Настала раніца, нічога не зьмянілася. В. зь сяброўкаю сядзела на кухні і паўшэптам пра штосьці распавядала. Мы зь Цімурам пакінулі кватэру і разышліся ў розныя бакі... і разышліся, сапраўды разышліся ўсурʼёз і надоўга. Гэта адбылося празь недаказанасьці, праз тое, што мы зусім па-рознаму займаліся літаратураю, нават нягледзячы на тое, што нас ядналі аднолькавыя літаратурныя густы і мы аднолькава былі за супраціў, аднолькава жадалі змагацца, аднолькава лічылі большасьць сучаснай літаратуры няўклюднай падробкай, аднолькава верылі ў самотнасьць творчага пачатку, верылі ў альтэрнатыву...
А потым мы з В. пабачыліся яшчэ раз, і яшчэ, і нават, нягледзячы на тое, што ў той час да В. заляцаўся нейкі хлопец і пастаянна то спрабаваў ёй пра штосьці намякнуць, то ставіў ёй у слухаўках рамантычныя песьні СПЛІНоў, мы зь ёй пачалі нашае каханьне праз тое, што я выдаткаваў неверагодную колькасьць ідэяў, рэчаў і падставаў, каб сьпярша як мага часьцей бачыцца, а потым нават паехаць у падарожжа ў Нясьвіж, дзе была зорная ноч, кювэт, белы партвэйн зь мінэралкаю, чытаньне ёй услых маіх першых казак і доўгія пацалункі, нечаканыя, гарачыя, і потым была раніца, было крыху няёмка, было ўлюбёна, было шчасьце, адбыўся пачатак, пачатак нашага каханьня.
Кастрычнік 2012
Вэнтспілс
МАРЫ Й СПАДЗЯВАНЬНІ НА БЕРАГОХ КАКТЭБЕЛЯ
1.
Шчыра кажучы, сьпярша мы з В. сумняваліся ў вартасьці паездкі. Нельга сказаць, што нас ня вабіла думка адпачынку ды зьмены краявідаў Менску на кактэбельскія, але сумнеў быў наконт самога фэстывалю, на які нас запрасілі, — VIII Міжнароднага фэстывалю літаратуры і мастацтва імя Валошына.
Калі мы зайшлі ў цягнік Менск-Феадосія, нас адразу зьбіла з ног нейкая старая жанчына, за сьпінай якой дыхаў перагарам стары муж, а ўжо за іхнымі дзьвюма сьпінамі хаваўся сынок з мутна-пʼяным позіркам і фрызурай "пад машынку, але чубчык пакінуць". Я крыху ашалеў, калі гэтая праклятая тройка ашчэрылася на нас, так бы мовіць, мы тут іхныя месцы занялі... І, каб не спрачацца, мы пайшлі са старой жанчынай да правадніцы.
Жанчына ішла бадзёра, прадчуваючы, як яна будзе зганяць са сваіх месцаў недарэчных істот: мастачку з эцюднікам і варʼята-пісьменьніка з трантамі. Але трэба было бачыць расчараваньне на ейным твары, які адлюстраваў усю сусьветную трагедыю пасьля таго, як правадніца сказала, што яны памыліліся вагонамі.
Двое мужчын, рохкаючы, пырскаючы сьлінаю, выцягнулі з-пад месцаў свае торбы і з грукатам зьніклі...
Нашаю суседкаю да Гомеля апынулася вельмі прыемная і сумленная дзяўчынка, якая ўсё падарожжа слухала плэер і набірала смс-кі, не зьвяртаючы на нас ані каліўца ўвагі...
Чыгуначныя калёсы зь мяккім шапаценьнем імчалі нас уніз, на поўдзень...
Пасьля вячэрняга прагляду "Чырвонага" з трылёгіі "Тры колеры" Кшыштафа Кісьлёўскага мы даволі мірна паснулі, і толькі двойчы нас палохалі сваімі завітаньнямі памежнікі, спачатку нашы, потым украінскія. Шчыра кажучы, праз сон яны ўсе мне падаліся шэрымі міліцыянтамі-мытнікамі-памежнікамі, зьлітымі ў адно вялікае пытаньне: "Паглядзіце на мяне, ці ёсьць пра што заявіць у дэклярацыю, пакажыце торбы, міграцыйны ліст, дзякуй".
Ранішняе сьвятло расплюшчыла вочы, а колы цягніка за ноч крыху нападдалі пад бакі, і я, нарэшце, прачнуўся памяты, але жывы, агледзеўся, пабачыў з-пад стала В., якая сядзела насупраць мяне і рабіла графічныя занатоўкі падарожжа. Я адчуў сябе зьдзейсьненай зоркай, якую ўпісваюць у мастацкую прастору чорна-белай графікі... Так мы і ехалі: я, В., графічныя занатоўкі і Павел Гюле ў выглядзе кнігі "Мэрсэдэс-Бэнц".
Калі мы нарэшце спыніліся ў Феадосіі, я ўжо добра быў знаёмы з Багумілам Граблам дзякуючы Паўлу Гюле, які, таленавіта прыгваздаўшы мяне да сваёй кнігі, не адпускаў усю дарогу.
Палова першай ночы. Толькі беларускія цягнікі могуць прыбываць на вакзалы ў чужыя і чымсьці варожыя гарады і краіны НОЧЧУ. Да таго як сысьці на зямлю, мы пасьпелі пазнаёміцца з адной даволі дзіўнай жанчынай.
З паўцемры вагона выпаўзла жаночая постаць і паведаміла нам пра тое, што яна здае пакоі на суткі. Праз трыццаць хвілін будзе прыпынак каля аўтавакзалу, яна там недалёка жыве і можа даць нам да раніцы прытулак. Жанчына падавалася крыху пʼянай, але пах ад яе быў моцны і канцэнтраваны з цыбулі і часныку. Па меры набліжэньня да прыпынку цемра вакол жанчыны згушчалася, мы цалкам ачунялі ад сну і зьбіралі свае рэчы.
Жанчына завяла размову:
— І чаму вы ў Кактэбель?
Читать дальше