Але – навошта гэта ім, “каліноўцам”? Чаму яны засталіся на плошчы і мерзнуць вось ужо трэція суткі? Ужо ж відавочна: параза чакае іх і тут. Змаганьне іх бесьперсьпектыўнае, і як бы ні сьмяяліся яны з Казуліна, ён мае рацыю: урэшце рэшт іх разгоняць, жорстка разгоняць, стопчуць, паб’юць, арыштуюць… Рана ці позна, сёньня ці заўтра, але гэта здарыцца. Улады ня будуць трываць іх бясконца. Тым болей – набліжаецца галоўнае беларускае сьвята – Дзень Волі, 25 Сакавіка… Калі б мястэчка расло і пашыралася штодзень, як сьнежны камяк, можа б і не адважыліся ўлады на штурм – усіх не пераарыштуеш, а то застыла ўсё на трыццаці з нечым намётах і лічбу сорак ніяк ня можа пераадолець... І, мажліва, болей ужо ня будзе да 25 сакавіка… Так, ня будзе, але ці будзем мы тут 25-га?.. І дзе мы будзем? Мо ў Курапатах? Досьвед такі і ў гэтай улады ёсьць. Захаранка, Ганчар, Завадзкі… Дзе яны?.. Там?.. Марыйка гнала гэтыя думкі з галавы, як толькі прыходзілі яны, але маркота ды адчай зноў і зноў насоўваліся на яе, калі яна падымала галаву і глядзела туды, далей: на горад – да ГУМа, да Нацыянальнага банку; на горад, які жыў сваім звычайным жыцьцём, і што яму было да купкі “адмарозкаў”, якія пратэстуюць супраць чагосьці на плошчы. Паглядзіце, колькі іх там – кучка, усяго толькі кучка… Асабліва, калі назіраць зьверху – на экране, у навінах, зноў і зноў паказвалі ўмела зьняты з вышыні намётавы гарадок: для кагосьці маленькую чорную плямку на белым сьнезе, а для кагосьці – адзінае месца ў Беларусі, дзе яшчэ білася гарачае сэрца, дзе яшчэ цеплілася надзея на праўду і перамогу… На перамены…
На нейкія моманты Марыйка вызвалялася ад працы на “кухні” і тады падыходзіла да Алеся. Пакідаў ланцуг і ён. І ў іх быў час проста пастаяць і паразмаўляць. Зноў пра жыцьцё, пра тое, што было ў іх, і пра тое, як жылі яны да гэтай сустрэчы. А то і проста, моўчкі, пабыць разам, пагрэць адно адному задубелыя ад холаду рукі…
“Як яны падгадалі з надвор’ем – наўмысна выбіралі ці проста пашанцавала… Калі б ня гэтая сакавіцкая халадэча, людзей на плошчы было б у дзясяткі разоў болей…” – сказаў неяк Алесь, падымаючы каўнер і засланяючыся ад сівернага ветру, што пякуча дзьмуў, разганяючыся да невыноснай хуткасьці між будынкам музею Вялікай Айчыннай вайны і “саркафагам” Палацу Рэспублікі.
“Ты так лічыш… Ты яшчэ не расчараваўся ў нашым народзе?.. Вельмі лёгка знайсьці апраўданьне бязьдзейнасьці, сьпісаць сваю абыякавасьць на штосьці зьнешняе: на надвор’е кепскае, напрыклад…”
“І так, і ня так… І пагаджаюся, і ня хочацца… Ёсьць яшчэ адзін важны момант: бяссэнсавасьць, бесперсьпектыўнасьць нашага супраціву, якую разумее большасьць “законапаслухмяных” грамадзянаў. Мне здаецца, што нават калі б сёньня на менскія вуліцы выйшаў мільён, і стаялі б мы на плошчы Незалежнасьці цэлы месяц і пратэставалі б, як сербы ў Белградзе, то ўсё роўна нічога б не дабіліся. Ён сваю ўладу не аддаў бы… Ты ж чула, ён казаў, што будзе адстойваць сябе нават са зброяй у руках, як Сальвадор Альендэ…”
“Гэта страшна… І чаму людзі так чапляюцца за ўладу?”
“Ну, тут усё проста… Ці трэба казаць, якой спакусай ёсьць улада і што яна дае, асабліва тым, хто ня варты яе... Мне больш цікава, чаму людзі, вось так, як мы, сёньня выходзяць змагацца – з рэжымам, з тыраніяй, з аўтакратыяй... Ці не прасьцей было б зьмірыцца, не рызыкаваць сваім жыцьцём, зьехаць урэшце рэшт адсюль… Гары яно гарам… Жыцьцё ж такое кволае і такое кароткае… Вось ты сама, напрыклад, – чаму прыйшла?”
“Я? Таму што не хачу быць авечкай у статку… А ты?”
“А я… А я захацеў убачыць тут цябе – маю мілую тыгрыцу…” – перавёў ён на жарт.
“Тыгрыца…” – Марыйцы спадабалася гэта. Няважна, чаму ён прыйшоў на плошчу. Важна, што прыйшоў і яны зноў спаткаліся…
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Алесь… Мілы мой Алесь. Ты так блізка цяпер ад мяне і так далёка. Між намі ня сьцены, ня метры адлегласьці, між намі – пяць дзён, праз якія нас выпусьцяць з Акрэсьціна. Ня ведаю, ці змагу я табе тады ці калі-небудзь увогуле прызнацца… і ці адважышся сказаць гэта ты мне, але тут і цяпер я напішу: “Я кахаю цябе!.. Так, я адчайна кахаю цябе і хачу быць побач. Каб сагрэцца ад цябе і сагрэць цябе так, што ніколі больш у жыцьці нам ня будзе холадна…” Можа быць, мне проста вельмі сумна і самотна тут, можа быць, я выйду на волю і, апынуўшыся ў іншым жыцьці, забудуся пра гэтыя хвіліны амаль роспачы і наймоцнай тугі, але для таго, каб не забыць іх, я запісваю гэта цяпер. Я ведаю, ты не ідэал. Я ведаю твае слабасьці. Але я бачыла і тваю моц. І я паверыла ў цябе. Разам мы зможам шмат. Разам мы зможам усё. А найперш – нарадзіць і выгадаваць беларусікаў, якія пойдуць далей за нас. І якіх ужо ніхто ня спыніць і не стрымае…”
Читать дальше