Усе размовы пра шпрыцы і “наркаманаў”, “п’яніцаў” і “бл...дства” на плошчы, якія падкідваліся ў народ дзяржаўнымі СМІ падчас супрацьстаяньня і пасьля – пустое… Хлусьня, шытая белымі ніткамі, якая нават не патрабуе тлумачэньня, тым больш апраўданьняў. У мястэчку было шмат веруючых. А таму і размовы не магло быць пра нейкае “п’янства”. Тым больш, што “каліноўцы” цьвёрда верылі ў правату свайго змаганьня і лічылі, што яно павінна быць максімальна маральна чыстым, шчырым. І баяліся толькі правакатараў, якія маглі занесьці ў лагер гарэлку ці віно. Бо разумелі, нават калі гэтага ўсяго ня будзе, дзяржаўнае тэле-радыё паспрабуе іх зганьбіць і “знайсьці” шпрыцы ды пляшкі з-пад гарэлкі… Дык няхай гэтыя подлыя людзі потым падкінуць іх сюды, і ведаюць, што подла зрабілі гэта самі, але пакуль мы тут – такога ня будзе…
Парадак, дысцыпліна, чысьціня трымаліся ў мястэчку як прынцып. І калі ў першую раніцу на плошчу выехалі трактары-бульдозеры ці то, каб зьнесьці намёты, ці, як потым казалі, сабраць сьмецьце, дык сьмецьця і бруду якраз і не было – усё акуратна зьбіралася, запакоўвалася і выносілася.
Вядома, пасяліліся ў мястэчку ня толькі адзіночкі-змагары, былі тут і закаханыя, якія засталіся разам, былі і даўнія знаёмыя, якія шмат часу ня бачыліся і сустрэліся на плошчы, як Марыйка і Алесь, нараджалася ў мястэчку і ўзаемная сімпатыя між маладымі людзьмі. Але босыя ногі, што тырчаць з намёту на адным са здымкаў “афіцыйнага” інфармагенцтва, з пошлым намёкам: вось чым яны там займаюцца… – гэта проста блюзьнерства. Бог ім даруе… Бо было так холадна, што нават пацалавацца немажліва – вусны рабіліся драўлянымі і можна было толькі дакрануцца ў спачуваньні імі: холад да холаду. А “глупствы”? Усе разумелі: “глупствам” будзе месца і пасьля. Справа маладая, і яна пацерпіць…
Як жа саграваліся ў дзесяціградусны мароз? Найперш гарачай гарбатай і кавай. А яшчэ так: таньчылі пад музыку, скакалі, прытоптвалі, бегалі па коле са сьцягамі і, як адказ на паведамленьні пра п’янства ў мястэчку, выкрывалі: “Моладзь – за здаровы лад жыцьця!”, “Моладзь – за здаровы лад жыцьця!”. Ад бездапаможнасьці гэта, пасьміхнецеся вы, можа і так... Але вы, там, на Плошчы, не былі…
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Алесь… Што ты файны і непадобны да іншых, я зразумела з першага погляду, з першай сустрэчы на тым паседжаньні гуртка. Да цябе я бачыла не аднаго “генія”, што прыходзілі сюды са сваімі “вершамі”. І чым большы графаман быў, тым болей гонару… А ты прачытаў свае тэксты, па-добраму, шчыра саромеючыся. І хоць вершы твае былі ня самыя горшыя, асабліва верлібры, пасьля дурной, мы казалі – аглабельнай – крытыкі “дзеда”, наступным разам ты да нас не прыйшоў. Што мне больш за ўсё спадабалася і чаму я вырашыла ўрэшце не адмовіць табе ў знаёмстве.
Я ня думала, што пасьля маіх словаў, пра тое, што я ненавіджу такіх баязьліўцаў-беларусаў, як ты, і што не хачу ад “вас” мець дзяцей, ты наважышся на самазабойства… Здагадаўся, дадумаўся, палез, дурненькі, на хмарачос. Скінуцца хацеў... Навошта? Чаму?.. Хачу думаць, то было ў цябе нейкае часовае зацьменьне. Зрэшты, і я таксама вінаватая. Крэтынка шалёная… Магла б і ня быць такою жорсткай і тупой... Даруй… Ды – не, мусіць, усё ж, на той момант не магла... Няма мне дараваньня, як і табе… Але добра тое, што добра заканчваецца. Дзякуй Богу, глупства ня здарылася… І як мне хацелася б быць тым коцікам, што прыйшоў да цябе тады, і ўратаваў!.. Сам Бог яго паслаў... бо надта не падобна гэта на выпадковасьць...
Я разумею, я заўважаю, што пры ўсім пры тым мы вельмі розныя: у звычках, у любімых справах, а часам і ў перакананьнях. Але якраз у гэтым мне бачыцца добрая будучыня, веру табе: “мінус” і “плюс”, “плюс” і “мінус” прыцягваюцца, а аднолькавае, найчасьцей, адштурхоўваецца… Важна, што ў самым галоўным, у нашых жыцьцёвых мэтах, мы цяпер супадаем. Так, супадаем: у мяне была магчымасьць пераканацца ў гэтым…”
Тое, што ўлады апамятаюцца ўрэшце рэшт і разбураць мястэчка, усе ведалі ад пачатку. Толькі калі гэта будзе? Наколькі хопіць цярпеньня ў міліцыянтаў, гэбістаў і ў тых (у таго), хто над імі? Бо Плошча была для ўладаў, як бяльмо на воку, як пастаянны напамін, што ў краіне ёсьць нязгодныя з вынікамі выбараў, а значыць, пэўна, і сапраўды нешта ня так... і гэта бачыць, і пра гэта задумваецца ўвесь сьвет. Да таго ж, наперадзе быў Дзень Волі, у які на менскія вуліцы раней штогод выходзілі дзясяткі тысячаў мітынгоўцаў, каб адзначыць Сьвята Волі. І гэты дзень можа даць штуршок пашырэньню пратэсту і павелічэньню намётавага лагеру. А значыць, улады не дадуць моладзеваму мястэчку даіснаваць да 25 сакавіка... І таму кожная ноч была напоўненая чаканьнем штурму. Хлопцы і дзяўчаты трывожна ўслухоўваліся ў пошум, які далятаў з двароў. Напруга ўзрастала і тады, калі да ачапленьня падыходзілі правакатары з бэрэсээмаўцаў ды гэбістаў. Праўда, ня выключана, што часам ішлі да лагеру і звычайныя людзі, ачмураныя прапагандысцкай тэлехлусьнёй пра “адмарозкаў”, якім Захад плоціць грошы, каб яны падрывалі аўтарытэт прэзідэнта. Прыходзілі “лукашысты” звычайна падвыпілыя. Пэўна, для сьмеласьці – усё ж ішлі на “подзьвіг”, прыходзілі і пачыналі зьдзеквацца з тых, хто стаяў у ланцугу аховы, абліваць слоўным брудам, матамі. А калі не знаходзілі словаў, кідаліся біцца.
Читать дальше