Аднак тое, што дагэтуль напісалася ім, яму падавалася няроўным, расхрыстаным. Ён быў маладым, непахісным, непаддайным – і свае радкі хацеў бачыць такімі ж. А да ўсяго – вобразнымі, акрыленымі, узьнёслымі…
Пачалося з-пад хмар вандроўных,
калі сонца закрылася змрокам.
Вечар, плашч свой узьняўшы чароўны,
атуліў ім прастор шырокі…
Паляцелі вятры па-над нівай,
вышывалі расою сцяжынкі.
Выхадзілі, істужкай цьвятлівай,
маладзіцы, дзяўчыны з дажынкаў…
8.
1 сьнежня 1923 года ў інстытуце адзначалі пяцідзесяцігоддзе рэктара. Брусаў намагаўся выглядаць упэўненым, вясёлым. Імправізаваў, разглядаючы прысьвечаны яму спецвыпуск студэнцкай насьценгазеты, напрыканцы выступіў з адмысловай лекцыяй – і гаварыў узьнёсла, натхнёна. Дубоўку нават падалося, што ў сваёй прамове Брусаў і спавядаўся:
– У паэзіі, мастацтве на першым месцы – асоба творцы! Яна сутнасьць. Усё іншае – форма. І сюжэт, і ідэя – форма. Усялякае мастацтва ёсьць лірыка, усялякая асалода мастацтвам – гутарка з душой мастака…
Да такога з цяжкасьцю пасавалі казённыя выступы прадстаўнікоў наркамата прасьветы і партыйцаў пра будучнасьць новай пралетарскай літаратуры.
З інстытута з дзясятак гасьцей – некалькі выкладчыкаў, хтосьці з маскоўскага камісарыята, дыпламат і гісторык Платон Кержанцаў і два студэнты Клім Старшнёў і сакратар брусаўскага кабінета паэтыкі Ўладзімер Дубоўка – накіраваліся па вечаровай засьнежанай вуліцы да кватэры Брусава, дзе ўжо чакаў накрыты юбілейны стол.
Кватэра – палова двухпавярховага дома з выхадам у ціхі дворык – уразіла Дубоўку. Вялікая гасьцёўня, утульны, абстаўлены пад «стары» лад кабінет з кніжнымі стэлажамі на цэлую сьцяну, старымі карцінамі, – акурат як у колішняга агародніцкага князя.
– Што, і самому захацелася такі штаб мець? – усьміхнуўся, заўважыўшы Дубоўкаў сподзіў, гаспадар, – і ў адказ Дубоўка расказаў пра свае першыя «ўлазіны» ў падобны кабінет яшчэ босым хлапчуком – і вынік таго.
За сталом гасьцей было не пазнаць: куды падзеліся напускная дзелавітасьць, важнасьць? Брусаў піў віно і больш слухаў. Да яды амаль не дакрануўся, і Дубоўка ня мог не адзначыць здрадлівых ямінак на ягоных схуднелых шчоках – перад імі адступала нават далікатная бародка. Гаспадар неяк зьніякавела выслухаў тост за сваё здароўе, манерна пагладжваў блішчастыя вусы і – як не весяліўся – зноў хмурнеў.
І раптам – бесцырымонны стук у дзьверы. Напачатку ўвайшлі двое мужчын у даўгіх саматужных кажухах – прывіталіся, унесьлі драўляную бочку, дыхнулі марозам, стыньню – і зьніклі. Затым у дзьверы вызірнула кучаравая галава Ясеніна. Скінуўшы лёгкі палітончык і блытаючыся ў доўгім вязаным шаліку, ён з грукатам падкаціў бочку да Брусава:
– Гэта – падарунак. Роўна пяцьдзесят літраў разанскай вішнёўкі. Па літру за год. Настоеная выдатна – сам выбіраў. То будзь здароў, Яклевіч! – і ўжо нібыта апраўдваючыся: – Я заблытаўся ў стылях: першага ці трынаццатага, думаў, віншаваць ісьці. Ажно не памыліўся…
Калі меркаваць па Ясеніну, вішнёўка і насамрэч абяцала быць выдатнай: чырванашчокі і ад марозу, і ад прадэгуставанага, ён сеў побач з Дубоўкам – дзе было вольнае месца, аднак ніхто, акром яго, ня мог адкаркаваць бочку, і Ясенін мусіў зноў вяртацца да юбіляра.
Сустрэча-віншаваньне расьцягнулася да ночы. Кержанцаў, таварышы з камісарыята і Старшнёў з паўгадзіны таму разышліся. Дубоўку ж трэба было ісьці пехам некалькі гадзін, і калі Брусаў прапанаваў застацца, ветліва пагадзіўся (бацькоў загадзя папярэдзіў, што затрымаецца).
Застаўся і Ясенін. Хоць і бачыў Дубоўку ўпяршынь, трымаўся як з даўнім знаёмцам. Падліваў у келіх, распытваў пра інстытут – а ўхмялеўшы мацней, загаварыў сам:
– Паважаю Яклевіча… Гэта ж нас яшчэ на сьвеце не было1 , а ён такое пісаў! – І, бліскаючы блакітнымі зрэнкамі, неяк урачыста і па-дзіцячы расьцяжна задэкламаваў:
Она в густой траве запряталась ничком,
Ещё полна любви, уже полна стыдом…
А затым перакінуўся на іншае:
– Слухай, а навошта табе гэты інстытут, вучоба? Ты што, думаеш, паэзіі можна навучыцца?! – І ўважліва зірнуў на Дубоўку.
– Ды не… Я вучуся, каб чытаць. У інстытуце добрая бібліятэка.
– А-а-а… – Ясенін задаволена ўсьміхнуўся. – А якія яшчэ ў вас беларускія паэты? Акрамя Купалы.
– Ёсьць многа добрых… Першы з іх, думаю, Язэп Пушча.
– О! Якое выдатнае паэтычнае прозьвішча! – Ясенін ажно крутнуўся на стуле.
Читать дальше