Агата дзівілася і моўчкі крочыла побач, а Дэйв расказваў. Штосьці пра тое, як не проста хлопцу ўладкавацца ў вялікім горадзе, пра тое, як абрыдла ўвесь час клапаціцца пра цела, але ж яно пакуль корміць, як мала плацяць за трэнерства, асабліва ў параўнанні з мадэльным заробкам. Неўзабаве яны ўжо шпацыравалі без пэўнага кірунку і без мяхоў, ноч прынесла прыемную прахалоду і водар магноліяў. Яшчэ цягнула вострым перцам, тутэйшыя гаспадыні яго ўвесь дзень сушылі на сонцы, і камяні запомнілі водар, а цяпер аддавалі. Дэйв усё гаварыў і гаварыў, усё пра сябе ды свае нягоды, Агата слухала, але не яго, даўся ёй гэты балбатун, яна слухала сябе. Што за дзіва, хлопец відавочна пусты, дарма што такі ладны, але ж у ёй замест звыклае пагарды — цікаўнасць, нібыта няўцям ёй, што будзе далей. Не прыкмеціла, як пакрысе кірунак гутаркі змяніўся.
—… і вось я гляджу, што вы ўсё цапаецеся, думаю — гэта ж Яначка да цябе раўнуе, што ты таксама зрабілася мадэллю і ў яе цяпер хлеб адбіраеш. Не, гэта не яна, гэта мне Маса расказаў, як ты ў нашу агенцыю трапіла. Ну, думаю, не проста дзеўцы, табе, то бок, нічога не ўмееш, а сяброўка вунь якая цяпер, яшчэ на кастынгу пад каленку пхне… Хочаш, я цябе позам навучу, ну, для фотасесій?.. Гэта проста. Спярша трэба расслабіцца, ты ўся такая заціснутая, так не пойдзе.
Дэйв просіць Агату заплюшчыць вочы, расслабіцца і даверыцца яму. Агата слухае сваю начную млосць, адчувае ягоныя рукі ў сябе на плячах — ён злёгку гайдае яе, каб праверыць, ці напраўду яна расслабілася. Але ці быў у дэйваўскім сцэнары нейкі працяг, мы не ўведаем. Бо акурат у той момант, калі Агата ўжо падумала, ці не варта прачнуцца і даць драпака, на нашых галубкоў коршакам наляцела Яначка.
Пакрыўджаная, яна крыху пасядзела над салатай, але ўтрывала нядоўга, пайшла следам і хутка іх знайшла:
— Ты, ... ты мне што на даху казаў, а?
Бог над намі, конь пад намі, ты са мною, я з табою — нешта такое ён ёй на даху і казаў, калі на бетон укладваў. Не казаў — вуркатаў, не вуркатаў, а душна так у шчаку дыхаў. Разок у шчаку, а потым у патыліцу. Добра дыхаў, ажно ў Яначкі голаў кружыўся, ногі падгіналіся, цела само па бетоне расцякалася. Але ж — ну хто не ведае — колькі ў рэшаце вады ёсць, столькі ў хлопцаў праўды ёсць. Мілаваў, а цяпер на вострую Агатку прамяняў.
У Агаты ногі хуткія, у Дэйва рукі моцныя, а ў Яначкі калун. Востры калун, Дэйв сам жа і натачыў, бо дзеўкі прасілі. Хацелі ў садзе парадак навесці, там сакура засохла, акурат проці акна, тырчыць, вока коле. Агата збегла, а хлопец пачаў Яначку ўгаворваць, халяўкі смаліць, у залёты хадзіць. Але ж няма веры кату блудліваму. Яначка з цесных абдоймаў выкруцілася, стаіць, слухае, выгляд робіць, нібыта вушы развесіла. Вось ён пацалаваць яе хоча, давесці сваю палкую любоў — дык яна ж яго калуном пацалуе! Але не тут, не тут, бо ён вялікі, цяжкі, трэба бліжэй да дому. Ах, якая ў цябе, бычок мой ахвярны, шыя. Накачаная, гожая, дзе ж яе прапароць. Не цяпер, не цяпер, бо траўка мяккая, дыханне ў цябе такое гарачае, ажно шчаку паліць. Ах, як цягліцы хораша пад скурай перакочваюцца, пацеркі поту блішчаць — усё жыццё глядзела б.
Пакуль Агата з паліцыяй па вулках бегалі, каханкаў шукалі, Яначка даўно ў апартаменты вярнулася, салату дарабіла і вось сядзіць, мульцікі глядзіць. Спакойная, як слон, духмяная, што твая ружа. Толькі што з душа. Ну, што вы тут навыдумлялі, ну пасварыліся, ён сабраў рэчы ды сышоў, вось бачыш, нават торбы яго няма. Ён жа табе так не падабаўся. Сказаў, з’еду ў сваю Зеландыю. Напэўна, у аэрапорт адправіўся, сказаў — ані хвілі тут не застануся, дура гістэрычная. Так, спадар афіцэр, менавіта так і сказаў. А я што? А я нічога. Калі мужык сыходзіць — што мне, на шыю яму павесіцца? Мо, хочаце салаты? Канечне, дам усе паказанні, але і вы мне зрабіце ласку, уважце, цалюткі вечар гатавала, вось сяброўка не дасць зманіць. І табе, Агатка, пасля такіх хваляванняў падсілкавацца трэба. Я ўжо пад’ела, пакуль вас чакала. Дужа смачна. Давайце прысядзем, ноч даўгая, поўня высокая, бачыце, яшчэ ўсё абгаварыць паспеем. І ўвогуле, у мяне стрэс, вы абое павінны мне дапамагчы.
А ў салаты вочы сінія-сінія. А крэветкі ў салаце ясеневыя, моднага колеру. І бутэлечкі з прусачай атрутай пусценькія-пусценькія. Ляжыце, бутэлечкі, пачакайце, зараз яшчэ смецце будзе, шмат смецця, усё ў вялікіх чорных мяхах. Дык вы пачакайце крыху, каб мне сто разоў не хадзіць. Поўня ніжэй, калун бліжэй. Ешце, даражэнькія. Табе лытку, табе шчаку паголеную. Я не скнара, з усімі хлопцам падзялюся.
Читать дальше