Паланяла, прызнацца, ідэя, якая не стасавалася з думкамі аб «пралетарскай» культуры і па сутнасьці сваёй утылітарнымі ў адносінах да мастацтва высновамі бальшавіцкіх правадыроў – Троцкага і Леніна. Аднаго разу ён нават арганізаваў наконт усяго гэтага дыскусію, цытаваў і рамантыкаў Шлегеля («Паэзію можна крытыкаваць толькі з дапамогай паэзіі»), Арніма («Усё, што адбываецца ў сьвеце, адбываецца дзеля паэзіі»), Шэлі («Паэты – непрызнаныя заканадаўцы сьвету»), – імкнучыся вывесьці ўсёчасную формулу паэзіі, знайсьці яе «aqua vitu» – «жывую ваду». Сапраўдны паэт – вышэй аднадзённых часавых зрухаў, – па-максімалісцку спрабаваў даводзіць ён, – а таму і паэзія, якая хоча перажыць сёньняшні дзень, мусіць узвысіцца над ілюстрацыйнасьцю, мусіць перастаць быць адно агітатаркай палітыкі і дзяржавы.
Большасьць сяброў «кабінета паэтыкі» яго і не зразумела, і не падтрымала. І тады ён агучыў свой апошні козыр – верш самога Брусава з цыкла «Мы»:
В мире широком, в море шумящем,
Мы – гребень встающей волны,
Странно и сладко жить настоящим,
Предчувствием песни полны.
Радуйтесь, братья, верным победам!
Смотрите на даль с вышины!
Нам чуждо сомненье, нам трепет неведом, –
Мы – гребень встающей волны.
«Спасьцігаць далячынь можна толькі з узвышша, сімвалічную далячынь – з сімвалічнага узвышша», – гаварыў ён, аднак у той вечар адзінадушша так і не было выяўлена, без агаворак не падтрымаў яго і сам Брусаў. Брусаў, які з дваццаць гадоў таму, яшчэ гімназістам, зачытваўся тымі ж французскімі парнасцамі, перакладаў Верлена, Бадлера, Малармэ, Рэмбо, складаў і выдаваў іхнія вершаваныя нізкі як «хрэстаматыі паэтычных узораў».
Назаўтра Брусаў прынёс яму кнігу Пляханава і параіў прачытаць артыкул «Мастацтва і грамадскае жыцьцё» – якраз на тэму іхняй дыскусіі.
Эстэтычныя рознагалосьсі ў мастацтве Пляханаў тлумачыў класавай барацьбой, што – на Дубоўкаў неўтаймоўны розум – аніяк не магло раскрыць уласна-мастацкіх таямніцаў. Ён бачыў, вывучаючы працу рэвалюцыйнага марксіста, пэўную аднабаковасьць, зацыкленасьць. Неадназначна ўспрымаў высновы – кшталту: «Склонность художников … к искусству для искусства возникает на почве безнадёжного разлада их с окружающей их общественной средой». Цалкам падтрымаў толькі адно: «…всякая данная политическая власть всегда предпочитает утилитарный взгляд на искусство… Да оно и понятно: в её интересах направить все идеологии на служение тому делу, которому она сама служит».
Пляханаву ён быў удзячны за іншае – за мноства цытатаў, недасяжных яму (бо ня мог свабодна чытаць па-французску ці па-нямецку). А тут, у цытатах, амаль рэзюмэ тога недасяжнага. З Тэафіля Гацье, які аспрэчваў абаронцаў утылітарных поглядаў на мастацтва: «Нет, глупцы, нет, зобастые кретины, из книги нельзя приготовить желатиновый суп, из романа – пару сапог без швов… Нет и двести тысяч раз нет…», з Лекона дэ Ліля, Тэадора дэ Банвіля, Лапрада…
Ня мог ён зразумець і логікі марксістаў ад мастацтва, якія крытыкавалі «буржуа», узвышалі пралетарыяў – а самі, як той жа Пляханаў, ці Горкі, жылі ў сонечных сан-Рэмо ці Капры і былі, па сутнасьці, тымі ж «буржуа». А таму высновы бацькі-чыгуначніка былі яму больш блізкімі, карыснымі. Да ўсяго з цяжкасьцю ўспрымаў ён і стыль пляханаўскай працы – стыль хутчэй эканаміста, фінансіста, а ня знаўцы мастацтва. Куды больш арганічным бачыўся Дубоўку стыль артыкулаў Бялінскага – эсэістычны, узьвеўны: «…терпи гонения злых, ешь хлеб, смоченный слезами, и не своди задумчивого взора с прекрасного, родного тебе неба»…
…А лекавалі ўсьнежаныя вулкі старой Масквы, абклеены сьлюдзяніста-цукровым ільдом парк за інстытуцкім будынкам, згадкі пра сонныя цяпер родныя вазёры – і прадчуваньні новай вясны, пра якую яму першымі паведамяць маладыя салаўі ў пухматых бэзавых прысадах на Малой Грузінскай.
Вясна прынесла, да ўсяго, і новыя знаёмствы, новыя сустрэчы. У сакавіку ён атрымаў з ужо далёкай Вільні дзесяць экзэмпляраў свайго першага зборніка «Строма» (дапамаглі ў выданьні супрацоўнікі тамтэйшай газеты «Наша Будучыня»; машынапіс «Стромы» праз савецка-польскую мяжу быў перавезены нелегальна). Падпісаў некалькі кніг сябрам, Брусаву, асобнік падараваў інстытуцкай бібліятэцы.
Пра яго загаварылі і ў Вільні, і ў Менску: яшчэ 14 лютага 1923 года «Наша Будучыня» надрукавала водгук на «Строму» Навіны-Луцкевіча, а здвоены сшытак «Полымя» за сакавік-красавік – рэцэнзію Цішкі Гартнага. Маладога паэта пачалі заўважаць і тут, у Маскве.
Читать дальше