Апошнія словы патанулі і г.д. Макараў сьціпла махнуў рукой і зноў схаваўся ў цень. Дабрадушна й спагадліва аглядаючыся вакол, пляскалі ў ладкі члены журы, нібы яны ўсё жыцьцё толькі тым і займаліся, што арганізоўвалі падобныя конкурсы. Паважна пляскалі вэтэраны; з адцяжкай, бы лупілі кагосьці праведнай розгай, – сьвядомая моладзь заводу; са смакам – пузатыя ружовашчокія мужчыны (жанчыны ў залю, бы на колішнія грэцкія Алімпіяды, загадам заводзкага кіраўніцтва не дапускаліся). Таварыш Грышук разыйшоўся так, што калі воплескі заціхлі, у звонкай цішыні яшчэ доўга і г.д. Макараў, не пакідаючы свайго сьціплага ценю, каб, ня дай божа, ня ўлезьці ў чый-небудзь заслужаны німб, прадставіў арбітраў – пяцерых тоўсташыіх стомленага выгляду начальнікаў са сьлядамі генных парушэньняў на зямлістых тварах, у аднолькавых пінжаках і з засунутымі ў рот фрыкатыўнымі гальштукамі.
Журы складалі былы муж дырэктаркі раённага загсу, вышэйпамянёны намесьнік, два ягоных намесьнікі й сакратар маладзёвай арганізацыі заводу. Таварыш Грышук, які сядзеў у пятым радзе, вельмі хацеў паглядзець, як выглядаюць гэтыя кіраўнікі, і параўнаць іх з тымі, хто ўручаў яму калісьці граматы й вешаў яго на дошку гонару, аднак са сьпіны членаў журы было не адрозьніць. Ён спадзяваўся, што здолее зрабіць гэта, калі начальнікі будуць, прыўстаючы, з бацькоўскімі усьмешкамі ківаць публіцы, аднак і тады, як яму здалося, падымаўся адзін і той жа чалавек.
108.
Неўзабаве начальнікі прыкметна засумавалі: кідаючы на экран дзікія цені, перад імі праскакалі нейкі гапак выхаванцы студыі дзіцячых сьпеваў. Потым Макараў зноў зьявіўся на сцэне, доўга дэклямаваў пра каханьне, кіндэр, кюхе, кірхе... Былы муж дырэктаркі загсу дастаў мабільны тэлефон і пачаў з імпэтам складаць эсэмэску, а адзін з намесьнікаў употай чытаў пад сталом газэту, для прыстойнасьці патупваючы нагой, якую, на жаль, мог бачыць адзін вядучы. Аднак усё калі-небудзь сканчаецца. У залі засьвісьцелі, і Макараў, таямніча ўсьміхнуўшыся, абвесьціў нарэшце выхад удзельніц.
Іх было пяць, наядаў, амазонак, русалак, мэнадаў, манадаў, ундзінаў. І калі першая выклікала задаволенае крэканьне мужчынскай часткі залі, то на другой дзевяноста чалавек папросту аблізваліся. “Трынаццаць гадоў, а якія сіські”, – шапталіся ў залі й засоўвалі рукі ў кішэні. Трэцяя ўдзельніца, васьміклясьніца кулінарнай гімназіі, у якой бацька працаваў у КБ інжынэрам, кароткастрыжаны бес у афіцэрскім мундзіры на голае цела, выклікала ў залі здушаны вой. Чацьвертая была нішто сабе, толькі ногі таўставатыя. Забіла ўсіх апошняя канкурсантка, Алеся. Пры яе зьўленьні нават члены журы страцілі валоданьне сабой і па іхным нешматлікім шыхце пабеглі трэшчыны вар’яцтва. Намесьнікі намесьніка ўсталі, селі й тут жа зноў усталі са сваіх месцаў, былы муж дырэктаркі загсу парываўся стаць на карачкі й рыкаў як бык, намесьнік выгнуўся катом і нечакана нізкім голасам прасьпяваў куплет “Сябровачкі”, а сакратар маладзёжнай арганізацыі пачырванеў і таропка адпрасіўся ў прыбіральню. Алеся, паказаўшы пушкінскія ножкі з-пад бальнай сукенкі, з распусным сьмехам ушчыкнула намесьніка за падбародзьдзе й зьбегла ў бакавыя дзьверы.
Пакрысе ў залі зноў усталяваўся парадак. Разваліўшыся ў крэслах, людзі зьдзіўлена азіраліся вакол. Яны ня верылі, што гэта ўсё ня сон: што можна вось так спакойна і абсалютна бясплатна сядзець у цёплай залі, наталяцца блізкасьцю паўраспранутых дзяўчат і чакаць працягу. Перадавікі перашэптваліся наконт далейшай праграмы – у прафкаме абяцалі, што апошнім нумарам праграмы будзе конкурс касьцюмаў Евы, а пры вызначэньні пераможцы конкурсу глядацкіх сымпатыяў удзельніц можна будзе й памацаць. “Я – Алесю”, – летуценна й гучна прамовіў лаўрэат заводзкага конкурсу прафмайстэрства й тут жа атрымаў ад калегі кулаком па галаве. “На Алесю шмат знойдзецца”, – аўтарытэтным тонам сказаў адзін з намесьнікаў намесьніка гендырэктара па кадрах і павярнуўся да залі тварам – ён быў вядомы ўсяму прадпрыемству сваім дэмакратызмам. “А я бы вось трэцюю, як там яе завуць”. Гэтае выказваньне дадало публіцы шалу й палу. Пакуль ішоў творчы конкурс – удзельніцы ў рабочай уніформе спаборнічалі ў тым, хто хутчэй разьбярэ й зьбярэ матацыклетны рухавік – гледачы эмацыйна дзялілі пяцерых канкурсантак, часам, асабліва сярод моладзі, гэтая разьвёрстка набывала ваяўнічы характар, і ў левым куце ўспыхнула й тут жа згасла бойка, а ў правым нехта нудна й паныла лаяўся па мацеры. Адны толькі члены журы паводзілі сябе як культурныя людзі: дзелавіта прыгнуўшыся над сталом, яны кінулі жэрабя й, па ўсім відаць, ніхто не застаўся пакрыўджаным. Над усім гэтым салаўём разьліваўся Макараў.
Читать дальше