў. Iншы — рашчараваньне, скептыцызм, народзiны цынiзму. Гэты апошнi — прадукт цяжкой i балючай жыцьцёвай рэальнасьцi. Праўда, яшчэ празь яго часта прабiвалася нотка аптымiзму. Вiдаць, што гэты другi голас цяпер больш адпаведны, ён пазбаўляе небясьпечных для жыцьця iлюзiяў. Два галасы спрачалiся й змагалiся, удужкi бралiся. А галодны й аслабелы юнак на сьценах камэры, дзе вольнае месца было, «Жыве Беларусь!» пiсаў.
Змаганьне за жыцьцё — гэта змаганьне за тое, каб Беларусь жыла. Кажнае ейнае дыханьне, кажны ўздрыг, кажны рытм пульсу ўлiвае ў цябе сiлу, бадзёрыць, да акцыi клiча. Яна — твая альфа i амэга, сьвятая сьвятых. Насамперш Бог, а пасьля яна, Матка. I ў брудных сьценах камэры лягчэй трываць, ведаючы, што навет у крывавых ваенных муках яна жыве, церпiць i змагаецца. I расьце. Думка пра Беларусь — гэта праменьчык сонца ў душы тваей, як вунь той, што праз гэнае маленькае, закратаванае ваконца ў вязьнiцу загляне.
Ды не! Прамень сонца адтуль не загляне ў камэру. Каб вас чэрцi! Акно тое-ж з паўночнага боку. Людзi, што плянавалi вязьнiцу, забаранiлi ў яе доступ сонцу. З паўдзённага боку, кажуць, суцэльная сьцяна. Чаго добрага, сонца думкi пра волю нарадзiць можа. I тады небясьпечна.
Не, не пакарыць вам ужо яе, гэтай новай, Януковай, Беларусi. Яе юнак сустракаў у вясковай школе, у Вiленскай Беларускай Гiмназii, чуў яе ў дрыжачым сьвятаровым голасе на фэсьце Яна ў Гацях, распазнаў у дыдактычна-практычным голасе Антося Дзеркача i ў бацькоўска-сяброўскай гутарцы агранома Падгайскага, захапляўся ёю ў гiстарычных вандроўках настаўнiка Сабалеўскага. Але найлепш яе пазнаў i з захапленьнем прывiтаў, ох, як моцна з радасьцi тады сэрца бiлася! — у маршы юнакоў i юначак з Саюзу Беларускае Моладзi на менскiм бруку. Улетку, пасьля паўдня, iшлi калёнай па вулiцы 25-га Сакавiка. Iзь песьнямi. Юнакi сьпераду, юначкi ззаду. Куды iшлi? Цi гэта так важна ведаць? Прыгледзься iм. Цi не яны, як паэт казаў:
Читать дальше