Праз дзясятак хвілінаў куточак гэты выглядаў ужо абжытым. Стаяў намёт, перад ім палала вогнішча, а яны, выкупаныя, стаялі выцягнуўшы да яго рукі, і хоць было адносна цёпла і вада не была халоднаю, дрыжэлі саграваючыся. Ён глядзеў на яе сьсінелую, у гусіных пупырышках, і зьдзіўляўся: як дзіцё, ну зусім дзіцё... Пэўна, вочы выдалі ягонае, замілаваньне ёю, бо яна зірнула на яго і усьміхнулася – нібыта вінавата, нібыта саромеючыся...
– О-о-о, ды тут сямейка адпачывае... – пачуў ён ззаду голас і ўздрыгнуў ад нечаканасьці. Азірнуўся, да іх ад лесу ішло трое хлопцаў. Двое высокіх, адзін нізкі – горкае хлапчанё. Гаварыў якраз гэты – самы нікчэмны, але, відаць, тут лідэр. Па ўзросьце яны былі, пэўна, аднагодкі – гадоў па васямнаццаць, і толькі зблізку, ён убачыў, што старэйшым з іх быў якраз той, каго ён здалёк палічыў за “хлапчанё”: яму было далёка за дваццаць.
– Занялі нашае месца і не вітаюцца, – працягваў “лідэр”, – ну, здароўце...
Ён нешта мармытнуў у адказ і для пэўнасьці хітнуў галавою – ведаў з вясковага жыцьця, што адмаўчацца – значыць, пакрыўдзіць іх і ад пачатку займець варажнечу. Маша прамаўчала – крыху пагардліва паглядала на хлопцаў, што стаялі ўжо ў двух-трох кроках.
– А краля, гля ты, якая краля ў яго, – працягваў “лідэр” (астатнія панура, як яму падалося) маўчалі. – І цю-цю-цю – дай памацаю... – і пайшоў да Марыйкі.
Намеры ягоныя, ды і ўсёй кампаніі былі відавочнымі. Пэўна, яны нейкі час сачылі за імі з узьлеску і абмеркавалі ўжо, што і як будуць рабіць. Ён гэта зразумеў яшчэ і па насупленым маўчаньні астатніх: ролі былі падзеленыя. “Лідэр” чапляецца да дзяўчыны, і, гледзячы на драбнату хлапечую, ён вымушана заступаецца за яе, і тады на яго накідваюцца астатнія...
Ён разумеў гэта, але і не адказаць, не ўступіцца за Марыйку, да якой падышоў ужо “малеча” і цягнуў рукі, а яна адхіналася і біла па іх нешта мармычучы, ён ня мог. І толькі зрабіў крок да “лідэра” і Марыйкі, як апынуўся на зямлі і адчуў удары ног – босых, (ён зьдзівіўся – босых, бо ня бачыў ног хлопцаў, калі яны падыходзілі), з падкурчанымі пальцамі, а таму ўдары былі хоць і балючымі, але слабымі. На яго наваліліся двое, пачалі зьвязваць рукі за сьпінай, а “малеча-лідэр” паваліў і цягнуў Марыйку ў намёт. Яна крычала, вырывалася, і калі ён памкнуўся быў да яе – атрымаў удар ці не паленам нейкім па галаве і страціў прытомнасьць...
...У апошнія імгненьні яму падалося, што ён сьпіць. І нават сьніць (ці ўжо – адсьніў) нейкі сон. Дужа цьмяны, няпэўны, незапамінальны. І вось ён прачынаецца... Але спаў ён у дзіўнай паставе, нязручнай: ногі закляклі, шыя баліць не павярнуць... Ён расплюшчвае – з неймавернай, неверагоднай цяжкасьцю – вочы: так і хочацца прадраць іх рукамі, пальцамі... рукі ня слухаюцца... першае, туманнае, як між сьлёзаў, сьвятло – вакол дзень, ня ноч і ня раніца, хутчэй другая палова дня, паварот да вечару. І ляжыць ён ня ў ложку, а на траве, на беразе нейкае вады – возера ці рэчкі... Ён падымае галаву, сядае, пазнае свой намёт і пачынае прыгадваць, што было: так, яны прыйшлі сюды раніцай з... Марыйкай... А дзе МАРЫЙКА?!! – ледзь не крычыць ён, хоча ўскочыць, каб агледзецца, і зноў падае, амаль губляючы прытомнасьць. Мацае галаву – на пальцах кроў, а ў левай руцэ – крывавыя, прыліплыя да далоні, прыкарэлыя кроўю... жаночыя плаўкі... Што я нарабіў? Хто гэта зрабіў!!! Ён ступае некалькі крокаў наперад, да вады, і раптам бачыць Марыйку – жоўтую пляму ейнага цела... Ён жахаецца, падае на калені і паўзе да Марыйкі, паўзе, абапіраючыся на рукі і рукамі падцягваючы сваё непаслухмянае цела. Як яму хацелася б, каб Марыйка проста спала... каб была яна – жывая, але – уся яе пастава, голая, ненатуральна скурчаная... І гэтая кроў закарэлая, карычнева-чырвоная на жываце, на клубах... І яна – ня дыхае... не... не... не... Ён прыпаў вухам да аголеных грудзей – і пачуў, што сэрцайка б’ецца... Кінуўся да вады, набраў прыгаршні, але пакуль данёс – уся яна вылілася, зьбегаў яшчэ раз, шчыльней сьціснуў далоні, і выліў на вусны Марыйкі колькі кропляў вады. Потым пачаў яе трэсьці яе за плечы: ачніся, ачніся, ачніся... І яна расплюшчыла вочы...
...Што было потым. Анічога. Сяк-так яны абмылі кроў, апрануліся, ня гледзячы адно на адное, моўчкі, нібыта саромеючыся, сабралі рэчы, намёт, пайшлі на станцыю. За ўсю дарогу не перакінуліся ні словам. Марыйка толькі дрыжэла, усё не магла сагрэцца. Калі прыехалі ў Менск быў вечар – што добра, бо людзі не зважалі на іх – узялі таксоўку... Калі разьвітваліся ля пад’езду – Марыйка заплакала... Ён пастаяў трохі побач, а потым павярнуўся і пайшоў... А што ён мог зрабіць? Супакойваць яе – дык любыя словы выклікалі б толькі істэрыку...
Читать дальше